Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Путешествие в глубинку: о деревне Выня Копыльского района

28.10.2024

У Выні (ці як большасць мясцовых жыхароў у гэтым спалучэнні чамусьці ўжываюць прыназоўнік «на») гэтымі днямі пануе восень. Перад Пакровамі стаялі пагодлівыя дзянькі, навокал сустракалася павуцінне. Магчыма, гэта ўжо і быў надыход бабінага лета. А вёска сапраўды стала бабінай, бо дажываюць тут свой век пераважна жанчыны. Але пра гэта пазней.

Крыху гісторыі

Як адзначаюць крыніцы, назва звязана з аднайменнай рэчкай, якая працякае на поўдзень ад населенага пункта, ці пайшла ад слова «выня» – вялікая прагаліна сярод лесу. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», вёска вядома з ХVI ст. У 1582 годзе сяло ў Капыльскім княстве, у Навагрудскім павеце і ваяводстве ВКЛ, у 1846 годзе ў маёнтку Бабоўня, уласнасць паручніка А. Наркевіча-Ёдкі. У лютым 1918 – кастрычніку 1920 года акупіравана германскімі, затым польскімі інтэрвентамі. У канцы 1920 года адкрыта школа першай ступені. З 1924 года – у складзе Бабаўнянскага сельсавета Капыльскага раёна. На пачатку 1930-х гадоў калгасы «На варце», «Новы шлях». У 1997 годзе 79 двароў, 137 жыхароў. На дадзены момант зарэгістравана 39 чалавек (большасць з якіх зімой тут не пражываюць). У пачатку вёскі ўстаноўлены крыжы ў памяць аб загінулых земляках на войнах і ахвярах розных рэпрэсій.

Так сталася, што сёння мы знаёмімся з трыма прадстаўнікамі вёскі, якія носяць адно прозвішча, – Карповіч.

Пры выкананні баявога задання...

Воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Карповіч на Выні рабіў свае першыя ўсвядомленыя крокі, спазнаваў свет у мясцовай сямігодцы. Яшчэ з дзяцінства бацькі – тата Аляксандр Мацвеевіч працаваў трактарыстам, брыгадзірам трактарнай брыгады, потым механікам, а маці Соф’я Мацвееўна рабочай у калгасе – прывівалі дзецям любоў да зямлі, навучылі выконваць сваю справу так, каб гэтым ганарыліся і суседзі, і сям’я. Спагадлівасць і дабрыня – ці ледзь не самыя прыкметныя якасці Аляксандра Аляксандравіча, якія адзначалі ўсе – ад бацькоў, родных і блізкіх да сяброў. Пасля заканчэння 11 класаў нясвіжскай школы цвёрда вырашыў, што будзе паступаць у Бакінскае ваеннае вучылішча (Азербайджан). Аляксандр пасля вучобы вольна валодаў персідскай, нямецкай і англійскай мовамі. Служыў у Баку і Тбілісі. У 1981 го-дзе быў накіраваны ў Афганістан у якасці старшага памочніка начальніка аператыўнага аддзялення ў вайсковую часць палявая пошта 44628. Прымаў удзел у падрыхтоўцы 96 авіяцыйных удараў і пяці вайсковых аперацый. На аснове праведзеных ім разведвальных мерапрыемстваў было выкрыта 37 мяцежных фарміраванняў, 12 ісламскіх камітэтаў, 9 складоў са зброяй і боепрыпасамі. Пры выкананні баявога задання ён цяжка захварэў, трапіў у Галоўны вайсковы клінічны шпіталь імя Бурдэнкі, дзе і памёр. Аляксандру тады было 36 гадоў. Такім яго запомнілі родныя і сябры. У спадчыну застаўся ордэн Чырвонай Зоркі, уручаны за мужнасць і адвагу яму, старшаму памочніку начальніка аператыўнага аддзялення воінскай часці маёру Карповічу Аляксандру Аляксандравічу. Апошні прытулак знайшоў у Беларусі: тут радзіма яго і бацькоў, пахаваны ў в. Бабоўня.

У чым сакрэт доўгажыхарства

На кветніку сёлетняй юбіляркі, 90-гадовай Марыі Пятроўны Карповіч, ва ўсю цвіце бабіна лета, радуюць вока і іншыя краскі. Жанчына – карэнная жыхарка: нарадзілася і вырасла тут. Захаваліся ў яе памяці і гады ваеннага ліхалецця, і аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Многаму навучылася ад сваёй матулі: не баяцца цяжкасцей, паспяхова іх пераадольваць, выконваць любую складаную працу. Гэтыя ж якасці перадала і сваім тром дочкам. Нягледзячы на няпросты час, вывучылася на бухгалтара, шмат гадоў працавала ў саўгасе «Бабоўня», фінансавыя задачкі рашала лепш, чым які-небудзь камп’ютар зараз.

З жалем Марыя Пятроўна ўспамінае былыя гады. Пагутарыўшы з жанчынай, усё больш разумею, што яна такая мілая, такая чулая, нават складана знайсці словы, каб гэта перадаць. На пытанне аб тым, у чым сакрэт доўгажыхарства, бабуля адказала:

– Не ведаю. Я проста многа працавала і гаравала ўсё жыццё. Пайшла на пенсію і потым яшчэ працавала.

Адразу разумееш, што гэта чалавек іншай загартоўкі. Зараз Марыя Пятроўна жыве з дачкой Галінай. Удзень жанчына завіхаецца па хатняй гаспадарцы, а па вечарах любяць з маці пасядзець, папіць чаю, паглядзець тэлевізар.

– Люблю Прэзідэнта нашага Лукашэнку слухаць, – прадаўжае бабуля. – Ён пра нас, старых, клапоціцца. У мяне доб-рая пенсія, усяго хапае. Я колькі жыла, столькі грошай не мела. Раней рубельчыка лішняга не было.

– Дык як жа пражыць столькі гадоў, Марыя Пятроўна?

– Маліцца! Кожную справу пачынаць толькі з малітвы. Не злаваць, любіць людзей і працаваць.

На святы і ў выхадныя да іх прыязджаюць родзічы. Абапіраючыся на кійкі, ветэран працы любіць выйсці на вуліцу, сесці на лаўку і назіраць за тым, як кіпіць работа на ўчастку. Колькі дзён ці тыдняў і ўцякуць яны з роднай хаты на зімовую кватэру ў Мінск у чаканні новай вясны.

У горад не збіраецца

І яшчэ адна Марыя Карповіч, праўда, Ільінічна, жыве на Выні ўжо больш за 80 гадоў.

Таксама з маленства прывучана да сялянскай працы. Нават дом са сваёй матуляй перабудоўвала.

Жыццё аддала працы ветэрынарным фельчарам на мясцовай ферме. А працавалася лягчэй, таму што побач была каманда аднадумцаў, якія ніколі не пакідалі ў бядзе, выручалі адзін аднаго. Спраўлялася жанчына і з асабістай гаспадаркай, якая была немалая.

Адной зямлі апрацоўвалі дзесьці каля гектара.

– Цяперашняе пакаленне нават уявіць не зможа, што мы вынеслі, – гаворыць Марыя Ільінічна. – Вельмі цаню сённяшняе жыццё і вучу гэтаму дзяцей і ўнукаў. Гляджу тэлевізар і бачу, як улада разам з Прэзідэнтам нашай краіны дбаюць пра людзей, як змагаюцца за тое, каб на зямлі быў мір.

Пераязджаць на зімоўку кудысьці ў горад жанчына не збіраецца. Вядома ж, у дом праведзена электраацяпленне – толькі націсні кнопку. Ёсць у хаце і вада. Прадукты без праблем два разы на ты-дзень даставіць аўтамагазін, у выхадныя абавязкова прыедзе хто-небудзь з дваіх сыноў. А калі збяруцца разам яшчэ і чацвёра ўнукаў і васьмёра праўнукаў, то бабулі становіцца вельмі весела. Догляд за прысядзібным участкам і агародам – справа сыноў з нявесткамі, ды сама Ільінічна яшчэ не супраць па меры магчымаці ў зямельцы пакорпацца.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/34933-puteshestvie-v-glubinku-o-derevne-vynya-kopylskogo-rajona#sigProIdcfb0966778
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей