Капыльскія выратавальнікі робяць акцэнт на інфармаванне насельніцтва аб неабходнасці выканання патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА).
Пры правядзенні чарговага рэйду супрацоўнікі Капыльскага РАНС сумесна з карэспандэнтам «СП» на тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета звярталі ўвагу на праверку супрацьпажарнага стану домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Як падкрэслілі выратавальнікі, такія групы людзей знаходзяцца ў зоне асабліва павышанай рызыкі.
– Мы хочам нагадаць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасць за захаванне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці, ускладзена на іх уласнікаў, – расказаў старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Капыльскага РАНС Мікалай Кір’яцкі.
Падчас правядзення прафілактычнага рэйду ўсім грамадзянам, якіх наведвалі, былі раздадзены прафілактычныя лістоўкі аб правілах пажарнай бяспекі, дадзены вусныя рэкамендацыі па правільнай эксплуатацыі печаў. Выратавальнікі правялі абследаванне супрацьпажарнага стану пячнога ацяплення домаўладанняў, агледзелі стан комінаў у межах паддашкавых памяшканняў, наяўнасць расколін у карпусах печаў, бо менавіта печ з’яўляецца крыніцай большасці пажараў у зімовы перыяд. Прадстаўнікі РАНС кажуць: пажар справа такая – лягчэй папярэдзіць, чым прадухіліць. Дбайнымі гаспадарамі па захаванні пажарнай бяспекі названы бабаўнянцы Леаніда Насевіч, Віталь Вейнік, Галіна Язвінская, Юрый Крукоўскі, а Вольга Жураўская была асабліва адзначана за наяўнасць у доме трох апавяшчальнікаў.
– Пры абследаванні домаўладанняў грамадзян мы выявілі і шэраг парушэнняў. З асноўных пытанняў: знаходжанне АПА ў няспраўным стане, неабходнасць замены іх элементаў сілкавання, пабелка комінаў, няправільнае размяшчэнне вогнеўстойлівых лістоў перад печчу і г.д. Дамы з выяўленымі парушэннямі будуць трымацца на кантролі, – падкрэсліў начальнік службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання РАНС Дзмітрый Макарэвіч і дадаў: – Мы заклікаем вас выконваць правілы пажарнай бяспекі: утрымлівайце ў спраўным стане пячное ацяпленне, не перагружайце электрасетку. Настойліва раім надаць увагу сваім сваякам, асабліва тым, хто з прычыны ўзросту або фізічных асаблівасцей не ў стане паклапаціцца пра ўласную бяспеку. Па магчымасці стварыце камфортныя і бяспечныя ўмовы для іх пражывання ці забярыце ў свае сем’і. Варта нагадаць, што пры наяўнасці пячнога ацяплення неабходна ўвесь час падтрымліваць яго ў спраўным стане: комін павінен быць пабелены і атынкаваны, не павінна быць ніякіх расколін і адтулін, павінен быць прыбіты ліст з негаручых матэрыялаў памерам 50х70 см, доўгім бокам да печы.
Комментарии