У ААТ «Скабін» з гэтым згодны на ўсе сто працэнтаў і дадаюць, што добры работнік – сыты работнік. У сельгас-таварыстве загадзя прадумваюць алгарытм ахопу механізатараў гарачым харчаваннем, каб падчас правядзення непасрэдна вызначаных работ не было збояў. Пры гэтым улічваюць, што карміць патрэбна сытна, смачна, з захаваннем санітарных патрабаванняў.
У гаспадарцы для забеспячэння харчаваннем работнікаў падчас пасяўной, уборачнай і іншых кампаній арандуецца сталовая ў ААТ «Піянер-Агра» ў аг. Мажа. Для таго, каб аператыўна развезці ежу, задзейнічаны два аўтамабілі, з кожным на палеткі выязджае кухонны работнік-раздатчык. І справа гэта зусім не лёгкая, як можа падацца, бо трэба разлічыць час ад’езду ад сталовай, адлегласць да месца працы кожнага механізатара і колькасць такіх кропак прыпынку. Таму «сталовая на колах» адпраўляецца ў дарогу прыблізна ў 11.30 і заканчвае сваю работу дзесьці ў 15.00.
Двойчы ў дзень падчас гарачай пары так званая «буханка» аб’язджае палеткі. І адным сваім з’яўленнем выдатна ўзнімае настрой вясковым працаўнікам. Бо днём аўто вязе абед, а пазней – вячэру ўсім, хто працуе ў полі. Пэўнага прыпынку ў маршруце няма, вадзіцель спыняецца там, дзе кіпіць праца, дзе найбольшая колькасць тэхнікі, а значыць, і хлебаробаў.
Механізатары збіраюцца ля «сталовай на колах» вельмі хутка: да гэтага часу ўсе паспелі прагаладацца. З задавальненнем паціраюць рукі ў прадчуванні адпачынку і смачнага абеду і непадробна цікавяцца: што прапануюць паесці сёння? Але ж перад тым абвязкова мыюць рукі з мылам і насуха выціраюць ручніком.
– Нараканняў на харчаванне няма, усё вельмі смачна, – ва ўнісон адказваюць на пытанне аб якасці абедаў працаўнікі ААТ «Скабін». – Меню разнастайнае: кожны дзень прапануюць новыя стравы. Дзякуй паварам. Порцыі вялікія. Але, калі камусьці захочацца дабаўкі, праблем не ўзнікае.
Да прыходу хлебаробаў да машыны з абедамі звычайна ўжо гатовы стол – невялікі раскладны, але за ім зручна можна паесці, і крэслы (дарэчы, такі камплект маецца і на другой раздатачнай машыне). Хоць часцей за ўсё камбайнеры і вадзіцелі абедаюць стоячы: пасля многіх гадзін за рулём хочацца ногі хоць крыху размяць. А ў гарачы час жніва, калі важная кожная хвіліна, і ўвогуле просяць не губ-ляць час на зборку палявой мэблі, а перакусваюць у паходных умовах.
– Лепш за любыя словы пра якасць і смак ежы кажуць пустыя талеркі, а так часцей за ўсё ў нас і выходзіць, – расказвае раздатчыца Ганна Шыбайла. – Працуюць людзі цяжка, а таму і аддаюць перавагу той ежы, што насычае і дае сілы. Самае любімае – катлеты, каўбаска, гуляш, баршчы.
Усе выдаткі на набыццё абедаў і вячэр узяло на сябе сельгаспрадпрыемства. Так, кошт двухразовага харчавання за дзень у сярэднім складае 4-5 рублёў з улікам мінеральнай вады.
Сяргей КОЗЕЛ. Фота аўтара
Комментарии