Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Старицкие хлеборобы набирают темпы на жатве

26.07.2024

Убраць ураджай своечасова і без страт – такую задачу сёлета, як і заўсёды, паставілі перад сабой кіраўніцтва і працаўнікі ААТ «Старыца-Агра».

Тут ужо завяршылі ўборку азімага ячменю і рапсу, якія займалі адпаведна 400 і 575 гектараў.

Работы вядуцца з раніцы і да змяркання, механізатары разумеюць, што дапусціць недабору ўраджаю нельга. Якасна сабраць вырашчанае – значыць пасадзейнічаць паляпшэнню фінансава-эканамічнага стану гаспадаркі, дабрабыту яе працаўнікоў.

Як адзначыў намеснік дырэктара ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Патоцкі, сёлетняе надвор’е ўнесла свае карэктывы: уборачную распачалі раней, чым звычайна, але да гэтай адказнай кампаніі падрыхтаваліся. Як толькі падаспела зерне азімага ячменю, на палеткі выйшла большасць камбайнаў. На жаль, спякота не ўсюды дазволіла наліцца коласу, але і тое, што вырасла, тут збіраюць да кожнага зярняці. Лепшыя палі азімага ячменю давалі на круг больш чым па 50 ц. Наступным аб’ектам жніва быў азімы рапс, які з-за спякотнага надвор’я паспявае нераўнамерна, таму даводзілася пераганяць тэхніку з месца на месца. Дарэчы, з-за аддаленасці збожжавых палеткаў ад цэнтра сядзібы ў гаспадарцы практыкуюць начоўку тэхнікі на полі пад вартай ці ў бліжэйшым машынна-трактарным парку. Ура-джайнасць рапсу склала 46,8 ц/га.

Увесь сабраны ўраджай дастаўляецца на сушыльную гаспадарку. Калі зверху не пакапае дожджык, то зерне практычна сухое, застаецца яго толькі ачысціць ад смецця і прымесей. Ячмень засыпаюць у засекі, рапс рэалізоўвалі па дзяржзаказе і для сваіх мэт. Трэба сказаць, што на ачышчальна-сушыльным комплексе гаспадаркі, за бесперабойную работу якога адказвае Раман Уткін, робяць усё магчымае, каб зерне было якасна дапрацавана.

Усяго на ўборачных работах, а цяпер гэта яравы ячмень, здробненыя жыта ці трыцікале (на корм), задзейнічана 13 камбайнаў, і да кожнага з іх прыстаўлена машына на адвозцы. Па словах намесніка дырэктара, такой колькасці тэхнікі дастаткова, каб уборачны канвеер не прыпыняўся ні на хвіліну.

Старанна працуюць на жніве старыцкія хлебаробы. Усе ўдзельнікі гарачай пары імкнуцца ўнесці свой уклад у агульны хлебны каравай. Задаволена працай механізатараў, занятых на жніве, кіраўніцтва гаспадаркі. Нікога не трэба ні падганяць, ні лішні раз кантраляваць.

Несумненна, падчас уборачнай кампаніі найбольшая адказнасць кладзецца на плечы камбайнераў. Механізатарскае звяно, а ў большасці сваёй гэта людзі, за плячамі якіх не адна ўборачная, адносяцца да правядзення работ з асаблівай адказнасцю. Не лічацца з уласным часам, разумеюць, што ўбраць вырашчанае трэба максімальна хутка, не дапусціць страт ураджаю.

І вось зноў сустракаем знаёмага. У ліку лідараў на жніве не першы год Віктар Дарашэвіч: спецыяліст ён вопытны і адказны. У гаспадарцы больш за 30 гадоў. За гэты час праз яго рукі прайшлі сотні тон намалочанага залацістага зерня. Ён прадаўжае хлебаробскую дынастыю Дарашэвічаў: бацька працаваў механізатарам, брат займаецца гэтай справай зараз. Без Віктара Міхайлавіча, можна сказаць, не абыходзіцца ў гаспадарцы ніводзін від работ. Ён рыхтуе глебу, уносіць угнаенні, займаецца пасадкай і доглядам бульбы, летам садзіцца за штурвал збожжаўборачнага камбайна.

Старанна працуюць на жніве Сяргей Рыбак, Уладзімір Васілеўскі, Сяргей Ліннік, Яўген Сасіновіч, Анатоль Мысліцкі і многія іншыя.

Для працаўнікоў арганізавана гарачае двухразовае харчаванне, амаль уся прадукцыя свая. Ды і каштуе ежа танна, а сам механізатар плаціць 20% ад кошту, астатняе — гаспадарка. На полі каля кожнага звяна стаіць спецыяльная тэхніка, якая пры неабходнасці зможа затушыць пажар.

Паралельна займаюцца і прасаваннем саломы. Працуюць восем прэсаў, у іх ліку два імпартныя. Адначасова два звяны звозяць салому з палёў.

На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на палетках гул камбайнаў і грузавых машын, амаль круглыя суткі круцяцца механізмы і агрэгаты сушыльнай гаспадаркі – уборачны канвеер з кожным днём набірае абароты.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/34019-staritskie-khleboroby-nabirayut-tempy-na-zhatve#sigProIdd86cbc2a60
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей