Мэта і задача міліцыі – не перашкаджаючы працэсу ўборкі, гарантаваць бяспеку і парадак на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу і зрабіць усё неабходнае для захавання ўраджаю.
Пытанні правядзення ўборачнай кампаніі і захавання ўраджаю датычацца не толькі аграрыяў, але і праваахоўнікаў. Як адзначыў начальнік групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Капыльскага РАУС Ілля Браўко, гарачая пара для іх такая ж адказная, як і для сельгасработнікаў.
Мабільныя рэйдавыя групы, у склад якіх уваходзяць участковыя інспектары, супрацоўнікі АДАІ, крымінальнага вышуку і групы БЭЗ райаддзела міліцыі (бывае, што на дапамогу прыходзяць калегі з іншых раёнаў вобласці), спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райаграсэрвісу сумесна з кіраўніцтвам гаспадарак правяраюць спраўнасць сельгастэхнікі, укамплектаванасць машынна-трактарнага парка, захаванасць матэрыяльных каштоўнасцей.
Міліцыянеры падчас рэйдаў у першую чаргу звяртаюць увагу на фізічны стан сельгасработнікаў – п’яных на ўборачнай быць не павінна. Яны – у асноўным супрацоўнікі вопытныя: ад іх цяжка схаваць погляд, які бегае, або пах алкаголю. Як правіла, людзі не чакаюць выкрыцця і ва ўсім шчыра прызнаюцца: вінаваты, маўляў, нячысцік паблытаў. Хаця з году ў год нядобрасумленных работнікаў становіцца ўсё менш дзякуючы дакладна пастаўленай рабоце праваахоўнікаў і кіраўніцтва сельгасарганізацый, а таксама бескампраміснай сістэме пакарання рублём.
– У кожнага свая работа, аднак усе мы нацэлены на адзін вынік: правесці сельгасработы ва ўстаноўленыя тэрміны і без страт, – адзначыў Ілля Аляксандравіч. – Таму ў гаспадарках да нашых візітаў ставяцца з разуменнем – мы ж дапамагаем і падказваем, на што звярнуць увагу. Плюс да ўсяго рэйдавыя праверкі адыгрываюць ролю вызначанага стрымліваючага фактара: чалавек дзесяць разоў падумае, ці варта дапускаць нават малаважныя парушэнні.
На тэрыторыі прадпрыемстваў АПК міліцыянеры заходзяць на мех-двары, глядзяць асветленасць тэрыторый, звяртаюць увагу на ўстаноўку камер відэаназірання. Выяўленыя недахопы накіроўваюць кіраўніку ў выглядзе прадстаўлення. Усе мінусы ўхіляюць у самыя кароткія тэрміны.
Прадстаўнікам рэдакцыі ўдалося пабываць у адной з рэйдавых брыгад, якая днямі праводзіла маніторынг ААТ «Ціміразеўскі».
– Не павінна быць толькі канстатацыі праблемы, трэба шукаць шляхі іх вырашэння, – расказвае пра патрабаванні, якія існуюць, оперупаўнаважаны АБЭЗ Жодзінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Мікіта Кашэўскі. – Умоўна кажучы, трэба, напрыклад, прапісаць – адрамантаваць камбайн або залатаць дзіркі ў агароджы і гэтак далей. Пераправяраем і робім пэўныя вывады, ці разумеюць на месцах нашу заклапочанасць. Калі ацэньваць сітуацыю ў цэлым па раёне, праблемы ёсць, але яны вырашальныя. Ёсць перадавыя прадпрыемствы, і, на жаль, ёсць і адстаючыя. Але работа наладжана так, што больш моцная гаспадарка дапамагае больш слабай. Усе разумеюць, якія задачы перад імі стаяць, і працуюць на вынік.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Галко правёў праваахоўнікаў па мехдвары і адказаў на ўсе пытанні. Тыя засталіся цалкам задаволены. Інспектары ДАІ адзначылі, што па выніках праверкі гаспадарка экзамен вытрымала і асабіста ў іх асаблівых прэтэнзій да яе няма.
– Калі б усе гаспадаркі былі такія, як гэта, было б нядрэнна, – ахарактарызаваў абстаноўку прадстаўнік райаграсэрвісу Дзмітрый Суркоў. – Працэнт тэхнікі, якая рамантуецца, невялікі. Асноўная ж, і мы гэта бачылі, працуе на полі. Кіраўнік гаспадаркі вопытны, галоўны аграном – таксама. Яны не лунаюць у аблоках, клапоцяцца пра людзей і маюць добры вынік.
Супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС пракантралявалі надзейнасць захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на аб’ектах АПК, правялі прафілактыку крадзяжоў, праверку арганізацыі вартавой аховы. Такі жорсткі кантроль, па сутнасці, ажыццяўляецца падчас уборачнай заўсёды.
Як адзначылі супрацоўнікі міліцыі, асноўныя парушэнні ўвогуле па раёне датычацца асвятляльных прыбораў. Апошняе часта застаецца без належнай увагі, дзесьці на гэта закрываюць вочы. А потым здараюцца аварыі. Тэхніка з палеткаў вяртаецца звычайна ў прыцемках, калі на дарогах, асабліва прасёлачных, нічога не відаць. Дзесьці тэхніка выходзіць на лінію без тэхагляду, што таксама з’яўляецца грубым парушэннем.
Фота аўтара
Комментарии