З такімі метамарфозамі сутыкнулася жыхарка дома № 5 па вуліцы Слуцкай у аграгарадку Семежава Вольга Касач. Убачыўшы ранішнюю карціну, спалоханая жанчына адразу ж пачала шукаць паратунку. Для атрымання дапамогі вырашыла звярнуцца да сацыяльных сетак раённай газеты «Слава працы», размясціўшы ў яе чаце сваё відэа і паведамленне.
Рэдакцыя адрэагавала на зварот і звярнулася ў неабходныя службы. Вядома ж, адразу звязаліся з начальнікам цэха водазабеспячэння і водаадвядзення Капыльскага раёна КУП «Слуцкводаканал» Юрыем Канончыкам і выехалі на месца.
На станцыі абезжалезвання ў аг. Семежава і ў гаспадыні кватэры ўзята вада на аналіз. Забягаючы наперад, адзначу, што пасля лабараторных даследаванняў прысутнасць жалеза знаходзіцца на ўзроўні 0,13 мг/л пры норме 0,3 мг/л, нітраты адсутнічаюць. Пабываўшы ў жылым памяшканні, даведаліся, што апошнім часам такіх праблем у заяўніцы не ўзнікае.
– Вада ў Семежаве звычайна не выклікае праблем, у большасці сваёй чыстая і празрыстая, ніколі няма нараканняў на станцыю абезжалезвання, – пацвярджае старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна. – Нязначнае ўскаламучванне назіралася і раней, калі адключалася электраэнергія і помпы працавалі з перабоямі. Так адбылося, як гавораць вяскоўцы, і ў апошні раз, калі бушавала вялікая навальніца. Таму некалькі гадзін, а ў некаторых выпадках і дзён, вада заставалася мутнай.
Аднак пытанне патрабуе больш дэталёвага вывучэння. каб хутчэй пазбавіцца ад праблемы, спецыялісты прапануюць даўжэй зліваць брудную ваду. Са свайго боку водаканал на станцыі абезжалезвання праводзіць пастаянную чыстку дэталей, заменены трубы да шматкватэрных дамоў у Семежаве. Аднак вывучэння патрабуюць камунікацыі ўнутры гэтых дамоў, якім ужо гадоў пад 40…
Фота аўтара
Комментарии