Восенню 1981 года члены клуба «Памяць» СШ № 2 г. Капыля пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ларысы Мікалаеўны Нікалаевай атрымалі ліст ад былога сяржанта 255-га артылерыйскага палка, які вызваляў Капыль, Уладзіміра Апанасавіча Усціменкі. Ён быў не толькі сведкам, але і ўдзельнікам тых ваенных падзей. «Хочацца, каб вы, дарагія рабяты, ведалі праўду пра салдат і афіцэраў, што вызваляючы Радзіму, палеглі ў вашу капыльскую зямлю», – напісаў вызваліцель.
Гэтыя словы і сёння гучаць як напамінак.
Крыху гісторыі
Пачатак ліпеня ў тым самым 44-м выдаўся цёплым і сонечным. Быў разгар лета і… разгар баёў за Беларусь. Наступленне войск конна-механізаванай групы пад камандаваннем І.Н. Пліева прымусіла ворага спешна пакідаць капыльскую зямлю. 1 ліпеня ў Капыль увайшлі часці Чырвонай Арміі. Аднак у раёне нашага гарадка і блізляжачых вёсак усё ж такі прарваліся нямецкія штурмавікі. Яны бамбілі і абстрэльвалі савецкіх салдат. Тады ж ва паўднёва-ўсходняй частцы Капыля (зараз гэта вуліца Заазёрная) каля дома № 7 адбыўся крывавы бой. Першы гарматны разлік 1-й батарэі 225-га зенітна-артылерыйскага палка пад камандаваннем Ф.П Іванова павёў бой з чацвёркай нямецкіх сцярвятнікаў і не даў ёй магчымасці скінуць бомбы на астатнія гарматы. Але іх скінула новая чацвёрка самалётаў на першую страляючую машыну і гармату. Увесь разлік, акрамя Усціменкі, які атрымаў цяжкія раненні, загінуў.
З самага пачатку
У занальным дзяржархіве ў г. Слуцку знаходзяцца дакументы Капыльскага райвыканкама за 1944–1998 гг. Па матэрыялах пасяджэнняў выканкама можна скласці пералік дакументаў, якія змяшчаюць звесткі аб ахове помнікаў у Капыльскім раёне. Так, 1 лістапада 1948 года было прынята рашэнне «Аб добраўпарадкаванні магіл воінаў Савецкай Арміі і мірнага насельніцтва, якое загінула ў гады вайны на тэрыторыі Капыльскага раёна». Сюды ж у 1949 годзе перапахавалі і зенітчыкаў, якія загінулі 1 ліпеня 1944 года. На брацкай магіле стаяў звычайны помнік, на якім было пералічана некалькі імёнаў. А 10 ліпеня 1959-га райвыканкам прыняў рашэнне «Аб будаўніцтве помнікаў воінам і партызанам, якія загінулі ў гады вайны». І ўжо 3 кастрычніка 1959 года прынята рашэнне «Аб
добраўпарадкаванні месца пахавання воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на скрыжаванні дарог Капыль – Доктаравічы– Цімкавічы – Грозава (каля будынка ДЭУ-124)». У тым жа 1959 годзе над брацкай магілай устанавілі скульптуру воіна. У ліпені 1965 года на помніку значылася толькі 10 прозвішчаў, у той час, як там былі пахаваны 32 воіны. Аб гэтым піша ў газеце «Слава працы» вядомы краязнаўца, былы дырэктар СШ № 2 г. Капыля Барыс Багдановіч.
Сёння, згодна з Пашпартам воінскага пахавання, там, у брацкай магіле, спачываюць 40 герояў, імёны шасцярых з іх невядомы. Яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя на двары СШ № 1 г. Капыля (гімназія) было пахавана шэсць воінаў, якія загінулі менавіта на вуліцы М. Горкага. «Тут на часовым помніку былі прозвішчы загінулых (піша Барыс Багдановіч у «СП» за 3 ліпеня 1965 года). У свой час наш зямляк Сцяпан Аляксандровіч перапісаў імёны з помніка… Так сталі вядомы прозвішчы пахаваных. Вось яны: капітан Іван Іванавіч Пукін, лейтэнант Рыгор Ісаевіч Тульчынскі, старшына Спірын, малодшы сяржант Абушка, чырвонаармеец Дзясяткаў і адзін невядомы салдат…
Нядаўна вучаніца Тамара Татарынчык выявіла па вуліцы Савецкай магілу трох невядомых воінаў». Больш падрабязна пра другое названае пахаванне мы даведваемся зноў-такі з допіса Багдановіча за той жа 1965 год: «1 ліпеня 1944 года праз Капыль рухаліся савецкія войскі. Яны імкнуліся вырвацца да чыгункі Мінск–Баранавічы і перасекчы яе. Нечакана наляцелі фашысцкія сцярвятнікі. Пачалася бамбёжка. У час яе на Савецкай вуліцы было забіта трое байцоў. В. Шпакоўская, П. Машына, Ц. Ліннік, А. Ку-
рыльчык пахавалі загінулых воінаў на гэтай жа вуліцы супраць дома № 66. Доўгі час магіла невядомых салдат знаходзілася ў доглядзе. На ёй штогод высаджвалі кветкі. Але як толькі занядужылі тыя, хто пахаваў загінулых вызваліцеляў нашага райцэнтра і даглядаў іх магілу, больш на яе ніхто не стаў звяртаць увагі. Вучні капыльскай сярэд- няй школы № 1 выявілі гэта і вырашылі даглядаць магілу, пасадзіць на ёй кветкі». Пазней астанкі і гэтых салдат былі перанесены ў брацкую магілу на скрыжаванні. Апошні раз помнік быў рэканструяваны ў 1985 годзе тагачасным архітэктарам горада.
Сувязь праз час і адлегласць
Капыляне свята захоўваюць памяць пра сваіх вызваліцеляў. Шмат матэрыялу змешчана ў раённым краязнаўчым музеі. Вялікую працу ў свой час правялі і вучні другой гарадской школы, пры якой існаваў клуб «Пошук». Займаліся пошукавай дзейнасцю вучні пад кіраўніцтвам тагачаснай настаўніцы гісторыі Ларысы Нікалаевай. Не аднойчы школа станавілася ініцыятарам і месцам сустрэчы са сваякамі загінулых салдат. Некалькі разоў у 1969-м, 85-м і 86-м гадах у наш гарадок з Масквы прыязджалі Ганна Іванаўна Краснабаева і яе дачка Валянціна, чый муж і тата назаўсёды застаўся ляжаць у капыльскай зямлі.
Пакланіцца памяці свайго мужа ў 1980 годзе прыязджала і жонка другога героя – Шэўчук З.І. У 1989 годзе ўпершыню завітала ў Капыль сястра загінулага Іванова Савінава В.П. з сынам Анатолем. А ў 2014 годзе прыязджаў падзякаваць за памяць капыльскай
зямлі другі пляменнік загінулага капітана Іванова – Павел Сяргеевіч Савінаў. Яны з жонкай прывезлі зямлю з роднай вёскі Каменкі.
З Астрахані на магілу да брата малодшага сяржанта С. Маёрава прыязджала сястра. У тыя ж 80-я гады з Горлаўкі, што знаходзіцца на шматпакутным Данбасе, наведалася сястра Сяргея Лагуса Ботнар Вольга Піліпаўна з дачкой Валянцінай.
Тады адбылася сустрэча з членамі клуба «Пошук», педагогамі школы і аднапалчанамі Уладзімірам Усціменкам і Ісаакам Шустэрам.
Большасць звестак пра тое, як вызвалялі Капыль, у свой час вучні даведаліся менавіта ад удзельніка боя, былога сяржанта 255-га зенітна-артылерыйскага палка Уладзіміра Апанасавіча Усціменкі, які быў частым госцем у Капылі і
падтрымліваў цесную сувязь з юнымі пашукоўцамі.
Комментарии