Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Фронтовые письма - строки, в которых живет душа солдата

02.07.2024

Пажоўклыя салдацкія трохкутнікі… Кожны з іх – гэта дарагая рэліквія, памяць пра чалавека, які напісаў пісьмо, паколькі душа салдата жыла ў гэтых сціплых лістах. Пісьмы з фронту сталі жывой гісторыяй усіх баёў і падзей, якія адбываліся ў той грозны час. Яны каштоўныя яшчэ і тым, што раскрываюць душу і характар нашых землякоў, на долю якіх выпалі страшныя выпрабаванні.

У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі распачала работу выстава пад назвай «Салдацкія трохкутнікі» (з прыватнай калекцыі Ірыны Івашуцінай-Дземідовіч). У дэманстрацыйных шафах размешчаны пажоўклыя аркушы паперы, якія, здаецца, да гэтай пары пахнуць порахам. Чытаеш радкі і нібы чуеш натужлівае гудзенне варожых самалётаў, завыванне і разрывы снарадаў, скрыгат танкаў… Побач у вітрыне – паштоўкі ваеннага часу, фотаздымкі, малюнкі, розныя дакументы.

Усё гэта – памяць пра нашага земляка, ураджэнца Грозава Мікалая Трэгубава, жыццё якога абарвалася ў далёкім 45-м, на чужбіне. Да Вялікай Перамогі заставалася крыху больш за тры месяцы. А юнаку было толькі васямнаццаць… Але нездарма кажуць, што чалавек жывы, пакуль жыве памяць пра яго. Гэтыя словы і пра Мікалая, паколькі яго родныя і блізкія, якіх ён вельмі любіў, трапятліва зберагалі ўсё, што звязана з героем. У тым ліку і франтавыя пісьмы, тыя самыя салдацкія трохкутнікі, якіх засталося каля трох дзясяткаў. Цяпер галоўнай захавальніцай памяці свайго дзядзькі стала Ірына Жанаўна, якая і прапанавала дарагія яе сэрцу рэчы краязнаўчаму музею.

Дзяцінства Мікалая прайшло ў Грозаве. Як сям’я настаўніка яны атрымалі пакой у мясцовай школе. Бацька вучыў дзяцей валодаць рознымі інструментамі – сам быў выдатным сталяром, маці была прыбіральшчыцай. Коля рана навучыўся чытаць, у школу яго ўзялі яшчэ ў шасцігадовым узросце. Вучыўся вельмі добра, быў надзейным сябрам і завадатарам розных спраў. Як і многія яго равеснікі, стаў піянерам, а пазней яго нават накіравалі важатым у 3 клас.

Але яго інтарэсы не абмяжоўваліся толькі вучобай і грамадскімі справамі. Гэта быў надзвычай таленавіты, багата адораны хлопец. Захапляўся музыкай: добра іграў на гармоніку, струнных інструментах і нават на раялі. Быў пастаянным удзельнікам аглядаў і конкурсаў мастацкай самадзейнасці. У школьнай майстэрні разам з равеснікамі вырабляў зброю з дрэва для ўдзелу ў ваенна-спартыўных гульнях. Але больш за ўсё любіў маляваць – алоўкам, фарбамі… Перад самай вайной яго малюнкі дэманстраваліся на выставе ў Мінску, і Мікалай стаў адным з прызёраў. Як і ўсе яго равеснікі, строіў планы на будучае, марыў паступіць у політэхнічны інстытут. Але ўсе спадзяванні перакрэсліла вайна.

У першыя дні варожай акупацыі юнаку давялося бачыць усе яе жахі. На вачах фашыстамі былі забіты ваеннапалонныя, пасля гэтага, як расказвала пазней яго маці Кацярына Васільеўна, Коля змяніўся. Заўсёды вясёлы і адкрыты, ён замкнуўся, нібы абдумваў вельмі важнае для сябе рашэнне. А потым пачаў недзе знікаць на цэлыя дні. Як потым аказалася, 16-гадовы хлопец збіраў зброю, якой багата засталося пасля адступлення войскаў Чырвонай Арміі, і хаваў у на-дзейнае месца. У 1942 годзе, калі ў іх мясцовасці пачалі дзейнічаць партызанскія атрады, Коля перадаў партызанам усю сабраную зброю і боепрыпасы, а сам стаў сувязным. У Грозаве і іншых вёсках распаўсюджваў лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабываў важныя звесткі пра месца знаходжання ворагаў, з дапамогай мясцовага аптэкара Аляксеева даставаў лекі і перавязачны матэрыял.

Летам 1943 года ён і сам прыйшоў у атрад імя 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі брыгады імя Ракасоўскага, стаў кулямётчыкам. Удзельнічаў у разгромах варожых гарнізонаў, засадах, знішчэнні нямецкіх эшалонаў і тэлефоннай сувязі, хадзіў у разведку… У атрадзе юны партызан стаў камсамольцам.
Юнаку вельмі хацелася наведацца да сваіх родных. І двойчы яму гэта ўдалося. Рызыкуючы жыццём, Коля прабіраўся праз зараснікі, сядзеў у хмызняку і чакаў ночы, каб пастукаць у дарагое акенца. З вялікай радасцю і слязьмі на вачах сустракала яго матуля. Хуценька збірала на стол, прыводзіла ў парадак яго адзенне, і сам хлопец мог хаця б крыху абмыцца ад бруду і поту. Гэта былі вельмі дарагія хвіліны.

Калі ў 1944 годзе Беларусь была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў, Мікалай Трэгубаў дабраахвотнікам пайшоў на фронт, каб знішчыць ворага ў яго бярлозе. Як ён пісаў у адным са сваіх пісьмаў: «Трэба дабіць звера, каб у будучым больш не было вайны. Закончым вайну, зажывём і ўсё будзе цудоўна». А перад гэтым наш зямляк прымаў удзел у партызанскім парадзе, які адбыўся 16 ліпеня на полі былога іпадрома ў Мінску і доўжыўся некалькі гадзін. У ім удзельнічалі 30 партызанскіх брыгад Мінскай вобласці. Гэта падзея для Колі была вельмі яркай і запамінальнай, У адным са сваіх лістоў, з якім можна таксама пазнаёміцца на выставе, ён падрабязна дзеліцца ўражаннямі са сваімі блізкімі.

У Чырвонай Арміі Трэгубаў камандаваў кулямётным разлікам, яму было прысвоена званне «старшы сяржант». У адным з баёў атрымаў раненне, лячыўся ў палявым шпіталі. Быў удастоены медаля «За адвагу». Пасля выздараўлення вярнуўся ў сваю часць, каб прадоўжыць змагацца з ненавісным ворагам. Дамоў стараўся пісаць часта, бо ведаў, што вестачкі з фронта вельмі чакаюць у Грозаве. І сам з вялікай радасцю чытаў радкі, напісаныя роднаю рукою: «Як радасна забілася маё маладое сэрца, калі я ўбачыў паштоўку, дасланую мне. Я адразу пазнаў почырк маёй сястрыцы. Са слязьмі радасці на вачах я ўзяў паштоўку ў рукі і пацалаваў. Прачытаў яе шэсць разоў…»

Малады кулямётчык адважна змагаўся з ворагам, але думкі часта вярталі яго на родную старонку. Лісты да блізкіх прасякнуты клопатам пра дарагіх людзей, якім таксама было няпроста ў гэтыя суровыя часы. Пасля абавязковых прывітанняў усім знаёмым, Мікалай піша: «У асноўным я думаю пра вас. Як вы там жывяце? Як ваша здароўе? Ці ёсць у вас прадукты?» Звяртаецца да сястры Валі: «Дапамагай у рабоце маме і ўгаворвай яе, каб не гаравала. Няхай беражэ сябе». А самой матулі піша: «Папрасі старшыню або брыгадзіра, каб табе давалі работу па тваёй сіле. Беражы сябе. Табе яшчэ трэба жыць. Я разумею, што табе цяжка жыць без бацькі (Пётр Майсевіч быў мабілізаваны на фронт восенню 1944 года і загінуў у Прусіі – Аўт.) Не забывай – Чырвоная Армія змагаецца за савецкую Радзіму, як і я». Цікавіцца юнак і падзеямі, якія адбываюцца ў роднай вёсцы: «Напішыце пра новае жыццё Грозава. Што там ужо пастроена? Якія культурныя мерапрыемствы праходзяць…» Вельмі хацелася Мікалаю мець на памяць якую-небудзь рэч, якая нагадвала б яму пра родны дом. Па яго просьбе сястрычка Валянціна вышыла насоўкі з ініцыяламі. Першая дайшла да адрасата, а другая… не. Варожая куля спыніла яго мужнае сэрца. Цяпер гэта хустачка таксама знаходзіцца ў музейнай экспазіцыі, як памяць пра нашага земляка.

15 студзеня 1945 года Мікалай Трэгубаў загінуў. Яго родныя атрымалі пахавальны ліст, у якім было сказана, што магіла адважнага байца знаходзіцца ў Польшчы. Ірына Івашуціна-Дземідовіч расказала, што яна заўсёды марыла пабываць на гэтым месцы, але, на жаль, не ўдалося. Аднак памяць пра дарагога сэрцу чалавека свята захоўваецца ў іх сям’і. Вось і салдацкія трохкутнікі, якія яны чыталі і перачытвалі дзясяткі разоў, прапанавала для арганізацыі выставы ў музеі, каб гэтыя радкі, абпаленыя болем страт і ўсяленскай тугой па страчаным мірным жыцці, змаглі прачытаць і іншыя. Таму што для нас перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта не проста адна з гістарычных падзей. Гэта наша незалежнасць, наша дзяржаўнасць. І мы не можам захаваць памяць без прывязкі кожнага чалавека да яго родных герояў, якія ёсць у кожнай беларускай сям’і.

Фота аўтара і з архіва Ірыны Івашуцінай-Дземідовіч


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/33751-frontovye-pisma-stroki-v-kotorykh-zhivet-dusha-soldata#sigProIdbfcc14c265
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей