Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

На полуторагодичный запас кормов рассчитывают аграрии ОАО "Скабин"

21.05.2024

У ААТ «Скабін» плануюць нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў, каб зімова-стойлавы перыяд правесці на добрым узроўні

Сёння важна ўбраць травы ў аптымальныя тэрміны, пакуль іх пажыўныя якасці найбольш высокія. Менавіта гэта ўмова дазволіць нарыхтаваць кармы, багатыя цукрам, пратэінам і з нізкай кіслотнасцю. Тады іх з задавальненнем з’есць

жывёла і аддзякуе за клопат высокімі надоямі і значнымі прывагамі. Да таго ж аператыўнасць дасць магчымасць атрымаць паўнавартасныя другі і нават трэці ўкосы.

Дырэктар ААТ «Скабін» Аляксандр Баркоўскі пазнаёміў з асноўнымі момантамі нарыхтоўкі сенажу – менавіта на яго вырашана зрабіць упор у пачатку корманарыхтоўчай кампаніі. Дарэчы, планы перад гаспадаркай стаяць даволі сур’ёзныя: у сянажна-сіласныя траншэі неабходна пакласці 15 660 тон сенажу, сіласу – 27 000 тон, а яшчэ назапасіць 630 тон сена. Тым самым будзе забяспечаны паўтарагадовы запас кармоў на новы сезон. Для ўборкі траў першым укосам адведзена 1175 га, з іх 400 га – люцэрна. Папярэдне травы падкармілі неабходнымі мінеральнымі ўгнаеннямі. Ужо закладзена 800 тон сіласу са свірэпіцы.  Ёсць у наяўнасці кармы і з мінулага года.

У дзень, калі мы наведаліся ў ААТ «Скабін», там распачалі закладку першай траншэі аб’ёмам каля дзвюх тысяч тон. Паводле слоў Аляксандра Уладзіміравіча, на поўную яе закладку адведзена тры дні, а на чарзе суседнія: яны ўжо вычышчаны, пабелены. За ходам работ назіраюць падлікоўцы, іх функцыя – фіксаваць колькасць дастаўленай сянажнай масы кожнай з 14 адзінак тэхнікі, занятых на адвозцы правяленай і здробненай травы ад корманарыхтоўчых комплексаў.  Два магутныя пагрузчыкі старанна прасуюць коламі шматслойны зялёны дыван. У кабінах вопытныя механізатары Аляксандр Крывіцкі і Сяргей Язвінскі (прыйшоў на дапамогу з райаграсэрвісу). За выкананнем патрабаванняў тэхналогіі закладкі траншэі пільна сочаць ветспецыялісты гаспадаркі: перыядычна вымяраюць вільготнасць і тэмпературу, паколькі ад гэтага залежыць якасць будучага корму.

Зялёную масу возяць з угоддзяў, размешчаных непадалёк ад скрыжавання кальцавой з дарогай на Доктаравічы. Мы наведаліся і туды. Тут заўважылі механізатараў Івана Лук’яновіча і Дзяніса Барысаўца за  стараннай падборкай правяленай масы, якая затым імкліва сыплецца ў кузавы аўтамабіляў. Дарэчы, комплексы абсталяваны спецыяльнымі прыстасаваннямі, адкуль здробненая трава шчодра прыпраўляецца кансервантамі для паляпшэння якасці ферментацыі, павелічэння «карысных» бактэрый у зялёнай масе.

Працоўны дзень у гаспадарцы арганізаваны можна сказаць ад цямна да цямна. Двойчы на дзень на поле прывозяць гарачае харчаванне. Задаволены работай сваіх падначаленых і Аляксандр Баркоўскі. Гаворыць, што ў гаспадарцы падабраўся сапраўды зла-джаны калектыў аднадумцаў, якія мэтанакіравана працуюць над вырашэннем пастаўленых задач. 

Каментарый у тэму

Першай культурай зялёнага канвеера сёлета ў раёне стала азімая свірэпіца — багатая крыніца бялку. Адны гаспадаркі касілі яе і зялёную масу дастаўлялі ў траншэі на сянаж, іншыя ж — адразу выкарыстоўвалі на корм.

– Зялёная маса культуры, багатая пратэінам, можа выкарыстоўвацца ўжо з пачатку мая, – расказвае першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Філіновіч. – У 100 кг зялёнай масы змяшчаецца прыкладна 10 кармавых адзінак і 2-3 кг пратэіну. Яшчэ адной немалаважнай перавагай свірэпіцы – культуры прамежкавай – з’яўляецца магчымасць дадатковага выкарыстання поля. Пасля яе ўборкі звычайна сеюць іншую культуру і атрымліваюць яшчэ адзін ураджай, тым больш што свірэпіца з’яўляецца выдатным сідэратам за кошт разгалінаванай каранёвай сістэмы.

У нашым раёне таксама надаецца вялікая ўвага сяўбе шматгадовых траў і перазалужэнню лугоў і пашаў. Па-першае, як адзначае Наталля Філіновіч, шматгадовыя травы – каштоўная крыніца бялку. Без яго немагчыма забяспечыць дойны статак паўнацэнным кормам.  Па-другое, яны з’яўляюцца добрымі папярэднікамі для іншых культур. Найбольш каштоўныя бабовыя шматгадовыя травы (канюшына, люцэрна). Каштоўнасць іх заключаецца ў тым, што яны назапашваюць азот, які забяспечвае нармальнае азотнае харчаванне наступных культур па меры раскладання арганічных рэшткаў, не вымываецца з глебы; таксама пакідаюць у глебе і ў падворыўных пластах вялікую колькасць арганічнага рэчыва, спрыяюць павышэнню ўтрымання перагною. Акрамя таго шматгадовыя травы чысцяць палеткі ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб.  Ідзе тэндэнцыя да павелічэння плошчаў шматгадовых траў на раллі  і змяншэння ўгоддзяў, якія выкарыстоўваюцца пяць і больш гадоў.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/33356-na-polutoragodichnyj-zapas-kormov-rasschityvayut-agrarii-oao-skabin#sigProId0fd9ec142c
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей