– Нават самыя вопытныя аграрыі не памятаюць, каб работы ў полі пачыналіся ў лютым, – разважае начальнік аддзела раслінаводства ААТ «Семежава» Мікалай Кулік. – У гэтым годзе апрацоўку глебы пачалі яшчэ ў канцы апошняга месяца зімы, прыкладна тыдні на два раней, чым у мінулым, затым на палі выйшлі сеялкі. Каб атрымаць добрыя намалоты, пасеяць яравыя збожжавыя трэба тыдні за два-тры. Далейшае прамару-джванне з тэрмінамі прыводзіць да страты ўраджайнасці. Ды і самі яравыя будуць больш устойлівыя да шкоднікаў.
Пачалі з ячменю, бо гэтая культура непатрабавальная, найбольш холадаўстойлівая з яравой збожжавай групы.
– Пад яго адвялі 100 га: сяўба днямі ўжо скончана, – расказвае Мікалай Міхайлавіч. – Прыступілі і да іншых культур. Усяго ж пад пасяўныя плошчы ў гаспадарцы адведзена 2130 га. З іх яравыя збожжавыя і зернебабовыя зоймуць 150 га, грэчка і проса – 80 га, на 1250 гектарах запланавана кукуруза. Дарэчы, кожны год яе пасяўныя плошчы павялічваем. На 600 га пасеем цукровыя буракі і 50 га – аднагадовыя травы.
Сяўбу ўжо які год запар давяраюць вопытнаму механізатару Сяргею Гардзею, які на трактары К-742 з сучасным пасяўным агрэгатам «Horsch» з году ў год шчыруе на семежаўскіх палях. Па словах механізатара, сеялка добрая: дзякуючы сваёй магутнасці захоплівае і апрацоўвае адразу шэсць метраў глебы. За дзень удаецца засеяць у сярэднім 50-55 гектараў. Тэхніка настолькі «разумная», што насенне закладваецца раўнамерна: на кожным квадратным сантыметры глебы і на зададзеную глыбіню без якіх-небудзь страт для гаспадаркі. Таму пасевы ўзыходзяць хутка і дружна.
– Ад маёй працы залежыць будучы ўраджай, таму трэба быць уважлівым, сачыць за якасцю сяўбы, – падзяліўся Сяргей Аляксандравіч. – Тэхніка, як ужо адзначаў, надзейная, не падводзіць, ды і настрой добры. Так што бу-дзем працаваць.
У гаспадарцы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўваюць перадавыя тэхналогіі дакладнага земляробства. У кабіне магутнага расійскага трактара ўстаноўлена сучасная навігацыйная сістэма. У механізатара ёсць магчымасць з кабіны (гэта значыць дыстанцыйна) уводзіць сельгасмашыну ў працу, кіраваць яе рэжымамі і прадукцыйнасцю, напрыклад, шчыльнасцю пасеву, аб’ёмам унясення ўгнаенняў і г.д. Да таго ж, гэта значна аблягчае працу механізатара, а таксама дазваляе эканоміць паліва.
На падвозе насення працуе Сяргей Пяцігорац. Выбраўшы прафесію вадзіцеля, мужчына пайшоў па шляху бацькі. Нават служба ў войску не парушыла планаў. Уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку: уцягнуўся – і застаўся.
– Падабаецца працаваць з тэхнікай, – дзеліцца Сяргей Мікалаевіч. – У давераных ЗІЛ і ГАЗ-53 ведаю кожную дэталь механізму. Не раз мяняў запчасткі, перабіраў сваімі рукамі. А каб машыны яшчэ доўга служылі, трэба даглядаць іх, было б жаданне.
– Стаўку сёлета зрабілі на азімыя культуры, яны даюць вялікую аддачу, – падкрэсліў Мікалай Кулік. – Усе культуры перазімавалі нядрэнна, вось толькі замаразкі і стрымліваюць развіццё раслін. Будзем спадзявацца, што надвор’е не падвядзе хлебаробаў і ўраджай атрымаем добры.
У гаспадарцы ўжо праведзены па дзве падкормкі азімых, што таксама ўплывае на будучы ўраджай. На гэтых работах задзейнічаны Іван Бондар, Уладзімір Крупадзёраў, Пётр Шчатко.
Фота аўтара
Комментарии