Радзіма Канстанціна Пятровіча ў далёкай Малдове. Але ў той час, калі нашы рэспублікі яшчэ ўваходзілі ў адзіны Саюз, юнак быў прызваны ў Савецкую Армію.
Два з паловай гады яго маладога жыцця аддадзены злашчаснаму Афганістану, дзе ішлі баявыя дзеянні. Па дарозе, у цягніку, прадчуванні васямнаццацігадовых юнакоў пацвердзіліся: так, іх будуць рыхтаваць да адпраўкі ў гэту азіяцкую краіну. Далей была вучэбка ва Узбекістане. Навабранцаў вучылі, як экіпіравацца, колькі і якія боепрыпасы браць з сабою, якія медыкаменты патрэбны ў паходах і рэйдах, як паводзіць сябе з мясцовым насельніцтвам, тлумачылі, чаму вада ў гарах на вагу золата. Выхоўвалі ў іх неабходныя на вайне якасці. Пасля прынятай прысягі на верталётах перакінулі ў Афганістан. У тое, што ён можа пераадольваць выпрабаванні, паверыў пасля таго, калі вытрымаў першы марш-кідок у 25 км: са 120 чалавек да канчатковай кропкі дайшлі прыкладна 50. Гэты факт пакінуў заметны адбітак на яго характары…
Для Канстанціна Пятровіча і яго таварышаў пачалася вайна без лініі фронту. Службу праходзіў вадзіцелем у мотастралковым палку. Галоўная задача, якая была пастаўлена камандаваннем перад імі, – матэрыяльнае забеспячэнне, суправаджэнне калон, абарона насельніцтва ад бандфарміраванняў і г.д. Затым кіраваў «Уралам», БТРам.
– Горнымі афганскімі дарогамі перамяшчаліся толькі днём. У гарах удзень вельмі горача, а ноччу холадна. Пыл, пясок навокал, дыхаць цяжка было, але з часам прызвычаіліся, – узгадвае воін-афганец сёння. – Складана ўспамінаць, што давялося перажыць за два гады службы. Прайшлі цераз пекла, паварыліся ў вогненным афганскім катле, то ваюючы, то ўціскаючыся ў пыльную зямлю. І ведаеце, што мне часцей за ўсё снілася на вайне? Што я вярнуўся ў родную вёску, да маці, да родных, а вось зараз, калі сталею, часцей сняцца тыя, з кім даводзілася дзяліцца ў гарах хлебам і глытком вады. Яны назаўсёды засталіся ў памяці. Хіба пра іх можна забыцца?
Пра перажытае Літвак расказвае скупа:
– Навошта варушыць тое, што і сёння болем адгукаецца ў сэрцы. Там, на вайне, мы жылі дружна, падстаўлялі плячо адзін аднаму, станавіліся братамі. І смерць кожнага ўспрымалася як асабістая страта. Магчыма, ратуючыся ад гэтых успамінаў, мы, вярнуўшыся з Афганістана, кінулі дома свае рэчы і паехалі па гарадах і вёсках Савецкага Саюза.
Як жа Канстанцін апынуўся ў Беларусі? Вярнуўшыся ў Малдову, сустрэў там Алу, ураджэнку Скабіна, якая вучылася ў тэхналагічным інстытуце і праходзіла практыку на цэментна-шыферным заводзе. Ажаніліся. Але ў былой невялічкай савецкай рэспубліцы пачаўся разлад, што прымусіла выехаць у Беларусь. Прадалі кватэру, набылі ў Капылі дом. У 1995 годзе атрымаў беларускае грамадзянства. Выгадавалі дваіх годных дзяцей: інжынера-канструктара Юрыя і ўрача Кацярыну. Сам жа быў цёпла прыняты электраманцёрам сувязі на Белтэлекам, дзе паспяхова працуе да сённяшняга дня.
На шчасце, вайна засталася толькі ў памяці, нават сабраўшыся разам з сябрамі, яны рэдка ўслых гавораць аб перажытым. Часцей успамінаюць казусныя сітуацыі і таварышаў па службе, з кім дзялілі цяжар ваеннага жыцця. Абмяркоўваюць, хто і дзе жыве, працуе, ці патрэбна каму дапамога. Нават у думках ім не хочацца дапусціць, што сітуацыя можа паўтарыцца, што абараняць краіну давядзецца іх дзецям і ўнукам. Таму афганцы за стабільнасць у грамадстве, за мірнае неба над галавой. Кошт жыцця яны ведаюць лепш за іншых, але, калі ўсё ж давядзецца, першымі зробяць свой уклад у абарону інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.
Комментарии