У Беларусі праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю з дня нараджэння слыннага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Фактычна сёлета мы адзначаем і другую дату – 60-годдзе пачатку творчай дзейнасці Уладзіміра Сямёнавіча.
На малой радзіме Майстра, у горадзе Оршы, у музеі У. Караткевіча адкрыліся ўнікальная выстава рукапісаў з фондавых збораў музейнага комплексу і мастацкая выстава «Зямля пад белымі крыламі».
[caption id="attachment_44088" align="aligncenter" width="580"]

Помнік У.Караткевічу ў г.Віцебску[/caption]
Адметна, што беларусы змогуць пазнаёміцца ў хуткім часе з салідным 25-томным выданнем твораў «рыцара беларускіх замкаў». Менавіта такі пачэсны эпітэт займеў пры жыцці знакаміты аўтар. Яшчэ ў 2011 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало гэтае скрупулёзна-энцыклапедычнае выданне твораў пісьменніка. У гэты збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематываванымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. Да збору твораў будуць прыкладзены два кампакт-дыскі: на першым будуць змешчаны вершы і песні ў выкананні Караткевіча, на другім – яго выступленні на радыё, тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, здымкі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»).
Уладзімір Караткевіч у прозе распрацоўваў пераважна гістарычную праблематыку. Ён першым у беларускай літаратуры звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
З вялікай асалодай мы чытаем і перачытваем безліч разоў яго раманы «Нельга забыць», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Чазенія», «Зброя».
У паэзіі (зборнікі «Матчына душа», «Вячэрнія ветразі», «Мая Іліяда», «Быў. Ёсць. Буду») аўтар паўстае перад намі як патрыёт сінявокай Беларусі. Ён плённа выкарыстоўваў традыцыі сусветнай лірыкі і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да роднага фальклору і гістарычнага сюжэта (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым» і інш.).
Ён любіў падарожнічаць, наведаў многія мясціны Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі. Многія яго творы і нараджаліся ў дарозе.
Вялікі рэзананс выклікаў і яго знакаміты нарыс «Зямля пад белымі крыламі», сама назва якога даўно стала крылатай. На Беларускім тэлебачанні вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.
Творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, балгарскую, чэшскую, англійскую, грузінскую, іспанскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, французскую, чувашскую, эстонскую і іншыя мовы. А сам У. Караткевіч ажыццявіў пераклад на родную мову твораў Г. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко і інш.
Пра класіка створана дакументальная стужка «Быў. Ёсць. Буду», відэафільмы «Успамін» і «Рыцар і слуга Беларусі». Імя Караткевіча носяць бібліятэкі ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне.
Адзін з даследчыкаў яго творчасці літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца, г. Віцебск