Напярэдадні юбілею класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча вучні і настаўнікі Песачанскай СШ былі запрошаны ў кабінет беларускай мовы і літаратуры на мерапрыемства.
[caption id="attachment_44112" align="alignleft" width="216"]

У. Караткевіч[/caption]
Настаўнік беларускай літаратуры Алена Майсюк паведаміла пра асноўныя старонкі біяграфіі Уладзіміра Караткевіча. Вучні ўзгадалі, што нарадзіўся пісьменнік 26 лістапада 1930 г. у горадзе Орша ў сям’і інтэлігентаў. Сямён Цімафеевіч Караткевіч, бацька Уладзіміра, паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду, які меў герб «Корвін». Род пачынаўся ў першым пакаленні з Данілы, які ў 1546 г. стаў уладальнікам земляў у Раманаўшчыне і Лятаўшчыне Рэчыцкага павета. У другой палове ХІХ ст. род збяднеў. Надзея Васільеўна Караткевіч (у дзявоцтве Грынкевіч), маці пісьменніка, паходзіла са старадаўняга шляхецкага роду. Рана засталася сіратой. У 1911 годзе закончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве. Нарадзіла Валерыя (1818), Наталлю (1922), Уладзіміра (1930). У сям’і пісьменніка захавалася паданне пра Тамаша Грыневіча (сваяка з матчынага боку), які ўдзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў. Паўстанцы, якімі ён кіраваў, былі разбіты, а іх камандзіра расстралялі ў Рагачове па загадзе Мураўёва.
На прэзентацыі былі яскрава прадэманстраваны прыгожыя краявіды Оршы, невялікага гарадка на беразе Дняпра. Дзе б ні быў У. Караткевіч, Орша была з ім. Вучні былі здзіўлены тым, што ў тры з паловаю гады Валодзя чытаў самастойна, а ў 14 гадоў меў літаральна энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі. З усіх школьных прадметаў ён найбольш любіў літаратуру і гісторыю. Гэтая любоў прадвызначыла далейшы лёс юнака – вучобу на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, на курсах сцэнарыстаў.
На мерапрыемстве гучалі песні «Заяц варыць піва», «Беларуская песня», «Дзе мой край» у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча, а таксама аўдыязапісы вершаў «Дзяўчына пад дажджом», «На Беларусі Бог жыве», прачытаных прафесійнымі артыстамі. Вучаніца 7 класа Алеся Астрэйка прачытала верш «Быў. Ёсць. Буду». Усе словы вышэй згаданых песень і вершаў належаць пяру пісьменніка-юбіляра. Падрыхтаваная кніжная выстава акунала дзяцей у свет творчасці пісьменніка.
Дзякуючы такім мерапрыемствам, дзе настаўнік уключае дзяцей у працу, навучэнцы могуць з розных бакоў убачыць знакамітых паэтаў, пісьменнікаў, што дапамагае пашырыць іх кругагляд, раскрыць свае здольнасці, дакрануцца да вытокаў паэзіі, узбагаціць свой унутраны свет.
Святлана АСТРЭЙКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Песачанская СШ»
Комментарии