Эпізод другі. Партызанскі
Вось і Вясёлае. Пры дарозе нас сустракае прыемная жанчына з маленькай дзяўчынкай за ручку. Знаёмімся:
– Ірына Вячаславаўна, – з усмешкай прадстаўляецца новая знаёмая. – Сюды прыязджаю з Заслаўя, дзе зараз жыву, а нарадзілася і вырасла тут, у Вясёлым. Тут жыла і мая мама, якая шмат чаго расказвала пра вайну. Напрыклад, пра тое, што недалёка ёсць лес, які мы называем Падкамень. Менавіта там паліцаі закалолі штыкамі партызана. Ці засталіся ў яго сваякі? Не ведаю. Мабыць, крыху далей пахаваны яго сын Павел.
Эпізод трэці. Трагічны
Яшчэ адной мясцовай адметнасцю з’яўляецца помнік, які стаіць пасярод вёскі там, дзе некалі знаходзілася звычайная сялянская хата. У ёй са сваімі радасцю і горам жыла сям’я Кулеш: бацькі Раман і Сафія і чацвёра дзетак: Сафія, Лёня, Ганна і Пётр.
Старэйшая дачка Сафія служыла ў радах Чырвонай Арміі. Такі факт і стаў вырашальна-трагічным: паліцаі данеслі пра гэта, і 4 студзеня 1942 года ворагі закатавалі бацькоў і Пецю з Аняй, Лёня паспеў уцячы.
– Аднойчы прыйшлі паліцаі і папярэдзілі мясцовых жыхароў, каб тыя не выходзілі на двор, бо яны будуць забіваць Куляшоў, – распавядае Ірына Вячаславаўна. – Так і сказалі. Таму вяскоўцы зачынілі дзверы сваіх дамоў. Пецю было гадоў пяць ці шэсць. Спачатку Куляшоў замучылі, а потым забілі і падпалілі хату. Вось на гэтым месцы яна і стаяла.
Старажылы расказвалі, што фашысты часта прыходзілі ў вёску, каб забраць на будаўніцтва чыгункі ўсіх, хто мог працаваць. Мясцовым калі-нікалі ўдавалася даведацца, што ідуць «каскі» (так называлі нямецкіх салдат), і яны хаваліся.
Цікавыя звесткі пра сям’ю Куляшоў, як высветлілася ў працэсе стварэння матэрыялу, захоўваюцца ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы.
– Мы паспелі сустрэцца з жыхарамі, якія памяталі пра тыя жудасныя падзеі, – расказвае загадчыца ўстановы культуры Валянціна Іванаўна Чэкун. – Запісы іх успамінаў беражліва захоўваем. Вось, напрыклад, што расказваў у свой час Кулеш Іван Юльянавіч, 1933 года нараджэння: «Было гэта на Каляды. Скароцкі (жыхар в. Вясёлае) здаў немцам сям’ю Кулеш, таму што іх дачка Сафія змагалася на фронце. Ён прывёў клецкую паліцыю. Ганна схавалася ў каморцы за начоўкамі, але паліцаі і там яе знайшлі. Затым усіх расстралялі і падпалілі хату. Самым малым быў Лёня, ён схаваўся ў склепе, але адзін з паліцаяў убачыў хлопчыка і сказаў яму: «Уцякай, малы!»
Лёня пабег на пасёлак у хату да Князіхі – маці Бычэнкі Лізаветы Іванаўны. Бабуля сядзела на лаве, а хлопчык шмыгнуў пад ніз і схаваўся за спадніцай. Паліцай зайшоў і пачаў шукаць малога. Але Князіха адказала, што нікога не было. Злыдзень не ўбачыў хлопчыка і пайшоў. На другі дзень родны брат Рамана Куляша па мянушцы Сакуяш пахаваў забітых.
«Зверски убиты и сожжены немцами. Мир праху вашему. Память дочери и сестры», – выбіта на помніку, які пасля вяртання з вайны ўстанавіла Сафія. Яна ж знайшла і выгадавала Лёню, якому пашчасціла выжыць.
Звяртаю ўвагу на тое, што каменны дубок Куляшам дагледжаны, трава вакол абкошана, нават і кветачкі жывыя стаяць, таму цікаўлюся: хто зараз даглядае пахаванне. Амаль у адзін голас жыхары першым называюць імя Анатоля Адамавіча Абцэшкі, які прыбірае і абкошвае магілу. А кветкі і наогул усе разам ставяць. На Радуніцу магілу асвячае настаяцель храма Мікалая Цудатворца аг. Цімкавічы протаіерэй Міхаіл Мардвінаў.
Эпізод чацвёрты. Сямейна-ваенны
Пакуль мы вялі размову з Ірынай Вячаславаўнай, паціху падышлі суседзі – людзі добразычлівыя і гаваркія. Яны далучыліся да нашай размовы, і кожны хацеў расказаць сваю гісторыю.
– Мая матуля, Кузьміч Ніна Андрэеўна, успамінала, як яе немцы прымушалі ісці працаваць на чыгунку, – гаворыць Уладзімір Кузьміч. – Быў у вёсцы стараста, якога за асаблівасць формы носа празвалі Люлька. Вельмі дрэнны чалавек… У яго меўся спіс усіх падлеткаў, якія павінны былі працаваць на чыгунцы, дзе пракладвалі ўчастак ад Цімкавіч да Клецка. Немцы ж не ведалі мясцовых. І аднойчы Люлька не далічыўся нашай мамы, прыйшоў дахаты і пачаў прымушаць з’явіцца на тую чыгунку. За яе ўступілася бабка, дык нямецкія вар’яты збілі старую жанчыну так, што праз некаторы час яна і памерла. А маму сцягнулі з печы і нацкавалі на яе сабак, якія добра так, да крыві, пакусалі дзяўчыну… Вельмі доўга яна прыходзіла да сябе, а сабак баялася ўсё астатняе жыццё.
– Майго дзядулю звалі Станевіч Іван, – уступае ў размову Ала Іванаўна Станевіч. – Ён нарадзіўся тут, але не ведаю, калі. І як пайшоў на вайну, так і не вярнуўся. Захаваўся толькі невялічкі фотаздымак (на далоні жанчыны чорна-белая картка – усё што засталося ад роднага чалавека).
І ўжо дзякуючы сучасным тэхналогіям мы даведаліся, што нарадзіўся Станевіч Іван Паўлавіч у 1905 годзе, быў прызваны 7 ліпеня 1944 года (неяк сімвалічна атрымалася, што ўспомнілі пра яго менавіта праз 80 гадоў, амаль дзень у дзень). Лічыцца прапаўшым без вестак са жніўня таго ж 44-га. Дома засталася чакаць жонка Станевіч А.Д.
Падводзячы вынікі
На жаль, тых жыхароў, якія б дакладна памяталі пра справы ваенныя, ужо не засталося. На вядомых сайтах таксама звестак пра Абцэшку Емяльяна Рыгоравіча, пахаванага 8 студзеня 1943 года, не знайшлося. Нават у кнізе «Памяць. Капыльскі раён» і раённым краязнаўчым музеі нічога пра гэтага чалавека не вядома. Тая самая Сафія Раманаўна Кулеш пасля Вялікай Айчыннай працавала настаўніцай Браткаўскай школы, потым – бібліятэкарам. Пра яе і зараз памятаюць як пра добрага, разумнага чалавека. Усё жыццё пражыла адна.
Здавалася б, вайна скончылася ўжо 80 гадоў таму, але яе водгалас чуем і сёння. І не ўсе трагічныя старонкі мы адкрылі і перагарнулі, да многіх прыходзім зараз, калі асноўных сведак і відавочцаў няма ў жывых. І праверыць тыя ці іншыя звесткі не маем магчымасці. Але мы не маем права забываць пра лёсы нашых землякоў, якія перакрэсліла Вялікая Айчынная. І захаваць памяць, як бы гэта трывіяльна не гучала, наш святы абавязак. Добра, што на нашай капыльскай зямлі жывуць такія неабыякавыя людзі, дзякуючы якім нешматлікія факты пра падзеі даўно мінулых дзён перадаюцца нашчадкам. Таму і помнік партызану мы хутка ўбачым адрамантаваным.
Фота аўтара і з фондаў Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі
Комментарии