Лепшых з тых, хто клапоціцца пра аднаўленне статка і стварае дабрабыт гаспадаркі, выявіў раённы конкурс.
Спецыяліст па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ў любой сельскагаспадарчай арганізацыі – адна з ключавых фігур у развіцці як жывёлагадоўлі, так і самой гаспадаркі. Бо ад іх залежыць аднаўленне асноўнага статка, а таксама ўзровень надояў малака і сутачных прываг.
Менавіта кваліфікацыя і вопыт гэтых людзей вызначаюць выніковасць асемянення. Кожны год, нягледзячы на штодзённую практыку, спецыялісты павінны пацвярджаць сваю кваліфікацыю. Так, у Капыльскім раёне прайшоў штогадовы конкурс-атэстацыя сярод тэхнікаў-асемянатараў.
У гэты дзень яны змянілі звыклае для сябе спецадзенне на прыгожыя ўборы. Месцам, дзе спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна прадэманстравалі свае веды і прафесійнае майстэрства ў галіне племянной справы, стаў Новадоктаравіцкі сельскі клуб.
Першы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч адзначыў, што ў тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена работа па аднаўленні статка. Там заўсёды ёсць паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць маладняку, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку, і высокі ўзровень эканомікі гаспадаркі, яе дабрабыту. Віталь Аляксандравіч параўнаў іх дзейнасць з галіной раслінаводства, дзе пасяўная праходзіць вясной і восенню, а ў жывёлагадоўлі – круглагадова, кожны дзень.
[caption id="attachment_102623" align="aligncenter" width="840"]
■ Віталь Ракевіч уручае падарунак маладому спецыялісту Дзмітрыю Грышыку[/caption]
У пачатку конкурсу-атэстацыі ўсім удзельнікам неабходна было вытрымаць тэарэтычны экзамен з тэставых пытанняў, якія тычацца племянной справы. Другая частка ўключала ў сябе праверку практычных навыкаў спецыялістаў. Тут журы ацэньвала ўменне асемянатараў правільна падрыхтаваць сваё працоўнае месца і прылады для працы, вызначыць якасць семя пад мікраскопам і сам працэс асемянення. Удзельнікі павінны былі расказаць пра сваю дзейнасць з самага пачатку прыходу на працу.
– Гэтыя людзі звязаны з практыкай штодня, але ўсё роўна ў іх адчувалася хваляванне, – адзначыў галоўны ветэрынарны ўрач РУСП «Мінскае племпрадпрыемства» Уладзімір Шаўкун. – Пры вызначэнні пераможцаў улічвалася таксама правільнае вядзенне спецыяльнага журнала. Галоўным паказчыкам, па якім ацэньваецца работа тэхніка-асемянатара – выхад цялят на 100 кароў, ён таксама ўлічваўся.
[caption id="attachment_102624" align="aligncenter" width="840"]
■ Пераможца Алена Ляонава (у цэнтры) з прызёрамі Зояй Сяргей і Таццянай Лобан[/caption]
Лепшым тэхнікам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы стала Алена Ляонава з філіяла «Лакнея». На другім месцы – Таццяна Лобан з ААТ «Ціміразеўскі». А замкнула тройку лідараў асемянатар УП «ПІК-Лясное» Зоя Сяргей. Іх імёны добра вядомы чытачам нашай раёнкі, яны былі не раз занесены на раённую Дошку гонару.

– Я задаволена сваімі вынікамі. Тэставыя пытанні былі не з шэрагу лёгкіх. Практычная частка была таксама няпростай па адной толькі прычыне – адбілася хваляванне. Бо на працы ўсе дзеянні выконваюцца аўтаматычна, а тут трэба ўсё раскласці па палічках і растлумачыць, – падзялілася эмоцыямі пераможца конкурсу Алена Ляонава.

На раённым конкурсе былі ўшанаваны і тыя, чый прафесійны стаж у галіне налічвае звыш 20 гадоў. Яны вельмі любяць сваю справу. Сярод іх – Ірына Ціманава з ААТ «Семежава», Наталля Лобан (ААТ «Капыльскае»), Мікалай Сельвановіч (СГФ «Руднае»), Наталля Юрчэня (ААТ «Скабін»), Аксана Жогла (ААТ «Піянер-Агра»).
Заахвочаны і тыя, хто толькі прыйшоў у галіну, –Святлана Рубанік з філіяла «В. Раёўка», Дзмітрый Грышык (ААТ «Праснакі»), Ніна Ражко (ААТ «Семежава»).

Пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, аграпрамысловага саюза, а кожны ўдзельнік конкурсу – падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама музычныя нумары ў выкананні доктаравіцкіх самадзейных артыстаў.
Сяргей КОЗЕЛ