Гэтымі днямі экзамен на трываласць здае не толькі тэхніка, але і земляробы. Веснавой парой у іх першачарговы клопат – якасна правесці яравую сяўбу ў аптымальныя тэрміны. У напружаным рытме працуюць зараз на палетках сейбіты КСУП «Доктаравічы».
– Цяпер у нас гарачыя працоўныя будні, на рахунку кожная хвіліна пагодлівага часу, каб закласці ў зямлю збожжа і потым атрымаць добры ўраджай. Агульная яравая сяўба – амаль паўтары тысячы гектараў. З іх 240 занялі збожжавыя і зернебабовыя. Пад кукурузу адведзена 1000 гектараў, – расказаў дырэктар гаспадаркі
Сяргей Шарупіч.
Працы нямала. Але масава выйсці ў поле надвор’е не вельмі дазваляла: зямля на некаторых участках даволі вільготная. Пакуль тэхніка працуе на асобных участках, якія прасохлі лепш за іншых. Па словах кіраўніка, і цяпер земляробы працуюць па максімуме: уносяць арганіку, «мінералку», рыхтуюць палі (у прыватнасці, каб прасохла глеба, праводзяць культывацыю), а як толькі надвор’е палепшыцца – адразу будуць наганяць упушчанае.
– Як ужо адзначалася, мы завяршылі сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур і працягваем сеяць аднагадовыя культуры, якія зоймуць 100 гектараў, – адзначае Сяргей Яўгенавіч. – Людзі, разумеючы ўскладзеную на іх адказнасць, працуюць сумленна. Бо ад таго, з якой якасцю яны зробяць сваю справу, будзе залежаць не толькі ўраджайнасць, але і ацэнка іх працы, у тым ліку і ў грашовым выражэнні.
[caption id="attachment_113634" align="aligncenter" width="600"]
■ Аляксандр Шчэрба сее аднагадовыя культуры[/caption]
У «Доктаравічах» на працоўны лад настроена не толькі тэхніка. Людзі за зіму засумавалі па роднай зямлі, таму з радасцю ўключыліся ў ратную працу. Пра кожнага механізатара тут можна сказаць шмат добрых слоў. Гэта майстры шырокага профілю, якія могуць выканаць любую даручаную справу. З вясны і да позняй восені яны ў полі, кожны аддае выбранай справе часцінку сваёй душы. Напрыклад,
Аляксандр Шчэрба – адзін з лепшых у сельгаспрадпрыемстве, заўсёды паказвае добрыя вынікі як на пасяўной, так і на ўборцы ўраджаю.
– У гаспадарцы працую з 1993 года, так што ў наступным годзе будзе ўжо 30 гадоў, – дзеліцца Аляксандр. – Да працы земляроба не прывыкаць, яшчэ з дзяцінства палюбіў зямлю, дапамагаў бацьку-трактарысту. Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, таму, перш чым прыступіць да працы, старанна яе рыхтую.
Дарэчы, менавіта цяпер на Аляксандра і яго абноўленага «Кіраўца» ўскладзена адказнасць за сяўбу аднагадовых культур.
Пагодлівую хвіліну на другой падкормцы азімых выкарыстоўваюць і механізатары
Мікалай Коршук і Максім Семянцоў.
[caption id="attachment_113635" align="aligncenter" width="840"]
■ На падкормцы азімых заняты Мікалай Коршук і Максім Семянцоў[/caption]
У сельгаспрадпрыемстве дальнабачных планаў па тэрмінах завяршэння пасяўной не будуюць. З-за ўмоў надвор’я прагназаваць нешта з поўнай упэўненасцю не даводзіцца.
– Будзем спадзявацца не толькі на спрыяльнае надвор’е, але і на ўласныя сілы, – запэўніваюць аграрыі.
Сяргей КОЗЕЛ