Адна з самых трагічных старонак гісторыі нашай краіны — Вялікая Айчынная вайна. У лютым гэтага года спаўняецца 75 гадоў, як на Капыльшчыне падчас карных аперацый фашысцкія захопнікі спалілі пяць населеных пунктаў: пасёлак Прагрэс, вёскі Жавулкі, Масявічы, Рулёва, Калодзезнае. Тады ж загінула і большая частка іх жыхароў.
[caption id="attachment_64228" align="aligncenter" width="580"]

■ Помнік у Масявічах[/caption]
Даведка
«Свята ўраджаю» (ням. «Erntefest») — так гучала кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад супраць партызан і насельніцтва на тэрыторыі Грэскага, Капыльскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Яна праводзілася ў студзені – лютым 1943 года 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11-м паліцэйскім і ахоўнымі батальёнамі, трыма камандамі СД. Падчас аперацыі карнікі расстралялі 4325 чалавек, вывезлі на прымусовыя работы больш за 1300 чалавек. Была захоплена вялікая колькасць буйной рагатай жывёлы, авечак, збожжа, насення і іншых матэрыяльных каштоўнасцей. На карце больш не з’явіліся.
Была калісьці ў Бабаўнянскім сельсавеце вёсачка
Масявічы. Калі верыць гістарычным даным, яна вядома з пачатку ХХ стагоддзя. Па перапісе 1917 года вёска знаходзілася ў Цялядавіцкай воласці Слуцкага павета. У ёй месціўся 31 двор, пражываў 161 чалавек. У 1929 годзе яна ўваходзіла ў калгас «Чырвоны Штандар», была свая кузня. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — ужо 32 двары, 138 жыхароў. Знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі. Увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь.
[caption id="attachment_64225" align="aligncenter" width="400"]

■ Станіслаў Цвірка разам з мамай Станіславай Адольфаўнай[/caption]
На жаль, сведкаў тых жудасных падзей амаль не засталося, але іх дзеці і ўнукі беражліва захоўваюць памяць. У суседняй вёсцы Руднікі жыве Станіслаў Цвірка, маці якога Цвірка Станіслава Адольфаўна, 1925 года нараджэння, бачыла, як карнікі палілі Масявічы. жанчыны ўжо няма ў жывых, але яе нашчадкі памятаюць жудасны расказ.
[caption id="attachment_64229" align="aligncenter" width="300"]

■ Міхаліна Іванаўна Віяленцій[/caption]
— 2 лютага 1943 года нечакана ў Масявічы ўварваліся фашысты і спалілі вёску дашчэнту разам з людзьмі, — пераказвае Станіслаў успаміны маці.
— Напярэдадні яна дамовілася са сваякамі з Масявіч, што раніцай, менавіта 2 лютага, прыйдзе да іх. Прыйшла — а там хаты ў агні, крыкі людзей у полымі… Калі б яна з’явілася там крышку раней, то гарэла б разам з усімі. Але анёл-ахоўнік збярог матулю. Пасля трагедыі ў Масявічах разам са сваякамі і суседзямі мама пазбірала астанкі людзей і пахавала ў брацкай магіле на могілках у Рудніках. Ёй было толькі 17… Кожны раз, калі маці расказвала нешта пра вайну, яна заўсёды гаварыла: «Хай Бог засцерагае! Каб больш ніхто гэтага жаху не перажыў!»
[caption id="attachment_64233" align="aligncenter" width="580"]

■ Помнік знішчанай вёсцы Рулёва[/caption]
У далечыні ад шумных дарог недалёка ад вёскі Сінячова (зараз — Калінаўка-2) спакойна цякло жыццё ў
Рулёве. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай, як сведчыць кніга «Памяць», там было 11 двароў і 26 чалавек. Жылі яны дружна, сябравалі, гадавалі дзетак. Але надышоў жудасны люты 43-га… Успамінаючы пра яго, жыхары суседніх вёсак не маглі стрымліваць слёз: боль ад перажытага не праходзіў усё жыццё. Віяленцій Міхаліне Іванаўне ў той час было 16. Яна, жыхарка суседняй вёскі Шамы, як і іншыя, на свае вочы бачыла полымя, у якім скончылася жыццё 22 вяскоўцаў — старых і малых. Выратавацца ўдалося толькі адной сям’і Кубрак: Лізавеце Іосіфаўне, яе мужу Пятру Іосіфавічу і сыну Родзю. Кожны раз, калі Міхаліна Іванаўна расказвала пра трагедыю сваёй дачцэ Людміле Вячаславаўне Пятровай, якая зараз працуе выхавацелем у Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце, голас яе дрыжаў, а слёзы засцілалі вочы. У тым пекле загінула яе сяброўка Марыя. Шамы знаходзіліся ў адным кіламетры ад Рулёва. І ўсе добра бачылі, як узнялося над вёскай полымя. Вяскоўцы спалохаліся: невядома, куды далей пойдуць карнікі? Таму палова жыхароў пабегла хавацца ў лес. Але абышлося. Калі агонь згас, людзі пабралі розныя посцілкі і пайшлі да Рулёва. Замест добра вядомых хат — чорныя папялішчы. Людзей, а дакладней тое, што ад іх засталося, збіралі па костачках і клалі на посцілкі. Ад сваёй сяброўкі Міхаліна Іванаўна знайшла толькі руку, на якой быў счарнелы драцяны пярсцёнак. Астанкі, якія жыхарам Шамоў удалося сабраць, пахавалі непадалёку. Пазней паставілі помнік. Пасля вайны Міхаліна Іванаўна, шчырая каталічка, часта прыходзіла сюды сама і прыводзіла сваіх дзяцей. «Станавіцеся на калені і маліцеся», — казала жанчына, станавілася так сама і малілася, малілася… Зараз сюды прыходзяць выхаванцы Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната, каб аддаць даніну памяці ахвярам вайны. Яны ціхенька стаяць і чытаюць імёны, што пазначаны на абеліску: Кубрак, Ванагель, Нікановіч, зноў Кубрак… За кожным імем — лёс, які так раптоўна абарвала вайна. Рулёва больш няма на карце Беларусі, але гэта назва знайшла сваё месца ў нашай памяці, у нашых сэрцах.

У Пацейкаўскім сельсавеце да Вялікай Айчыннай знаходзіўся пасёлак
Прагрэс, заснаваны пасля 1917 года. У 1924 годзе там налічвалася 60 жыхароў, дзеці вучыліся ў Пацейкаўскай школе. Па даных Усе-агульнага перапісу 1926 года, усяго было 12 двароў, 54 жыхары. Перад Вялікай Айчыннай вайной — 14 двароў, 46 жыхароў. У лютым 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі амаль цалкам спалілі пасёлак і загубілі 16 чалавек.
Другое жыццё спаленых вёсак
У
Жавулках да вайны, як сведчыць кніга «Памяць», пражывала 600 чалавек. І з іх
— толькі ўдумайцеся ў крывавыя лічбы (!)
— падчас карнай аперацыі было знішчана 512 чалавек, у тым ліку 272 дзіцяці, 120 старых мужчын і 150 жанчын.
[caption id="attachment_64226" align="aligncenter" width="400"]

■ Фрагмент мемарыяльнага комплексу «Хатынь»[/caption]
У архівах УКДБ Рэспублікі Беларусь захоўваецца цікавы дакумент. Гэта пратакол допыту паліцая, які прымаў удзел у знішчэнні вёскі Жавулкі. Вось што паведаміў ліхадзей:
«Я хачу расказаць пра абставіны знішчэння нашым 57-м паліцэйскім батальёнам вёскі Жавулкі. У той час мы рухаліся на аперацыю ў Пінскія балоты… З Капыля мы накіраваліся прама ў Жавулкі. Але ў адным з невялікіх населеных пунктаў (хутчэй за ўсё, гэта пасёлак Прагрэс)
адбыўся бой з партызанамі, якія нас абстралялі і адышлі. Той населены пункт спалілі, і жыхароў расстралялі… У Жавулках мы размясціліся з двух бакоў вёскі. Адна рота з аднаго боку, другая — з другога. Там заначавалі. Былі выстаўлены пасты вакол вёскі, а раніцай, на досвітку, пачалі расстрэльваць людзей прама ў хатах. У кожную заходзілі па два-тры паліцэйскія і расстрэльвалі ўсіх, хто знаходзіўся, у тым ліку старых і малых. Пасля гэтага за нашымі паліцэйскімі крочылі паліцэйскія з Капыля, якія забіралі жывёлу, прадукты харчавання, збажыну і вывозілі іх. Мы, паліцэйскія 57-га батальёна, затым падпальвалі ўсе хаты і іншыя пабудовы. Забітыя заставаліся ў дамах і гарэлі разам з імі… У знішчэнні вёскі прымаў удзел увесь батальён, абедзве роты. Асабіста я падпальваў хаты пасля таго, як былі расстраляны жыхары. Я заходзіў у асобныя хаты, але жывых там нікога не заставалася, бачыў толькі трупы і лужыны крыві. З намі тады быў камандзір батальёна нямецкі капітан Зіглінг. У нас быў свой камандзір роты М., і што ён гаварыў, тое мы і выконвалі. Асабіста я падпальваў хаты не па сваёй волі, а выконваў загады. Камандзір узвода Аляксей Ф. адабраў сабе групу паліцэйскіх, з якімі пайшоў расстрэльваць жыхароў у хатах, а з астатніх паліцэйскіх нашага ўзвода і іншых узводаў была створана група, якой загадалі спаліць хаты. Наша рота расстрэльвала людзей і паліла хаты з канца вёскі, які прымыкаў да лесу. Другая рота — з процілеглага боку. Разам з Аляксеем Ф. расстрэльвалі людзей Ж., В., П., іншых я не памятаю. Калі я падпальваў хаты, бачыў, як адтуль выходзілі Міхаіл А., Іван Р., Пётр П., В., і ў гэтых хатах аказваліся трупы расстраляных жыхароў. У асобных хатах было па тры чалавекі, у іншых — па чатыры і болей трупаў… Тады няма калі было глядзець, хто што робіць. Усе бегалі, мітусіліся, стралялі, падпальвалі. Хтосьці забягаў у хаты, каб парабаваць. Я таксама забягаў, бачыў трупы, падпальваў хаты і іншыя пабудовы. Колькі падпаліў асабіста я, не ведаю…»
[caption id="attachment_64230" align="aligncenter" width="580"]

■ Аб загінуўшых у Жавулках сведчаць імёны на помніку[/caption]
І нібы вечны праклён карнікам гучаць паказанні жыхара вёскі Жавулкі Клімчэні (ён цудам застаўся ў жывых), што захоўваюцца ў тым жа архіве.
«Да 5 лютага 1943 года я разам з бацькамі, трыма братамі і дзвюма сёстрамі пражываў у вёсцы Жавулкі, — чытаем на старонках дакумента.
— Добра памятаю, як 3 лютага з боку Прагрэса прыбылі карнікі. Да гэтага яны спалілі і расстралялі жыхароў пасёлка. Частка карнікаў накіравалася ў бок вёскі Раёўка, а частка засталася ў Жавулках. Раніцай 5 лютага я пачуў глухія выстралы і папрасіў маму, каб яна даведалася, што адбываецца ў вёсцы. Мая маці Клімчэня Вольга Іосіфаўна ўзяла пустое вядро і пайшла на вуліцу. Хутка яна вярнулася і сказала, што карнікі расстрэльваюць аднавяскоўцаў. Маці прапанавала мне схавацца на печы. Калі я сказаў сваім сястрычкам і брацікам, што прыйдуць карнікі і будуць нас расстрэльваць, яны заплакалі і злезлі з печкі. Маці не ведала, што ёй рабіць, і папрасіла мяне як старэйшага выратаваць каго-небудзь з дзяцей. Я злез з печы і залез пад яе, але там мы не маглі ўсе памясціцца. Вылез і ўбачыў, што да нашай хаты ідуць трое карнікаў з вінтоўкамі. Я выбег у сенцы, і за мною выскачылі дзве малодшыя сястры Лена і Вера. Іх я закінуў на гарышча, а маці з Іванам, Уладзімірам і Мікалаем засталіся дома. Памятаю, як Іван прасіў мяне схаваць яго, але я не паспеў. Толькі памятаю, што калі я залез на гарышча, то ў гэты час да дзвярэй сенцаў падышлі карнікі, адчынілі іх і адзін сказаў: «Гаспадар, выйдзі!» Паколькі бацькі дома не было, то выйшла маці. Адразу прагучалі тры выстралы, і я падлічыў, што карнікі забілі маці і брацікаў. Пасля гэтага ў пакоі раздаўся яшчэ адзін выстрал. Затым я пачуў, як карнікі выйшлі з дома. Разам з Ленай і Верай я заставаўся на гарышчы. Там я пачуў, што ў хаце адзін з брацікаў паранены. Гэта быў Валодзя. Ён стагнаў і прасіў: «Мамачка! Дай мне вадзічкі! Я хачу піць!» Валодзю ў той час было шэсць гадочкаў… Я і сёстры Лена і Вера з гарышча не злезлі. Потым пачуў, як у сенцы нашай хаты ўвайшлі іншыя карнікі. Адзін з іх гучна сказаў: «Грышка, я знайшоў гарэлку». Другі карнік крыкнуў: «Іван, прынясі шклянку, піць бу-дзем!» Мабыць, выпіўшы гарэлкі, яны і пайшлі.
[caption id="attachment_64232" align="aligncenter" width="400"]

■ Адзін з лістоў допыту паліцая[/caption]
У другой палове дня ў хату зайшоў яшчэ адзін карнік і выстралам дабіў майго параненага браціка Валодзю. Пасля гэтага выстралу Валодзя перастаў стагнаць… У хуткім часе я адчуў, што гараць хлеў і саламяны дах хаты. Я з сёстрамі выскачыў у сенцы і выбег з імі на двор, а затым па агародзе мы ўцяклі ў лес… Потым я даведаўся, што жывёлу карнікі пагналі ў Капыль. Астанкі згарэўшых маці і брацікаў пахаваў на могілках у вёсцы Жавулкі».
Не абмінулі немцы і вёску
Калодзезнае. Карнікі з’явіліся там 9 лютага 1943 года. Сабраўшы ўсіх жыхароў, яны ўзялі сабе ў памагатыя прыгожых дзяўчат, якія павінны былі гатаваць ім сняданак і вячэру. Ворагі хавалі свае намеры, але ў душы людзей закралася трывога.
Крыху пазней пачалася дзікая расправа з мясцовымі жыхарамі. Фашысты ўрываліся ў хаты, расстрэльвалі ўсіх, хто там знаходзіўся: жанчын, дзяцей, старых.
[caption id="attachment_64231" align="aligncenter" width="400"]

■ Помнік у в. Калодзезнае[/caption]
У Вялікараёўскай сельскай бібліятэцы-клубе захоўваюцца ўспаміны Змітровіча Міхаіла Іванавіча:
«Спачатку мы думалі, усё абыдзецца, але калі ворагі паставілі ўзброеныя пасты, стала зразумела, што будуць забіваць. Наша маці Марыя Іванаўна пайшла ў вёску Руднае, а мы, дзеці, з суседзямі ў 3 гадзіны ночы, адчуўшы небяспеку, сталі паціху прабірацца да могілак. І ўжо адтуль, з-за помнікаў, мы з сястрой Соняй бачылі, як лютавалі карнікі. У гэты дзень у доме загінуў бацька Іван Іванавіч. Ён быў інвалід і не мог пайсці разам з усімі. Загінулі і ўсе вясковыя прыгажуні, якія не хацелі ісці з немцамі. Фашысты спалілі амаль усю вёску (57 двароў, 231 жыхара). Нешматлікія, хто ацалеў, сталі ляснымі салдатамі.
Вясной жыхары, што засталіся ў жывых, выкапалі зямлянкі і пачалі паступова адбудоўвацца. Аднавяскоўцы не палі духам — жыццё працягвалася».
Калі рыхтавала матэрыял, у кнізе «Я з вогненнай вёскі...» прачытала словы: «Суд народаў не закончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца — у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць».
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Памяць. Капыльскі раён» і з інфармацыйнага рэсурсу «Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны».