Канцэртная зала сабрала разам усіх тых, хто неабыякава адносіцца да тэатра.

Аўтарам інсцэніроўкі монаспектакля «Мама» і яе выканаўцай была Галіна Дзягілева, усім вядомая як стваральніца тэатра аднаго акцёра «Зніч», а раней як актрыса Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа. За аснову аўтарскага выказвання ўзяты п’еса «Маці» сусветна вядомага чэшскага драматурга Карэла Чапека і вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія ён прысвяціў маме...
Нягледзячы на тое, што гэта монаспектакль, уявіць усе пачуцці герояў п’есы не было нечым складаным. Галоўная гераіня — маці, якая страціла самы галоўны сэнс жыцця — сваіх сыноў і мужа. Ад іх засталіся толькі ўспаміны. Вось партрэт загінуўшага мужа, да якога яна звяртаецца з надзеяй на тое, што ён усё чуе. «Вас было пяцьдзясят два, пяцьдзясят два і не стала. Навошта ты прыняў такое рашэнне. Навошта ты туды пайшоў», — звяртаецца яна да яго. Каля жанчыны ляжаць цацкі, якія засталіся ад яе сыноў. Сэрца маці крывёй абліваецца, калі яна ўспамінае пра іх. Тыя, таксама як і бацька, загінулі ад рук немцаў. Пакуты жанчыны настолькі моцныя, што яна сніць сны і бачыць жывымі сваіх родных і дарагіх… Размовы з сынамі, поўныя пяшчоты і ласкі, а потым прачынаецца з разуменнем таго, што яна засталася адна на гэтым белым свеце. Але гераіня выглядае вельмі моцнай і ўнутрана мудрай, так што складана паверыць у тое, што яна можа быць слабой ці мець патрэбу ў дапамозе. Спектакль паказвае, што ёсць бясконцая любоў, якая дапамагае жыць далей нават тады, калі нашых родных ужо няма побач.
У другім аддзяленні гледачоў чакала канцэртная праграма з удзелам калектываў Белдзяржфілармоніі, артыстаў, літаратараў і сяброў тэатра. Апладысменты і словы падзякі гучалі ў адрас выступоўцаў не сціхаючы.
І на самай справе, «светла» стала ў канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі ў гэты прыемны дзень.
Аліса ГЕРЫК,
навучэнка Мінскага раённага ліцэя
Комментарии