Малая Радзіма
Да роднае хаты я зноўку вярнуўся:
Як хораша тут, дзе бацькоўскі парог!
І зноў у дзяцінства сваё аглянуся,
Хоць шмат за плячыма гадоў і дарог.
Малая радзіма – часцінка вялікай,
Яна мне на свеце за ўсё даражэй!
Бо стала пачаткам жыцця і адліку
Маіх светлых мар і крылатых надзей.
Усё мне тут родным і блізкім здаецца…
Я рукі раскіну, прастор абдыму…
І песня ад самага сэрца пальецца
Пра корні святыя – маю старану.
Блакітныя вочы і русыя косы,
Зялёныя далі і рэк паясы…
Не трэба мне іншае долі і лёсу,
Чым дотык адчуць гэтай дзіўнай красы.
Мы з вамі не госці на нашай радзіме,
Мы – гаспадары: шчасце ў нашых руках!
А мілы куточак нас не пакіне,
Ён з намі заўсёды наяве і ў снах…
Член журы, паэтэса, пісьменніца, сябра творчага аб’яднання «Валошкі» і літаратурна-музычнага аб’яднання «Мір» (г. Вільнюс) Зоя КАПУСТА: — ІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы», які прайшоў на Нясвіжчыне 28 ліпеня, паспрабаваў пачаць вырашаць задачы прапаганды і распаўсюджвання аўтарскай песні, твораў пачынаючых паэтаў-песеннікаў. Знакамітае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі краін-удзельніц, было задаволена ўзроўнем выступлення канкурсантаў. Адзначаны прафесійнасць і пад-рыхтаванасць выканаўцаў, паэтаў, высокая літаратурная якасць выбраных для конкурсу твораў — як музычных, так і паэтычных. Творы мелі патрыятычную, ваенную, лірычную тэматыку, былі прадстаўлены ў жанрах гарадскога раманса, лірычнай і бардаўскай песні, балад. Сярод паэтаў-песеннікаў першае месца аднагалосна аддадзена вашаму земляку Мікалаю Майсюку. Яго вершам і выкананню конкурсных твораў на беларускай мове старшыня журы А.Ю. Ліхачоў даў вельмі высокую ацэнку. Міжнародны фестываль і конкурс выканаўцаў аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы» стаў пачатковай вехай для развіцця бардаўскай творчасці ў нашай краіне, цікавым спалучэннем вопыту для пачынаючых аўтараў і настаўніцтва ім ад знакамітых выканаўцаў, упэўненасці для далейшых творчых здзяйсненняў і прызнання ад тых, каму і прызначаны гэты цікавы жанр шансона, барда, песні, які ўжо шмат стагоддзяў будзіць думкі, праймае сэрца, распавядае таямніцы пакутлівых душ чалавечых. Аб чым плача, з чаго смяецца песня шансон?! Абавязкова даведаемся! Чакаем ІІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы». Дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкіімя А. Астрэйкі Таццяна СЕРАЯ: — Безумоўна, Мікалай Майсюк — адзін з самых таленавітых членаў літаратурнага аб’яднання «Вясёлка». І гэта заслужаная ўзнагарода. Яго паэзія — унікальная, яна прасякнута любоўю да сваёй Радзімы, да родных мясцін, сваіх каранёў, дарагіх і блізкіх яму людзей. І перш чым скласці верш на тую ці іншую тэму, ён вывучыць яе «знутры», а потым прыступіць да напісання. Яго вершы часта друкуюцца ў раённай газеце, бо ў кожным радку жыве душа самадзейнага паэта, і такія вершы знаходзяць водгук у многіх душах. Таму яны так i прыцягваюць чытачоў. Таццяна БОХАН