Чорна-белы, крыху пажаўцелы ад часу фотаздымак прынёс у рэдакцыю Рыгор Канстанцінавіч Несцерчык, былы настаўнік гісторыі Ляшнянскай СШ. З яго сур’ёзна глядзяць настаўнікі Ляшнянскай СШ. У цэнтры — дырэктар Ліннік Іван Ігнатавіч. На адваротным баку запіс — 21 чэрвеня 1941 года. Усе — у прадчуванні светлага заўтра. А назаўтра была вайна…
[caption id="attachment_77795" align="aligncenter" width="580"]

■ Настаўнікі Ляшнянскай СШ. У цэнтры - Ліннік Іван Ігнатавіч. 22 чэрвеня 1941 г.[/caption]
…21 чэрвеня 1941 года вучні і настаўнікі Ляшнянскай СШ і жыхары вёскі Лешня святкавалі выпускны вечар. На школьным двары іграў духавы аркестр, якім кіраваў настаўнік школы Каляда Васіль Васільевіч. Ніхто нават і не здагадваўся, што гэта апошні мірны вечар. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Як і ўсе савецкія людзі, жыхары вёскі Лешня ўключыліся ў актыўную барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў. У першых радах былі настаўнікі школы і моладзь. Былы дырэктар Ляшнянскай сярэдняй школы Ліннік Іван Ігнатавіч з’яўляўся адным са стваральнікаў партызанскага атрада імя Чапаева. У 1943 годзе ўзначальваў падпольную рэдакцыю раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны». Пасля вызвалення раёна ў 1944–1945 гадах працаваў начальнікам Капыльскага раённага аддзела адукацыі, а пазней — Баранавіцкага аблана. Настаўнік школы Корнеў Васіль Аляксеевіч стаў партызанам партызанскага атрада імя Чапаева брыгады імя Чапаева № 27. Загінуў зімой 1943 года ў вёсцы Красіна, пахаваны ў Лешні.
Настаўнік гісторыі Кажамякін Фёдар Фёдаравіч загінуў далёка ад Радзімы і знайшоў апошні прытулак на французскай зямлі. Зімой 1943 года ў горад Пон-Шано прыгналі чарговую партыю ваеннапалонных, каб яны расчысцілі завалы пасля бамбардзіроўкі англічанамі электрастанцыі. Мясцовыя патрыёты звязаліся з некаторымі ваеннапалоннымі і хутка дапамаглі ўцячы Фёдару і яго таварышам. Найбольш вызначыўся Кажамякін пры знішчэнні калоны гітлераўцаў, у якой былі два грузавікі, дзве легкавушкі і бронетранспарцёр. Пятнаццаць партызан на чале з Кажамякіным дзейнічалі рашуча і смела. Яны знішчылі тэхніку праціўніка і ўзялі ў палон 40 ворагаў. Загінуў Фёдар Кажамякін 4 верасня 1944 года і пахаваны на могілках горада Пакрысце, што знаходзіцца ў правінцыі Брэтань. Быў узнагароджаны Ваенным крыжам і вышэйшай узнагародай Французскай рэспублікі — ордэнам Ганаровага легіёна.
У партызанскіх атрадах, якія дзейнічалі на тэрыторыі Капыльскага раёна, мужна змагаўся настаўнік фізікі і матэматыкі СЕргіеня Віктар Паўлавіч. Ён жа з’яўляўся сакратаром падпольнага РК ЛКСМБ. У сваіх успамінах Сергіеня так расказваў пра падзеі вялікай Айчыннай:
«…Толькі паспелі адгуляць выпускны вечар, як ужо ў гадзін дзесяць раніцы ў Лешні і суседніх Кіявічах з’явіліся першыя бежанцы — сем’і партыйных, савецкіх работнікаў і афіцэраў з Брэста. А тут і паведамленне аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі, што прагучала па радыё ў дванаццаць гадзін. Ісці з таварышамі ў армію ці адступаць на ўсход — ні першага, ні другога не атрымалася. Ужо 26 чэрвеня гітлераўцы былі на Капыльшчыне.
Заставаўся ў сваіх бацькоў у вёсцы Блеўчыцы. У ваенна-служачых, якія адступалі, удалося разжыцца пісталетам, вінтоўкай і батальённай радыёстанцыяй. Дзякуючы ёй своечасова атрымліваў інфармацыю аб становішчы на фронце, дзяліўся з мясцовымі камсамольцамі. Пазней, у снежні, наладзіў сувязь з лейтэнантам І. Тараховічам (Дунаевым), які пражываў тады ў вёсцы Красіна і прымаў захады па стварэнні партызанскіх груп.
Калі радыёстанцыя перастала працаваць, з I. Ліннікам і І. Бельскім сабралі лямпавы прыёмнік. Паведамленні, якія атрымлівалі па радыё, запісвалі і расклейвалі на слупах. Так працягвалася да восені 1942 г. У гэты час узнікла пагроза адпраўкі разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі ў Германію, але І. Тараховіч прасіў па меры магчымасці заставацца ў вёсцы, каб мець у Блеўчыцах свайго чалавека. Толькі калі фашысты прызначылі канкрэтную дату маёй адпраўкі, 10 кастрычніка, I. Тараховіч ноччу 9 кастрычніка завітаў да мяне і забраў у партызанскі атрад імя Чапаева, што размяшчаўся ў Савіцкім лесе. Ужо на другі дзень мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі 3-й роты. Каб немцы не расправіліся з сям’ёй, у вёсцы вывесілі некалькі аб’яў, паводле якіх я быў партызанамі расстраляны за тое, што згадзіўся ехаць у Германію.
Першае баявое хрышчэнне атрымаў 7 лістапада 1942 г. у Старыцкім баі. 7 красавіка 1943 г. мяне прызначылі сакратаром Капыльскага падпольнага РК ЛКСМБ. Ім з’яўляўся да 31 кастрычніка гэтага ж года. Дагэтуль камсамольскай работай на Капыльшчыне кіравалі палітработнікі партызанскіх атрадаў (пазней брыгады) імя В. Чапаева, а са жніўня 1942 г. — Слуцкі міжрайкам камсамола. Капыльскі ж падпольны райкам быў створаны 4 красавіка 1943 г.
Райкам паклапаціўся, каб з’явілася цэлая сетка падпольных камсамольскіх арганізацый: у вёсках Старыца, Андросаўшчына, Блеўчыцы, Быстрыца, Пясочнае. У Капылі арганізацыю, у якую ўваходзіла 8 чалавек, узначаліў I. Зіневіч. Усяго ў партызанскай брыгадзе імя Чапаева было каля 450 членаў ЛКСМБ і звыш 80 камсамольцаў-падпольшчыкаў у вёсках. Яны ў час свят вывешвалі чырвоныя сцягі, рэгулярна распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, дастаўлялі партызанам неабходную інфармацыю».
Ляшнянец ФІНКЕВІЧ Мікалай Іванавіч прымаў удзел у Парадзе Перамогі ў 45-м годзе у складзе зводнага музычнага аркестра. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пасля заканчэння 10 класаў Ляшнянскай СШ пражываў з бацькамі ў вёсцы Красіна і дапамагаў ім па гаспадарцы. 10 мая 1942 года пайшоў у партызанскі атрад імя Чапаева брыгады імя Чапаева № 27 і знаходзіўся там да ліпеня 1944 года.
Удзельнічаў у 12 баях, быў два разы цяжка паранены. Пасля вызвалення Капыльскага раёна да верасня 1944 года служыў байцом знішчальнага батальёна пры Капыльскім аддзеле НКУС, а затым быў накіраваны для далейшай службы ў вучэбную танкавую брыгаду Ваеннай акадэміі імя Сталіна ў горадзе Сонечнагорску Маскоўскай вобласці. Дэмабілізаваўся ў 1946 го-дзе. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём «За перамогу над Германіяй», многімі юбілейнымі ўзнагародамі. У жніўні 1947 года ўладкаваўся на працу настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і фізічнай культуры ў Ляшнянскую СШ, дзе працаваў да выхаду на пенсію.
У ліку гераічных настаўнікаў быў і ляшнянец ГАРАШЧЭНЯ Уладзімір Фёдаравіч. У чэрвені 1928 года ён скончыў сем класаў Цімкавіцкай школы і паступіў у Лепельскі педагагічны тэхнікум. 3 верасня 1930 года па жнівень 1932 года працаваў настаўнікам пачатковых класаў Пасталаўскай школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Затым паступіў вучыцца на трэці курс Гомельскага педінстытута на фізіка-матэматычны факультэт. 3 верасня 1938 года да пачатку Вялікай Айчыннай працаваў настаўнікам Зарубскай СШ Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці.
Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі захопнікамі працаваў у сельскай гаспадарцы і пражываў у роднай вёсцы. У чэрвені 1944 года быў прызваны на службу ў рады Чырвонай Арміі і ваяваў на 1-м Беларускім фронце. Быў двойчы паранены. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй». Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе працаваў настаўнікам Кунцаўскай няпоўнай сярэдняй школы Клецкага раёна. 3 1955 года па 1972 год працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўнікам фізікі і матэматыкі Ляшнянскай СШ.
Матэматыку ў школе выкладаў і НОВІК Іван Сямёнавіч, яшчэ адзін выхадзец з Лешні. У 1939 годзе ён скончыў 9 класаў Ляшнянскай СШ і паступіў вучыцца на сямімесячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў 5–7-х класаў пры Бабруйскім рабфаку. Пасля і да пачатку вайны працаваў у Заляўскай сямігадовай школе Мядзельскага раёна Маладзечанскай вобласці. У час нямецкай акупацыі пражываў у Лешні, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, збіраў зброю і боепрыпасы і перадаваў іх у партызанскі атрад, а з 3 сакавіка 1944 года да вызвалення Капыльскага раёна ваяваў у партызанскім атрадзе імя Дунаева брыгады імя Чапаева № 27. 3 18 жніўня і да канца Вялікай Айчыннай ваяваў на 2-м Беларускім фронце. За праяўленую мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнам Славы III ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе накіраваны на працу ў Ляшнянскую сямігодку. Скончыўшы Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, чатыры гады працаваў настаўнікам Блеўчыцкай сямігадовай школы. Затым ізноў выкладаў матэматыку ў роднай школе да выхаду на пенсію. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод калег па працы, вучняў, іх бацькоў, жыхароў навакольных вёсак.
Сваім, мясцовым, быў і МАРГАЛІК Васіль Пятровіч. Якраз у 1941 годзе ён скончыў 10 класаў Ляшнянскай СШ. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны займаўся сельскай гаспадаркай і адначасова быў сувязным партызанскага атрада імя Чапаева быгады імя Чапаева № 27. Пасля вызвалення Капыльскага раёна прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у ваенных дзеяннях у складзе Беларускага фронту 2-й стралковай дывізіі 33-га гвардзейскага стралковага палка. Двойчы цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», многімі юбілейнымі медалямі.
Пасля дэмабілізацыі ў красавіку 1947 года выкладаў фізічную культуру ў Блеўчыцкай сямігодцы да яе закрыцця ў 1976 годзе. Вярнуўся ў Ляшнянскую СШ, дзе і працаваў да выхаду на пенсію.
Цікавым быў лёс і ляшнянца Рудзені Васіля Раманавіча. Бацька яго да рэвалюцыі і пасля яе амаль да 1931 года лічыўся селянінам-аднаасобнікам. Сын працаваў разам з бацькам. Скончыўшы ў 29-м годзе Семежаўскую сямігодку, спрабаваў вучыцца ў мазырскім педтэхнікуме, але вярнуўся ў калгас. У студзені 1933 года асуджаны на тры гады. Пакаранне адбываў у Беламора-Балтыйскім і Байкала-Амурскім лагерах. Пасля судзімасць знялі. Далейшы шлях Васіля Раманавіча быў шляхам звычайнага працаўніка: грузчык, токар. Але прафесія педагога зноў-такі прыцягнула да сябе, і Рудзеня скончыў Магілёўскі педтэхнікум. Да 1940 года, калі быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, паспеў панастаўнічаць у розных раёнах Беларусі.
На франтах Вялікай Айчыннай — з першых дзён. 24 чэрвеня 1941 года атрымаў раненне ў баях пад Гроднам. Калі спрабаваў перайсці лінію фронту ў кастрычніку ў Арлоўскай вобласці, трапіў у палон. Тры разы спрабаваў уцячы. Пасля таго, як нарэшце атрымалася, вярнуўся да бацькоў. 3 чэрвеня 1942 года стаў партызанам атрада імя Чапаева. Прайшоў шлях ад радавога да камандзіра роты. На яго рахунку — удзел у Старыцкім, Лаўскім, Орлікаўскім і іншых баях, шмат забітых гітлераўцаў, падбітых аўтамашын і пушчаных пад адхон цягнікоў. За праяўленыя смеласць і адвагу ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І ступені і «За перамогу над Германіяй».
Роднай вёскай ГАРБУЗА Васіля Фаміча была вёска Мацкевічы. Да пачатку Вялікай Айчыннай ён скончыў Ляшнянскую СШ і паспеў павучыцца на дзесяцімесячных курсах пры Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце, затым быў накіраваны на працу настаўнікам 5–7-х класаў Канчыцкай сямігодкі Пінскай вобласці.
У час нямецкай акупацыі пражываў у роднай вёсцы і дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а ў лістападзе 1943 года пайшоў у партызанскі атрад імя Чапаева брыгады імя Чапаева № 27. Пасля вызвалення раёна ад нямецкіх захопнікаў быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію і ваяваў на 2-м Беларускім фронце камандзірам аддзялення. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з ворагамі, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, «За перамогу над Германіяй» і юбілейнымі ўзнагародамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе працаваў настаўнікам, а затым і загадчыкам Мацкевіцкай пачатковай школы. Скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут па спецыяльнасці «настаўнік рускай мовы і літаратуры». У 1949 го-дзе пераведзены на працу настаўнікам Блеўчыцкай сямігодкі, а з 1964 года працаваў завучам гэтай школы. Пасля яе закрыцця ўладкаваўся ў Ляшнянскую СШ.
У 51-м годзе ў школу настаўнікам фізікі, а са жніўня 53-га і завучам быў прызначаны КОШАЛЕЎ Іосіф Алфеевіч, шлях якога таксама пралягаў праз франтавыя іспыты. Нарадзіўся Іосіф Алфеевіч у вёсцы Лукіна Харкаўскага раёна Валагодскай вобласці ў сям’і селяніна. У Архангельску, куды з часам пераехала сям’я, скончыў школу фабрычна-заводскага навучання па спецыяльнасці «мадэльшчык па дрэве». Да 1941 года працаваў майстрам-мадэльшчыкам спачатку на суднабудаўнічым заводзе г. Молатаўска Архангельскай вобласці, а затым майстрам вытворчага навучання ў рамесным вучылішчы. У красавіку 1941 года быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе 193-й і 102-й стралковых дывізій Паўднёва-Заходняга і 2-га Беларускага франтоў. У 1943 годзе накіроўваецца ў тыл ворага камандзірам дыверсійнай групы і змагаецца на тэрыторыі Палтаўскай, Чарнігаўскай, Гомельскай, Палескай, Магілёўскай абласцей. Перад вызваленнем Беларусі з красавіка па чэрвень 1944 года ваяваў камандзірам аддзялення партызанскага атрада № 537 Магілёўскага злучэння. Перамогу над Германіяй сустрэў ва Усходняй Прусіі. Двойчы цяжка паранены. За праяўленую мужнасць і гераізм у барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі: «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй».
Пасля дэмабілізацыі працаваў на суднабудаўнічым заводзе горада Молатаўска Архангельскай вобласці. У 1948 годзе пераехаў у Бабруйск, дзе паступіў вучыцца ў Бабруйскі настаўніцкі інстытут, скончыўшы які настаўнікам фізікі, матэматыкі 5–7-х класаў атрымаў накіраванне на працу ў Ляшнянскую СШ, завучам у якой ён працаваў да 28 жніўня 1958 года, пакуль не выехаў за межы раёна.
Рыгор НЕСЦЕРЧЫК,
в. Лешня;
Дзіяна ТКАЧЭНКА