Школа прымае віншаванні

Як няўмольна хутка бяжыць час. Здаецца, толькі ўчора мы думалі пра будучую прафесію, марылі, будавалі планы. Сёння за плячыма доўгая дарога даўжынёю ў жыццё. Амаль на 40 гадоў раскідаў нас лёс па ўсім былым Савецкім Саюзе.
Наш клас быў першым выпускам СШ № 3 горада Капыля, і, нягледзячы на тое, што шмат каго ўжо няма, мы ўсе назаўжды застанёмся ў летапісе школы першымі выпускнікамі.
Мы – пакаленне, народжанае праз 20 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, якое перажыло пасляваенныя гады аднаўлення краіны, Афганістан, Чачню, распад Савецкага Саюза. Мы, школьнікі 70-х, выхоўваліся ў духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Мы не задумваючыся аддавалі і аддаём сваю маладосць, сілы і веды ў імя будаўніцтва нашай сучаснай беларускай дзяржавы.
І я ганаруся тым, што нам выпала шчасце жыць у гэты час. Я шчаслівая, што ў маім жыцці быў, ёсць і назаўжды ў душы застаўся наш дружны і вясёлы клас «Б». Я ўдзячна ўсім настаўнікам, якія былі з намі побач з 1971 па 1981 год, і прашу прабачэння ў настаўнікаў за тыя хвіліны расчараванняў і крыўд, якія мы часам прычынялі.
Я жадаю нашай СШ № 3 г. Капыля ісці ў нагу з часам. Свет імкліва змяняецца, прыходзяць новыя тэхналогіі, іншыя дзеці з больш высокім інтэлектам і запытамі. І ўжо ў іх руках наша будучыня. У вашых руках, паважаныя настаўнікі.
Людміла НІЖЭВІЧ,
старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах

У першую чаргу хацелася б адзначыць той факт, што гэта самая маладая ўстанова сярэдняй адукацыі не толькі ў горадзе, але і ў раёне. І сёння сярэдняя школа № 3 стабільна развіваецца і рухаецца наперад. Апошняе дасягненне – Дыплом ІІІ ступені па працоўным навучанні на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гэта высокі вынік сумеснай працы ўпраўлення, адміністрацыі ўстановы, педагогаў, вучняў і, канешне ж, бацькоў. Яшчэ адна асаблівасць менавіта гэтай школы – стабільнае павелічэнне колькасці вучняў. Таму хочацца павіншаваць калектыў і навучэнцаў з юбілеем, пажадаць і далей упэўнена рухацца наперад, творчых перамог і вучэбных дасягненняў!
Ірына АБАС,
начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама
У пачатку 1980 года амаль на ўскрайку тагачаснага Капыля адчыніла дзверы новая, трэцяя па ліку, сярэдняя школа
Прасторныя класы будынка, добра абсталяваныя кабінеты, сучасныя майстэрня, спартыўная зала і стадыён – школа гасцінна сустрэла першых вучняў і настаўнікаў.
Ля самых вытокаў

Будаўніцтва навучальнай установы на 784 навучэнцы было пачата ў ліпені 1978 года і скончана праз два гады. Ва ўрачыстым адкрыцці ў ліку ганаровых гасцей прынялі ўдзел намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Сямёнаў Павел Васільевіч, загадчык аддзела адукацыі райвыканкама Гаўрыленка Мікалай Мікалаевіч, кіраўнік трэста «Слуцксельбуд» Платонаў Юрый Валянцінавіч і прараб Серада Сцяпан Сафронавіч. Ад імя камсамольскай арганізацыі школы выступіла яе сакратар Люда Марціновіч, зараз добра вядомая капылянам як старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч.
[caption id="attachment_85381" align="aligncenter" width="840"]
▪ Выступае Людміла Марціновіч (Ніжэвіч). 1980 г.[/caption]
У новую навучальную ўстанову пераходзілі вучні і настаўнікі з толькі што закрытых Скабінскай і Шастакоўскай васьмігодак, а таксама з іншых гарадскіх школ. Намеснікамі па вучэбнай рабоце былі прызначаны Людміла Міхайлаўна Камёнка, па выхаваўчай – Юрый Мікалаевіч Шыманскі. Моцны калектыў адразу склаўся з сапраўдных прафесіяналаў, сярод якіх можна назваць Зінаіду Кірылаўну Давыдчык, Лілію Пятроўну Маргелаву, Лідзію Сямёнаўну Мельянец, Надзею Іванаўну Лобан, Алу Андрэеўну Мамчыц, Веру Міхайлаўну Зяневіч, Марыю Іванаўну Ярмалінскую, Валянціну Іванаўну Дубовік, На-дзею Пятроўну Нікалаеву, Валянціну Мікалаеўну Васілевіч, Дзіну Сяргееўну Пасюк, Ганну Іванаўну Бенеш. На жаль, шмат педагогаў ужо няма сярод жывых. Гэта Чумарная Соф’я Аляксандраўна, Пякуцька Марыя Іванаўна, Сапешка Валянцін Іосіфавіч, Карасёва Ядвіга Антонаўна і інш.
Усё пачынаецца з дырэктара
Першым дырэктарам яшчэ недабудаванай СШ № 3 г. Капыля ў жніўні 1979 года быў прызначаны Вячаслаў Вячаслававіч Ярмалінскі. І ўсе цяжкасці будаўніцтва ляглі на плечы маладога дырэктара. Як пазней успамінаў Вячаслаў Вячаслававіч, вельмі шмат сіл было аддадзена на тое, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю школы: разбіць кветнікі, стварыць вучэбна-доследны ўчастак. Але малады дырэктар не спыніўся на дасягнутым. Неўзабаве ў яго ўзнікае ідэя – пабудаваць музеі. І праз некалькі гадоў перад школай з'явіліся новыя пабудовы: музей баявой і працоўнай славы, музей прыроды і экалогіі, якія з'яўляюцца для настаўнікаў школы вялікай падмогай у працы і зараз. У якасці дырэктара Вячаслаў Вячаслававіч працаваў да 1995 года, затым некалькі гадоў узначальваў аддзел адукацыі Капыльскага райвыканкама. Дырэктарам у родную школу Ярмалінскі вярнуўся ў 2000 годзе. Дзейнасць Вячаслава Вячаслававіча была адзначана на самым высокім узроўні: ён з’яўляецца Выдатнікам адукацыі, узнагароджаны Граматай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзвюма Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і інш.
[caption id="attachment_85382" align="aligncenter" width="840"]
▪ Так выглядалі першыя камп'ютары, якія з'явіліся ў школе[/caption]
З 1995-га да 2000-га кіраўніком школы з’яўлялася Людміла Міхайлаўна Камёнка. Менавіта ў гэты перыяд было наладжана супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным экана-мічным універсітэтам і створаны самы першы ў раёне «эканамічны» клас. На працягу ўсяго гэтага часу школа займала лідарскія пазіцыі ў раённым спаборніцтве па падрыхтоўцы да новага навучальнага года.
На працягу апошніх шасці гадоў установу адукацыі паспяхова ўзначальвае Вадзім Мікалаевіч Салавей.
Захаваць якасць навучання
Трэцяя гарадская з’яўлялася лідарам па ўкараненні многіх інавацый у раёне. Напрыклад, менавіта тут вучні першымі атрымалі магчымасць вывучаць на паглыбленым узроўні матэматыку і мовы. Першы ліцэйскі клас эканамічнага профілю, які працаваў на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, быў створаны таксама на базе названай установы адукацыі. Захавалася профільнае навучанне і зараз. Вывучаць выбраныя прадметы на павышаным узроўні хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць на трэцяй ступені навучання. Ды і наогул цяперашні калектыў старанна працуе над тым, каб веды школьнікаў былі якаснымі і сучаснымі.
[caption id="attachment_85383" align="aligncenter" width="840"]
▪ Дырэктар школы В.М. Салавей (у цэнтры) і настаўнікі разам з дыпламантамі раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды[/caption]
Доўгачаканай для школы стала перамога вучаніцы 11 класа Дзіяны Тарасевіч у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дзяўчынка атрымала Дыплом ІІІ ступені па працоўным навучанні, а дапамагла дасягнуць высокага выніку настаўніца Тамара Леанідаўна Касінская.
Дзень сённяшні
Зараз набываць веды 487 навучэнцам дапамагаюць 60 настаўнікаў, з якіх 51 мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Дарэчы, 14 педагогаў – былыя выпускнікі ўстановы адукацыі. У гэтым навучальным годзе калектыў папоўніўся двума маладымі спецыялістамі – настаўнікамі англійскай мовы.
Для сённяшніх шкаляроў створаны ўсе ўмовы для паспяховай дзейнасці. У класах – добры рамонт, кабінеты абсталяваны сучаснай камп'ютарнай тэхнікай. Напярэдадні навучальнага года завершаны капітальны рамонт фасада будынка і харчаблока, набыта тэхналагічнае абсталяванне. На школьным стадыёне адноўлена асфальтавая бегавая дарожка.
З любоўю да вучняў
Вялікая ўвага ва ўстанове адукацыі надаецца развіццю асобы дзіцяці. Вучні з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд, творчых конкурсаў і канферэнцый. Большасць выпускнікоў становяцца навучэнцамі вышэйшых устаноў адукацыі. Вынікі вучэбнай дзейнасці дырэктар і яго намеснікі рэгулярна падводзяць на агульнашкольных лінейках.
Адна са старонак дзейнасці школы – інавацыйная. Зараз настаўнікі працуюць над эксперыментальным праектам «Апрабацыя інтэрактыўных тэхналогій фарміравання грамадзянска-патрыятычных і гуманных каштоўнасцей навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі ў пазанавучальнай дзейнасці» (кіраўнік – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Леанідаўна Буткевіч). Таксама рэалізуецца педагагічны праект Мінскай вобласці «Фарміраванне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці вучняў у інфармацыйным адукацыйным асяроддзі», за ўкараненне якога адказная намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Пятроўна Занеўская.
Навіны пра знакавыя падзеі школьнага жыцця юныя журналісты змяшчаюць на старонках як «Слава працы», так і газеты «Школьны мерыдыян», работу якой каардынуе настаўнік рускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Ня-дзелька. Вядзецца і Летапіс установы адукацыі, куды, дзякуючы намаганням настаўніка гісторыі Таццяны Віктараўны Кульбіцкай, заносяцца асноўныя падзеі і дасягненні былых навучэнцаў.
Імі ганарыцца школа
Першы выпуск адбыўся ў 1981 го-дзе. Тады скончылі школу два класы, 53 чалавекі. Іх класнымі кіраўнікамі з’яўляліся Тамара Аляксандраўна Ціхамай і Іна Якаўлеўна Вясёлая. У ліку тых, хто першымі атрымалі пуцёўку ў самастойнае жыццё менавіта ў трэцяй школе, была і ўжо названая Людміла Ніжэвіч.
У гэтым жа выпуску значыцца імя і яшчэ аднаго навучэнца, дасягненнямі якога школа па праве ганарыцца. Гэта галоўны ўрач паліклінікі ААТ «Газпрам», заслужаны ўрач Расійскай Федэрацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, хірург вышэйшай катэгорыі Мікалай Лебедзеў.
[caption id="attachment_85386" align="aligncenter" width="400"]
▪ Мікалай Лебедзеў[/caption]
Нельга не згадаць і больш маладую Аксану Дзягцярык, якая зараз працуе ў навукова-даследчым інстытуце імя Вэйцмана ў Ізраілі ў аддзеле структурнай біялогіі ў лабараторыі прафесара Цыппоры Шаккед. Яна з’яўляецца аўтарам публікацый у вядомых навуковых часопісах і аднаго патэнта, удзельнікам шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый, якія праводзіліся ў Чэхіі, Польшчы, Германіі, Расіі, Харватыі, Іспаніі, Партугаліі, Францыі, Швейцарыі, Аўстрыі, ЗША.
[caption id="attachment_85384" align="aligncenter" width="700"]
▪ Аксана Дзягцярык[/caption]
Сярод знакамітых навукоўцаў значыцца імя Ірыны Вячаславаўны Ярмалінскай (Чарапанавай) – кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтара шматлікіх навуковых публікацый.
[caption id="attachment_85385" align="aligncenter" width="355"]
▪ Ірына Чарапанава[/caption]
Шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі імя яшчэ аднаго былога выпускніка – Сяргея Ждановіча, таленавітага кампазітара, пра-дзюсара, паэта. Створаны ім прадзюсарскі цэнтр вядзе сумесныя праекты з рэжысёрам Уладзімірам Янкоўскім. Сяргей Ждановіч – аўтар гімнаў горада Капыля і Жодзіна, музыкі да кінафільмаў, унікальнага музычнага праекта «Гукі школ».
[caption id="attachment_85379" align="aligncenter" width="840"]
▪ Сяргей Ждановіч (злева) падчас паказу фільма «Пес Рыжий» у роднай школе[/caption]
Дарэчы, менавіта тут, у роднай школе, прайшоў прэс-паказ яго мастацкага фільма «Пес Рыжий». Спіс знакамітых выпускнікоў можна працягваць.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара і з архіва школы