Традыцыйная зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета сустракала каля 150 яе ўдзельнікаў і балельшчыкаў без снегу і марозу. Таму ад яе традыцыйнасці засталася толькі назва.
Тым не менш 15 каманд-удзельніц паказалі тое, што яны не толькі паспяхова працуюць на зямлі, але і ўмеюць спаборнічаць у спорце.

Арганізатарамі мерапрыемства, якое прайшло ў спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, выступілі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
Адкрываючы спаборніцтвы, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура пажадалі ўдзельнікам поспехаў на ўсіх этапах і дастойнай барацьбы.
І вось яна разгарнулася. Распачалі яе жанчыны скачкамі са скакалкай.
[caption id="attachment_85342" align="aligncenter" width="840"]
■ На скачках са скакалкай Алеся Саліла з ААТ «Старыца-Агра»[/caption]
У гэтым відзе перамогу атрымала Уладзіслава Бельская з ЗАТ «Жыліхава». Яе выступленне дазволіла сельгаспрадпрыемству заняць у гэтым відзе і першае агульнакаманднае месца.
Камбінаваная эстафета ўключала ў сябе бег са скакалкай, вядзенне футбольнага, баскетбольнага мяча, вядзенне шайбы клюшкай, на жаль, не па лёдзе, а па падлозе спартзалы… Тут пераможцай стала каманда ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» у складзе Марыны Емяльянчык, Аляксандра Дудко, Дзмітрыя Сурко і Дзмітрыя Малюкевіча.

[caption id="attachment_85341" align="aligncenter" width="840"]
■ Камбінаваная эстафета[/caption]
У кіданні мяча ў баскетбольную карзіну лепшыя вынікі ў Юліі Ніжэвіч з ААТ «Скабін» і Генадзя Задруцкага з ААТ «Піянер-Агра», а ў камандным заліку больш балаў набрала КСУП «Доктаравічы».

Як заўсёды, адным з самых відовішчных стала перацягванне каната (але, ізноў жа, эфект згубіўся з-за таго, што конкурс праводзіўся не на снезе, а ў зале). Тут роўных не было сапраўдным асілкам з ААТ «Семежава» Яўгену Ігнатчыку, Сяргею Пілату, Уладзіміру Шчоткіну, Міхаілу Храноўскаму, якія ў працяглай барацьбе даказалі сваю перавагу.
[caption id="attachment_85343" align="aligncenter" width="840"]
■ На перацягванні каната - каманда ААТ «Ціміразеўскі»[/caption]
Найбольшую суму ачкоў у дартсе набралі Ірына Дзямідчык з ААТ «Праснакі» і Генадзь Задруцкі з ААТ «Піянер-Агра», у камандным заліку таксама вылучыліся праснакоўскія спартсмены.
[caption id="attachment_85345" align="aligncenter" width="840"]
■ Дырэктар КСУП «Доктаравічы» Сяргей Шарупіч падчас дартсу[/caption]
Лепшымі плыўцамі прызнаны Іна Лагута з ААТ «Семежава» і Мікалай Новікаў з ААТ «Праснакі», а ў камандным заліку — з ААТ «Старыца-Агра».
Якія ж каманды сталі абсалютнымі пераможцамі? Вынікі падводзіліся па дзвюх групах. Такім чынам, перамогу ў групе з колькасцю да 200 працуючых святкавалі спартсмены з ЗАТ «Жыліхава», на другім месцы — КСУП «Доктаравічы», на трэцім — філіяла «Вялікая Раёўка».

У групе звыш 200 працаўнікоў самай моцнай стала каманда з ААТ «Піянер-Агра», за ёй услед ішлі ААТ «Семежава» і «Старыца-Агра». Усе пераможцы і прызёры атрымалі ўзнагароды ад арганізатараў.
[caption id="attachment_85344" align="aligncenter" width="840"]
■ Каманды-пераможцы: ААТ «Піянер-Агра» (звыш 200 працаўнікоў) і ЗАТ «Жыліхава» (да 200 працаўнікоў)[/caption]
Гутарым з пераможцамі
Ганна БАХТА, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Піянер-Агра»:
— Вельмі радуе, што выступілі так паспяхова. Каманда падрыхтаваная, зла-джаная, энергічная. Вельмі шмат моладзі, якая сябруе з фізкультурай і спортам. У склад каманды ўвайшлі як спецыялісты, так і простыя рабочыя.
Уладзіслава БЕЛЬСКАЯ, старшыня прафкама ЗАТ «Жыліхава»:
— Мы вельмі стараліся, каб быць першымі ў сваёй групе. Прымаем удзел кожны год. Дарэчы, лідзіравалі і ў 2017 годзе. У нашай гаспадарцы многа маладых спецыялістаў, якія з цікавасцю прынялі ўдзел у спаборніцтвах. Паспяхова выступіць ім дапамагла маладосць і актыўнасць.
Падзяліліся сваімі ўражаннямі і іншыя ўдзельнікі спартакіяды
Ірына ДЗЯМІДЧЫК, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Праснакі»:
— Спаборніцтвы вельмі спадабаліся. У нашай гаспадарцы даволі шмат моладзі, таму сабраць каманду не з’яўляецца праблемай. Члены нашага калектыву атрымліваюць абанементы на наведванне басейна, трэнажорнай залы ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Лічу, што выступілі сёння нядрэнна: як-ніяк, а маем два першыя месцы па дартсе і плаванні.
Яўген ІГНАТЧЫК, аграном-насеннявод ААТ «Семежава»:
— Сёння было весела. Праўда, не так лёгка, як у папярэднія гады. Але заўсёды прыемна перамагчы даволі моцнага саперніка. Гэта я пра перацягванне каната. У нашай гаспадарцы станоўча адносяцца да развіцця спорту. На базе спартыўнай залы мясцовай школы тры разы на тыдзень ёсць магчымасць зай-мацца любімым відам спорту. Быць здаровым — гэта зараз модна!
Святлана БУРМАКА, заатэхнік-селекцыянер ААТ «Ціміразеўскі»:
— Не першы раз прымаю ўдзел у спартакіядзе. Вельмі цікава змяніць абстаноўку, тым больш што спорт я люблю. Сёлета мне давялося прабегчы са скакалкай у камбінаванай эстафеце, пакідаць баскетбольны мяч і паўдзельнічаць у дартсе. Выступілі не скажу што зусім паспяхова, але галоўнае — удзел.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии