Першыя перамогі і станоўчыя эмоцыі прыйшлі на раённых спаборніцтвах па кросе, калі юнак яшчэ навучаўся ў Лясноўскай сярэдняй школе. Настаўнік фізічнай культуры ўстановы адукацыі Віталь Позняк зразумеў адразу: будзе з хлопца добры спартсмен. Рухавы, спрытны, дысцыплінаваны, Руслан больш чым на «выдатна» выконваў усе нарматывы па фізпадрыхтоўцы. На адным са спаборніцтваў талент юнака заўважыў і трэнер ДЮСШ Капыльскай РПА БПС работнікаў АПК Дзмітрый Була. Менавіта ён і прапанаваў перавесціся вучыцца ў гімназію № 1 г. Капыля, каб займацца спортам на больш высокім узроўні.
Падчас навучання ў гарадской установе адукацыі Руслан захапіўся лыжамі. Але выступаць за гонар гімназіі, сваёй дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, Капыльскага раёна і нават Мінскай вобласці даводзілася па розных відах спорту. Апошнім часам (яшчэ да школы-вучылішча алімпійскага рэзерву) Руслан Гарнастай браў старт больш чым на дзясятку буйных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ён станавіўся пераможцам і прызёрам Нацыянальнага фестывалю бегу «Языльская дзясятка», XXXII Міждзяржаўнага марафону «Адкрыццё сезона» ў Асіповічах, рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі «Снежны снайпер», рэспубліканскай спартакіяды спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў па лёгкай атлетыцы і многіх іншых. Адным з адметных поспехаў можна лічыць сёлетняе адкрытае першынство Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках, дзе Гарнастай выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту.
З верасня 2016 года Руслан навучаецца ў Плешчаніцах. Як адзначыў юнак у размове, у вучылішчы даводзіцца шмат трэніравацца і, пры гэтым, не забываць пра вучэбную праграму. Таму лічыць, што спорт — даволі цяжкая праца. Але, калі прытрымлівацца пэўнай мэты ў жыцці, тады пераадольваць усе цяжкасці становіцца значна лягчэй.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Заўсёды ветлівая, яна ўмее знайсці падыход да кожнага: усё цярпліва растлумачыць, хутка абслужыць і абавязкова падорыць усмешку. Кліенты яе любяць і паважаюць — а яна шчаслівая, што сваёй работай робіць жыццё людзей больш зручным і камфортным.
Нарадзілася Ніла Люцыянаўна ў Аножках, што непадалёку ад Капыля. Пасля заканчэння 8 класаў паехала да дзядзькі ў далёкі Мурманск, дзе паступіла ў педагагічнае вучылішча. На працягу 16 гадоў адпрацавала там жа выхавальнікам дзіцячага сада сударамонтнага завода «Нерпа». У 1998 годзе вярнулася на сваю радзіму, дзе спачатку таксама два гады аддала педагагічнай ніве. Аднак так склаліся абставіны, што давялося змяніць поле дзейнасці. І ў 2000 годзе яна прыйшла ў сферу паштовай сувязі: тры гады дастаўляла карэспандэнцыю ў гарадскім аддзяленні, а са жніўня 2003 года працуе аператарам.
За перыяд працы Ніла Люцыянаўна ўжо добра ведае некаторых сваіх кліентаў, вывучыла іх характары і да кожнага знайшла індывідуальны падыход.
— Аддзяленне паштовай сувязі Капыль-2 стала для мяне амаль другім домам, — гаворыць Ніла Люцыянаўна. — Я люблю справу, якой займаюся. Нават калі пенсію якой-небудзь бабулі выплаціш і бачыш, як яна радуецца — самой становіцца прыемна. Вельмі падабаецца асвойваць што-небудзь новае, часта прымаю ўдзел у дапрацоўцы некаторых камп’ютарных праграм. Калі з’яўляецца якая-небудзь навінка, то ў мяне быццам крылы вырастаюць. Хочацца як мага хутчэй вывучыць і працаваць.
Кіраўніцтва аддзялення сувязі характарызуе Нілу Люцыянаўну як працавітага, добрасумленнага і выканаўчага работніка, які адказна адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. У яе адрас няма скаргаў ад кліентаў, яна забяспечвае захаванасць грашовых сум і паштовых адпраўленняў.
Лепшым адпачынкам пасля працоўнага дня жанчына лічыць вязанне. Па яе словах, гэта з’яўляецца добрым сродкам для зняцця стомленасці. А ў вясенне-летне-асенні перыяд на веласіпедзе спяшаецца ў Аножкі да сваёй матулі, дзе любіць заняцца агародніцтвам. Прыемнымі момантамі напаўняецца жыццё, калі ў госці прыязджаюць дачка і два сыны, а дом запаланяе смех унукаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Сяргей Іванавіч добра спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі, знаходзіць належны кантакт з вяскоўцамі, выконвае патрабаванні вышэйшага кіраўніцтва, сам уносіць прапановы.
Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця сельсавета з’яўляецца добраўпарадкаванне.
— Вялікую ўвагу надаём прыстанку памерлых — могілак на тэрыторыі сельсавета 9. Пахаванні павінны быць прыбранымі і абкошанымі, нават калі няма спадчыннікаў, — лічыць Сяргей Цвірко. — Таксама замяняем агароджы (на шасці яны ўжо жалезабетонныя). Праўда, рабіць гэта даводзіцца з прыцягненнем сродкаў насельніцтва. Рамантуем воінскія помнікі, абеліскі, брацкія магілы. Садзейнічаюць у навядзенні парадку мясцовы аварыйна-выратавальны пост, школа, сельгаспрадпрыемствы.
Вядома, што выгляд населеных пунктаў псуюць старыя, кінутыя хаты. Таму ў мінулым годзе ў сельсавеце знесена 47 пустуючых будынкаў і на іх месцы добраўпарадкаваны тэрыторыі. Працягваецца працэс па скасаванні вёскі Пнівада, дзе захаваны ўсе пабудовы. За гэты ж час спілавана 845 аварыйна-небяспечных дрэў, ліквідавана 56 стыхійных сметнікаў. Традыцыйна наводзіцца парадак напярэдадні святаў вёсак, якія штогод абавязкова праводзяцца ў Пацейках, Душаве і Траянаве.
Сельвыканкам працуе ў цесным кантакце з насельніцтвам. Праз сходы грамадзян, сувязь са старэйшынамі і дэпутатамі вырашаюцца праблемы вяскоўцаў, вядзецца прафілактычная работа па прадухіленні проціпраўных дзеянняў, пажараў, сацыяльнага недабрабыту і г.д.
Дапамагаць людзям у будзённых клопатах і справах заўсёды імкнецца Сяргей Цвірко. А спрыяе яму ў гэтым вопыт папярэдняй дзейнасці. За плячыма ў Сяргея Іванавіча атрыманне прафесіі інжынера, педагагічнай адукацыі, работа ў маладзёжнай арганізацыі, давялося яму ўзначальваць аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, філіял «Вялікая Раёўка».
А надзейнай падтрымкай у паспяховай рабоце для Сяргея Іванавіча з’яўляюцца яго жонка Алена, дачка Мілена і сын Артур.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
— Мне пашчасціла працаваць у «Беларусбанку», — дзеліцца Святлана Уладзіміраўна. — На ўсіх этапах працы асноўным капіталам былі і застаюцца людзі, супрацоўнікі — дружны, згуртаваны калектыў прафесіяналаў з высокай працаздольнасцю, аб’яднаных адной мэтай, агульнай карпаратыўнай культурай, імкненнем і жаданнем працаваць на вынік.
Па словах Святланы Уладзіміраўны, выканаць намечаныя паказчыкі ў рознічным бізнесе можна толькі разам. Як адзначае спецыяліст, ёй вельмі пашанцавала працаваць побач з намеснікам начальніка-загадчыкам сектара продажаў Валянцінай Сыцько, галоўнымі спецыялістамі аддзела рознічнага бізнесу Аленай Казак, Яўгенам Пуцейкам, Аленай Саўчэняй, Андрэем Лагутам, кіраўніком аперацыйнай службы Наталляй Пыл, спецыялістам Аксанай Емяльянчык і ўвогуле ўсімі супрацоўнікамі аддзела рознічнага бізнесу.
— Для нас «розніца» — гэта дружны, зладжаны «аркестр», — падкрэслівае Святлана Уладзіміраўна. — Быць дырыжорам такога «аркестра» — велізарнае задавальненне!
Калі ж гаварыць пра Святлану Пабока персанальна, то трэба адзначыць, што ў банкаўскай сістэме яна ўжо працуе 23 гады. Прафесійны вопыт прыходзіў з часам. Пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута давялося папрацаваць інжынерам на заводзе ЖБВ, потым перайшла ў філіял «Беларусбанка». У 2009 годзе атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Святлана Уладзіміраўна займае актыўную жыццёвую пазіцыю: на працягу многіх гадоў узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю цэнтра банкаўскіх паслуг, дзейнасць якой насычана шматлікімі мерапрыемствамі.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Яна прадставіла прэзентацыю пра работу свайго аддзялення і праекты, якія там рэалізуюцца.
Кацярына Сяргееўна кожны свой працоўны дзень праводзіць з пажылымі людзьмі, якім трэба шмат яе ўвагі. Аднак энергія і творчыя задумкі Кацярыны сапраўды невычэрпныя: яна імкнецца знаходзіць усё новыя і новыя формы сваёй працы, зацікавіць і навучыць.
Пажылыя людзі займаюцца скандынаўскай хадзьбой, аквааэробікай і веласпортам. Малады супрацоўнік з радасцю вучыць сваіх падапечных працаваць на камп’ютары, што вельмі важна ў сучасны момант. А яшчэ займаецца з імі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам: у гуртках людзі сваімі рукамі робяць прыгожую і цікавую сувенірную прадукцыю.
Пад кіраўніцтвам Кацярыны Уласавец у Капыльскім ТЦСАН штогод рэалізуецца сацыяльны праект «Зялёная аптэка». Удзельнікі праекта высаджваюць у цяпліцы розныя лекавыя расліны, гадуюць іх, збіраюць і сушаць. Пасля чаго гатуюць смачныя травяныя чаі, якія з задавальненнем п’юць падчас святочных сустрэч.
Настойлівасць і дысцыпліна-ванасць, а таксама багаты творчы патэнцыял дапамагаюць маладой супрацоўніцы дасягаць у сваёй працы значных вяршынь.
Цяпла гэтай прывабнай маладой жанчыны хапае і на сям’ю. З мужам Віталем выхоўваюць дзвюх прыгажунь-дачок — васьмігадовую Уладзіславу і пяцігадовую Дар’ю — жывуць, кахаюць і складаюць планы на будучыню.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА