Добра вядомая ў раёне сям’я педагогаў Анатоля Мікалаевіча і Галіны Уладзіміраўны Сікорскіх (на здымку) з Капыля праявіла сваю актыўную жыццёвую пазіцыю і прыйшла на Коласаўскі ўчастак для галасавання № 15 у першы дзень датэрміновага галасавання.

— Па сямейных абставінах на выхадныя мы не будзем у Капылі, паедзем у Мінск да сваіх дочак, — тлумачыць паважаная сямейная пара. — Таму вырашылі скарыстацца магчымасцю, прадугледжанай выбарчым заканадаўствам, і аддалі свае галасы раней. Тым больш, што на сямейным савеце мы ўжо даўно вызначыліся, каго выбіраць. Хацелася б, каб той дэпутат, які будзе прадстаўляць наш рэгіён у парламенце, унёс важкі ўклад у развіццё і працвітанне Капыльскага раёна.
А вось уклад Сікорскіх у развіццё сістэмы адукацыі Капыльшчыны даволі багаты. Напрыклад, Анатоль Мікалаевіч больш чым за 40 гадоў сваёй працы на педагагічнай ніве ў СШ № 2 г. Капыля падрыхтаваў 6 лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, займаўся даследчай дзейнасцю па вывучэнні роднага краю, выданнем дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў па геаграфіі Беларусі. Апублікавана звыш 80 яго метадычных артыкулаў, шмат гадоў працаваў пазаштатным лектарам Інстытута павышэння кваліфікацыі пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, напісаў гісторыю СШ № 2 г. Капыля. Яго жонка Галіна Уладзіміраўна падчас працы настаўніцай пачатковых класаў гімназіі № 1 г. Капыля дала пуцёўку ў жыццё таксама вялікай колькасці вядомых людзей.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии