[caption id="attachment_31318" align="alignleft" width="300"]

У сучасны момант на месцы былога аэрапорта- кар’ер, дзе здабываюць пясок [/caption]
Мы працягваем падарожжа па старых вуліцах Капыля. Але сённяшні наш маршрут крыху выйдзе за межы горада. І для таго ёсць важкая прычына: мы апынёмся на… узлётнай паласе Капыльскага аэрапорта. Так-так, на самай што ні на ёсць узлётнай паласе, адкуль адпраўляліся самалёты ў Мінск і Салігорск у другой палове ХХ стагоддзя.
З Капыля можна было за паўгадзіны і тры з паловай рублі, няхай дрогка, але седзячы і з камфортам, дабрацца да аэрапорта, які знаходзіўся ў сталіцы па вул. Чкалава. Для параўнання: на аўтобусе ЛАЗ можна было дабрацца на працягу дзвюх з паловай гадзін да вул. Бабруйскай (і гэта толькі тады, калі той ішоў па кароткім шляху праз вёску Старыца, са стаянкамі ў Шышчыцах і Валяр’янах). Адлегласць жа ад цэнтра Капыля да аэрапорта была нават меншай, чым да аўтастанцыі.
У прадстаўнікоў сучаснага пакалення можа з’явіцца пытанне: “Чаму ў нашым
[caption id="attachment_31319" align="alignright" width="300"]

Будынак, у якім знаходзілася каса[/caption]
невялікім горадзе быў аэрапорт? Няўжо аўтобусаў не хапала?” Адказ – у гісторыі нашай рэспублікі. Справа ў тым, што ў той час у краіны былі іншыя магчымасці. І калі цяпер у дзяржавы ў прыярытэтных справах развіццё аўтатрас, то тады дарогі развіваліся далёка не так актыўна. Па-першае, не было такой колькасці аўтамабіляў. А па-другое, рабіць са звычайных дарог хуткасную асфальтаваную шашу – таксама не было магчымасці. Таму для карыстання наземным транспартам часцяком здавольваліся тымі дарогамі, што меліся – грунтавымі і нават яшчэ брукаванымі (каменнымі). Ды і наогул, арганізаваць аўтобусныя зносіны – гэта трэба выбраць прыдатныя дарогі, уладкаваць прыпыначныя пункты і знайсці шафёраў, якія б пагадзіліся ездзіць па гравійцы і грунтавых трасах. А для самалёта дастаткова было грунтавай паласы, што дасталася ад якога-небудзь партызанскага або сельскагаспадарчага аэрадрома.
[caption id="attachment_31320" align="alignleft" width="300"]

Леў Валчкевіч (на першым плане) сочыць за адпраўкай самалёта[/caption]
Двойчы ў год рэспубліканскія газеты друкавалі вялікія табліцы з пералікам авіярэйсаў і цэн на іх. У прыватнасці, на старонках “Савецкай Беларусі” за 1965 год зме- шчаны табліцы з цэнамі на летне-восеньскі (з 15 мая па 14 лістапада) і зімова-вясновы (з 15 лістапада па 14 мая) сезоны. Самыя танныя рэйсы з Мінска лічыліся менавіта ў Капыль, Докшыцы, Навагрудак – білет каштаваў 3 рублі 50 капеек. Квіткі прадаваліся ў аэрапорце і на вакзале, у гасцініцах, у Доме Урада; на аўтамабільным, трактарным, гадзіннікавым, падшыпнікавым заводах і камвольным камбінаце. На старонках “Слава працы” за 1974 год мы таксама знайшлі аб’яву, у якой пасажыраў запрашаюць лятаць самалётамі.
Як успамінае Мая Міхайлаўна Маскалькова, жонка тагачаснага начальніка Капыльскага аэрапорта Валчкевіча Льва Гаўрылавіча, каб набыць білеты на самалёты, у капыльскай касе заўсёды былі вялікія чэргі. Вядома, самалёты “АН-2”, якія адпраўляліся з Капыля, былі разлічаны толькі на 12 пасажыраў. Гэта на рэйсы да Мінска, якія былі два разы на дзень: раніцай і вечарам. А на дзённы палёт Мінск-Капыль-Салігорск-Мінск – усяго на шэсць чалавек. Ніякіх сцюардэс не было, ды і саму паветраную вандроўку не кожны добра пераносіў.
Памятае Мая Міхайлаўна і палёт у навальніцу, калі давялося рабіць паварот у бок Узды і ісці на пасадку з таго боку.
[caption id="attachment_31321" align="alignright" width="228"]

Аб’ява ў газеце “Слава працы” за 1974 год[/caption]
Усяго ў аэрапорце працавалі тры чалавекі: начальнік і два радысты. Аднаго з іх звалі Вячаслаў Асмольскі. А вось лётчыкі былі з Мінска.
Пажаўцелыя старонкі раёнкі за 1963 год захавалі імёны некаторых членаў экіпажаў, якім прыходзілася здзяйсняць не толькі пасажырскія пералёты, але і дапамагаць сельскай гаспадарцы. Вось яны – героі паветранай службы: пілот Віктар Лаўда, бортмеханік Гальчанка, якія працавалі ў калгасе “Праўда”.
А на старонках “СП” за 1968 год мы чытаем аб тым, што працавалі ўжо іншыя пілоты: камандзір самалёта Фёдар Стасенка, другі пілот Уладзімір Бараннік, механік Міхаіл Праташчык і тэхнік Анатоль Лідзін. Усе – маладыя, але справу сваю ведалі і любілі. Разам яны ў сакавіку 68-га рыхтавалі самалёт для своечасовага ўнясення ўгнаенняў на палі Капыльшчыны. Разам і выконвалі гэтую няпростую работу. У нашым раёне, а дакладней у калгасе імя У. І. Леніна, гэты экіпаж адпрацаваў 21 дзень. Калі надвор’е дазваляла, то рабілі і па 30-35 вылетаў у дзень. Усяго на 815 га тарфянікаў унеслі пілоты каштоўныя вітаміны зямлі.
[caption id="attachment_31322" align="alignleft" width="300"]

Мая Маскалькова (другая справа) і Леў Валчкевіч (сядзіць першы справа)[/caption]
Мой тата, Уладзімір Іванавіч Лук’янчык, памятае, як яны, маладыя капыльскія хлопцы, ляталі ў Мінск на вячэрнім рэйсе. Справа ў тым, што аднаму юнаку з іх кампаніі вельмі тэрмінова трэба было пабачыцца з дзяўчынай. Ці было страшна? Тата адказвае, што не: палёт быў нядоўгім, таму і адчуць нейкія адмоўныя эмоцыі не паспелі. Затое сябар паспеў-такі да сваёй знаёмай. А ўсім астатнім давялося наведаць сваякоў: недзе ж трэба было пераначаваць.
Зараз на месцы былога аэрапорта знаходзіцца прыватная фірма і кар’ер, у якім дабываюць пясок. На жаль, няма ніякіх апазнавальных знакаў аб тым, што на гэтым месцы была ўзлётная паласа, якая існавала аж да 1984 года.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Здымкі з архіва раённага краязнаўчага музея.