Кожны год на Шчодры вечар у аграгарадок Семежава прыязджаюць шматлікія госці, каб убачыць відовішчны абрад “Калядныя цары”, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Не толькі хлеб ды соль…
[caption id="attachment_32973" align="aligncenter" width="443" caption="Ала Сташкевіч і Хелена Розэнворд (у цэнтры) з калядоўшчыкамі"]
[/caption]
Яшчэ да пачатку абраду ў мясцовым парку адпачынку разгарнуўся “Калядны кірмаш”, куды гасцінна заклікалі ўсіх, хто завітаў на свята. Свойская каўбаса і паляндвіца, блінцы і аладкі з мачанкай, марынаваныя агуркі і сала, фірмавая семежаўская саладуха і духмяны травяны чай з выпечкай — такія прысмакі чакалі сваіх “пакупнікоў”. А за стравы нацыянальнай беларускай кухні госці расплачваліся самай хадавой “валютай” гэтага вечара: песнямі, вершамі і байкамі. Не абышлося на свяце без вясёлых танцаў, варажбы і прадказанняў.
Праз пару гадзін увага ўсіх прысутных была ўжо скіравана на каляднае дзейства, галоўнымі героямі якога сталі два калектывы “Цароў” — “старэйшы” і “маладзейшы”. Апранутыя ў белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж навязаныя на грудзях, і высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі, хлопцы ў суправа-джэнні Дзеда і Бабы дружным строем накіраваліся ў парк адпачынку. Пасля невялікага прадстаўлення “Цары” разышліся па маршрутах, дзе іх ужо чакалі семежаўцы. Візіт маладых хлопцаў — гэта спадзяванні на дабрабыт і ўсё самае найлепшае ў бягучым годзе. Таму яны і жаданыя госці ў кожнай хаце.
[caption id="attachment_32974" align="aligncenter" width="443" caption="На “Калядным кірмашы”"]
[/caption]
“Чужы” ў страі “сваіх”
Спачатку давялося паназіраць за маладым калектывам, у якім, як высветлілася пазней, сёлета прымалі ўдзел не толькі семежаўскія хлопцы. Механошам тут быў супрацоўнік міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мир”. На ўласным вопыце яму захацелася адчуць атмасферу абрада. Дарэчы, нягледзячы на тое, што большасць гэтага калектыву “Калядных цароў” складалі юнакі, якія першы раз удзельнічалі ў свяце, трымаліся яны вельмі ўпэўнена. Нават не верылася, што гэты састаў фактычна — навічкі. Ды і Механоша хутка авалодаў сваёй роляю, спраўна збіраючы шчодрыя падарункі ад хлебасольных гаспадароў.
На другім канцы аграгарадка за дзействам “старэйшага” калектыву назірала таксама шмат гасцей. Дзясяткі фотакамер лавілі амаль кожны рух “Калядных цароў”. Падчас невялікіх перапынкаў прысутныя ўстройвалі фотасесіі з каларытным гуртам. А як толькі прыцямнела, бравы строй, запаліўшы факелы, у су-праваджэнні гасцей і мясцовых жыхароў накіраваўся ў наступную хату, дзе разыгрываў драму “Цар Максіміліян”…
[caption id="attachment_32975" align="aligncenter" width="443" caption="Дары прымае Механоша з тэлерадыёкампаніі “Мир”"]
[/caption]
Адкуль пайшоў Калядны абрад?
Першапачатковая версія ўзнікнення абраду ўжо гучала ў сродках масавай інфармацыі. Згодна з ёй, у пачатку XIX стагоддзя расійскія салдаты і афіцэры, якія знаходзіліся ў Семежаве, на Шчадрэц хадзілі ў сваёй звычайнай вайсковай форме па хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, а потым атрымлівалі падарункі ад гаспадароў. Але спецыялісты-краязнаўцы лічаць, што гэта гісторыя не зусім дакладная. Некаторымі меркаваннямі аб узнікненні абраду “Калядныя цары” падзялілася начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч. “Насамрэч, гісторыю абраду добра не даследавалі. І толькі гады два назад паднялі гістарычныя архівы, дзе захоўваліся Інвентары Семежава. На той час мястэчка было цэнтрам кірмашовай культуры. У XVIII стагоддзі яно належала Радзівілам. У гістарычных крыніцах тады яшчэ зафіксаваны такія прафесіі, як штукары, жанглёры, дрэсіроўшчыкі мядзведзяў. Таму зразумела, што частка семежаўцаў удзельнічала ў розных імпрэзах князёў Радзівілаў. А Капыльшчына і Случчына — гэта яшчэ і цэнтр распаўсюджвання батлеечнай культуры на Беларусі. Можна меркаваць, што на нейкім этапе, магчыма нават пад уплывам радзівілаўскага тэатру, адбылася трансфармацыя лялечнага тэатра ў рэальны перфоманс (прадстаўленне), дзе ўдзельнічалі людзі. Вядома, што нейкі перыяд у XVIII стагоддзі звычайны калядны гурт замест казы вазіў “Цара Максіміліяна” з п’есы, якую заўсёды паказвалі на Каляды ў батлейках. Гэта быў першы ўспамін пра “Цароў”. Далей ужо, у XVIII стагоддзі, гэты абрад — яркая мясцовая культура. Безумоўна, пасля ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі адбыўся нейкі ўплыў: у абрадзе ёсць руская народная песня, з’яўляецца фігура Лекара, які насіў форму рускага салдата. Гэта і зразумела: абрад быў жывы, ён развіваўся. У 2013 годзе адбылася экспедыцыя нашага інстытута сумесна са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у вёску Бялевічы Слуцкага раёна, дзе таксама ёсць абрад “Цары” (заснаваны на сюжэце драмы “Цар Максіміліян”. — С. Л.). Але гэта зусім іншая п’еса, зусім іншая пастаноўка. Гісторыю бялевіцкіх цароў таксама неабходна яшчэ даследаваць. А вось у Семежаве абрад застаўся ў вельмі выразным выглядзе, таму што месца гэта ва ўсіх сэнсах унікальнае”.
[caption id="attachment_32976" align="aligncenter" width="443" caption="Інтэрв’ю для БелТА дае дырэктар Семежаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Таццяна Шаура"]
[/caption]
Традыцыя будзе працягвацца!
Пакуль “Цары” маршыравалі па аграгарадку, удалося таксама пагутарыць з госцяй са Швецыі, праграмным спецыялістам Еўрапейскага фонду “Культурная спадчына без межаў” Хеленай Розэнворд, якая завітала ў Семежава, каб на свае вочы ўбачыць захапляючы абрад. “Мы цесна супрацоўнічаем з “ICOM” у Беларусі (Беларускі камітэт Міжнароднага Савета Музеяў. —
С. Л.). Дзякуючы гэтай арганізацыі я і даведалася пра абрад. Спачатку спрабавала знайсці якую-небудзь інфармацыю пра “Цароў” у Інтэрнэце, але не змагла. Я думаю, што гэта вясёлае святкаванне. Прыемна было бачыць, што ўдзел у абрадзе прымаюць у асноўным маладыя людзі. Гэта значыць, традыцыя будзе працягвацца, — падзялілася ўражаннямі Хелена. — Вельмі рада, што я ўбачыла гэты цікавы абрад”.
[caption id="attachment_32977" align="aligncenter" width="443" caption="У гасцях - “маладыя” “Цары”"]
[/caption]
Пасля відовішчнага прадстаўлення Хелену Розэнворд запрасілі ў хату ўдалай гаспадыні Ніны Рымжы, члена клубнага аб’яднання “Семяжовачка”, створанага пры мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу. Яна ўбачыла, як гасцінна сустракаюць і смачна частуюць мясцовыя жыхары. І не толькі замежных гасцей, але і кожнага, хто завітае да гаспадароў хаты на Шчодры вечар.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара