Адбыўся чарговы семінар-нарада па ўзаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі па прадухіленні сямейнага недабрабыту, п’янства і алкагалізму, суіцыдальных паводзін грамадзян.
На яго запрашаліся кіраўнікі аддзелаў і структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, намеснікі кіраўнікоў (спецыялісты) па ідэалагічнай рабоце, члены камісіі па справах непаўналетніх. Вяла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Царкова.
Асаблівая ўвага на нарадзе была нададзена аналізу выпадкаў суіцыду за 2013 год па Капыльскім раёне, а таксама крытэрыям суіцыдальнай рызыкі. На гэтых праблемах спыніліся ўрач-псіхіятр Капыльскай ЦРБ Марына Гайдзель і педагог-псіхолаг Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Капыльскага раёна Пётр Лобаў. Праблемныя пытанні ў рабоце з сем’ямі, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, узняла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Зоя Дайняк.
Па выніках нарады даручана забяспечыць больш цеснае ўзаемадзеянне зацікаўленых службаў па раннім выяўленні сямейнага недабрабыту, міжведамаснай дапамогі сем’ям у рамках плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Таксама вырашана правесці практычныя заняткі з установамі адукацыі па арганізацыі работы па раннім выяўленні сямейнага недабрабыту, правядзенні сацыяльнага расследавання і прыняцця своечасовых мер па ўхіленні прычын і ўмоў недабрабыту.
На семінары-нарадзе быў разгледжаны раённы комплексны план па прафілактыцы суіцыдальных паводзін на 2014 год. У адпаведнасці з ім будзе арганізавана міжведамасная камісія па прафілактыцы суіцыдаў пры райвыканкаме, будзе аказвацца дапамога асобам, якія трапілі ў крызісныя сітуацыі, і з груп рызыкі, з гэтай жа мэтай арганізоўваюцца гарачыя тэлефонныя лініі і тэлефоны даверу. У першым квартале 2014 года павінны пачаць работу псіхатэрапеўтычны і псіхалагічны кабінеты для дзяцей і дарослых пры Капыльскай ЦРБ. Будзе больш увагі надавацца вывучэнню ва ўстановах адукацыі пытанняў прафілактыкі суіцыдаў, правядзенню выхаваўчых мерапрыемстваў па дадзенай тэматыцы, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх і рэлігійных арганізацый. Больш актыўна будуць прыцягвацца навучэнцы да правядзення акцый, стварэння рэкламы, насценгазет, выступлення ў агітбрыгадах па пытаннях прапаганды каштоўнасці чалавечага жыцця. Запланаваны яшчэ шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне дадзенай праблемы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии