Згодна з рашэннем Капыльскага райвыканкама №874 ад 28 чэрвеня 2013 года “Аб рэарганізацыі сельскіх выканаўчых камітэтаў” Камсамольскі сельвыканкам быў далучаны да Грозаўскага. У сувязі з гэтым тэрыторыя апошняга стала больш за 16 000 гектараў, у 34 населеных пунктах пражывае 2448 чалавек. Большасць жыхароў успрыняла гэты працэс спакойна, з разуменнем, бо неабходнасць аптымізацыі падказвае само жыццё. Удвая павялічылася плошча, колькасць населеных пунктаў, жыхароў, а значыць, і праблем, якія ўзнікаюць штодзённа.
У артыкуле 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку ўстройства Рэспублікі Беларусь” гаворыцца: “Пры знаходжанні аграгарадка ў межах тэрыторыі сельсавета яго адміністрацыйны цэнтр размяшчаецца ў аграгарадку”. Сапраўды, прыехаўшы ў аграгарадок Грозава па справах, жыхары навакольных вёсак маюць магчымасць наведаць не толькі сельвыканкам, але і паштовае аддзяленне, філіял Беларусбанка, амбулаторыю, аптэку, магазін, комплексна-прыёмны пункт. Карацей, вырашыць усе свае надзённыя праблемы.
На працягу месяца пасля аб’яднання спецыяліст Грозаўскага сельвыканкама вёў прыём грамадзян штодзённа ў будынку былога Камсамольскага, затым працяглы час — адзін раз у тыдзень. Хутка гэта стала немэтазгодным, паколькі наладжаны транспартныя зносіны: жыхары былога Камсамольскага сельсавета маюць магчымасць па аўторках і чацвяргах прыехаць у Грозава і вырашыць усе пытанні. Дарэчы, аўтобус чакае ў Грозаве амаль паўтары гадзіны.
Сельвыканкам практыкуе падворныя абходы грамадзян, абследаванне жыллёвых умоў, сустрэчы па месцы жыхарства. Пытанні ўзнікаюць самыя розныя: спілоўванне аварыйных дрэў, выдзяленне зямельных участкаў, забеспячэнне палівам, рамонт дарог, ачыстка іх ад снегу, асвятленне вуліц і многае іншае.
У цяперашні час праводзіцца інвентарызацыя пустуючых сядзіб, вядзецца работа з нашчадкамі пустуючых дамоў па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 “Аб упарадкаванні і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у населеных пунктах”. У мінулым годзе знесена 6 дамоў, 4 гаспадарчыя пабудовы, захаваны падмуркі знесеных дамоў у аграгарадку Грозава, вёсках Міхалёўцы, Праснакі. Старых платоў знята 2275 метраў. У рамках правядзення месячніка па навядзенні парадку на зямлі ўбрана старая драўляная агароджа на грамадзянскіх могілках в. Загараўшчына, устаноўлена 60 метраў новай жалезабетоннай на могілках аграгарадка Грозава. Усе грамадзянскія могілкі рашэннем сельвыканкама замацаваны за ўстановамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета.
Калі на тэрыторыі былога Грозаўскага сельсавета гэта ўжо адладжаны працэс, то на тэрыторыі Камсамольскага яшчэ ўзнікаюць некаторыя цяжкасці. Але вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні могілак аказваюць сельгаспрадпрыемствы, у суботніках актыўны ўдзел прымаюць работнікі сельвыканкама, сацыяльнай сферы.
Работнікамі сельвыканкама і філіяла “Лакнея” УП “Прыорлізінг” праведзена абследаванне вёсак Кандратавічы, Камсамольская, Дунаева. Восенню было заарана 7 га безгаспадарных надзелаў, гэта зямля будзе ўцягнута ў севаабарот. Работы прадоўжацца вясною.
Вялікай увагі патрабуюць да сябе адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, многія з якіх ужо па стане здароўя і ўзросце не могуць пражываць самастойна. Так, тры чалавекі змешчаны ў інтэрнаты, чатыры знаходзяцца на сацыяльных ложках.
Перыядычна праводзяцца рэйды па сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (а іх стаіць на ўліку 16), супрацоўнікамі сельвыканкама, мясцовых школ, участковым інспектарам. Участковы Капыльскага РАУС і супрацоўнікі МНС наведваюць розныя катэгорыі грамадзян. I сёння з упэўненасцю можна сказаць, што галоўная праблема — гэта злоўжыванне алкаголем. Само жыццё падказвае, што трэба змагацца з дармаедствам.
У сямі сем’ях выхоўваюцца дзеці-інваліды. Усе яны былі наведаны работнікамі сельвыканкама, а дзеці — запрошаны на раённую ёлку, дзе атрымалі падарункі.
Народная мудрасць гаворыць: “Не памыляецца той, хто нічога не робіць”. Так і ў нас: нешта атрымліваецца лепш, штосьці выклікае цяжкасці. Але я ўпэўнена, што сумесная работа сельвыканкама, кіраўнікоў гаспадарак, устаноў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, саміх жыхароў, дасць свой плён, і ўсё ў нас атрымаецца.
Жанна СКРЫГАН,
старшыня Грозаўскага сельвыканкама