Вёска Кудзінавічы, што ў Пацейкаўскім сельсавеце, знаходзіцца на мяжы Капыльскага і Нясвіжскага раёнаў. Калісьці, у канцы 90-х гадоў ХХ ст., тут пражывала звыш 150 чалавек, зараз жа – 59. Але гэту крыху аддаленую вёску нельга назваць выміраючай, бо аблюбавалі гэты маляўнічы куток дачнікі. Шмат дамоў выкупляюць несвіжане, вяртаюцца на малую радзіму і ўраджэнцы гэтых мясцін. Таму асабліва кіпіць тут жыццё ўлетку.
Аб’ядноўвае людзей для агульнай працы на карысць усіх жыхароў вёскі яе старэйшына Наталля Андрушкевіч. На гэтай “пасадзе” Наталля ўжо гадоў пяць. А ўвогуле ў Кудзінавічах з 1990 года, калі па размеркаванні была накіравана загадчыцай мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. На працягу дваццаці гадоў яна аказвала медыцынскую дапамогу сваім землякам, пакуль ФАП не закрыўся. Пасля некаторы час узначальвала раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Цяпер жа яна зноў каля сваіх бабуляў і дзядуляў, але ўжо ў іншай ролі — сацыяльнага работніка. Менавіта гэта спецыяльнасць дапамагае Наталлі Леанідаўне спраўляцца з работай старэйшыны. Наведваючы сваіх падапечных, яна не толькі аказвае ім неабходную дапамогу (часам і медыцынскую), але і вывучае іх праблемы, трымае сувязь паміж насельніцтвам і сельвыканкамам.
— Увогуле работы ў населеным пункце многа, асабліва па добраўпарадкаванні, — адзначае Наталля Андрушкевіч. — Людзі амаль усе паважанага ўзросту, а трэба і суботнікі арганізоўваць, і парадак каля дамоў наводзіць. Але хачу сказаць, што мае землякі заўсёды адносяцца з разуменнем і па меры магчымасці аказваюць дапамогу. Шмат праблем узнікае з-за пустуючых сядзіб, якіх у вёсцы звыш дваццаці. У мінулым годзе пры дапамозе сельвыканкама і ААТ “Прагрэс 2010” добраўпарадкавалі мясцовыя грамадзянскія могілкі, устанавілі 280 м жалезабетоннай агароджы. Таксама я даглядаю дзве брацкія магілы.
— Як вядома, старэйшыны з’яўляюцца самымі надзейнымі памочнікамі мясцовай улады, — падкрэслівае старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Генадзь Лопух. — Менавіта такім сувязным звяном можна назваць і Наталлю Леанідаўну. Яна даводзіць да ведама насельніцтва ўсе нашы паведамленні і патрабаванні, арганізоўвае сходы і сустрэчы, перадае зваротныя пажаданні. Можна сказаць, што яна прывучыла жыхароў Кудзінавіч да сумеснага вырашэння агульных пытанняў. Адным словам, дзейнасць старэйшыны, яе ініцыятыўнасць, адносіны з жыхарамі і цесны кантакт з мясцовымі органамі дазваляюць сцвярджаць, што ў бядзе мы нікога не пакінем.
Сяргей КОЗЕЛ
НА ЗДЫМКУ: Наталля Андрушкевіч з ветэранам працы Фаінай Лепяціла.
Фота аўтара
Комментарии