У апошні дзень зімы ў рознічнай гандлёвай сетцы Беларусі прайшла акцыя «Адзіны дзень скідак». Наш раён не стаў выключэннем
Так, 28 лютага пакупнікам прамтаварных магазінаў Капыльскага райспажыўтаварыства былі прадастаўлены скідкі на 15%. Гэта адбылося за кошт узгодненага зніжэння цаны арганізацыямі-вытворцамі і надбавак гандлёвымі арганізацыямі.
Магазіны нашага раёна ўжо традыцыйна прымаюць удзел у падобных акцыях. Напрыклад, да Дня абаронцаў Айчыны 21 лютага можна было набыць больш танна некаторыя рэчы для мужчын. А вось падчас «Адзінага дня скідак» тавары прамысловай групы па зніжаных цэнах рэалізоўвалі ўнівермагі і іншыя гандлёвыя кропкі для ўсіх пакупнікоў. Як паведаміў першы намеснік старшыні праўлення рай-спажыўтаварыства Аляксандр Танко, выручка ў гэты дзень была амаль у дзесяць разоў вышэй, чым у папярэднія дні.
Задавальненне такім мерапрыемствам выказалі як пакупнікі, так і работнікі гандлю.
Святлана Вячаславаўна, жыхарка г. Капыля:
— Вельмі добра, што праходзяць такія акцыі. Хоць і крыху, але кошт тавараў зніжаецца. Асабліва адчувальна, калі купляеш што-небудзь дарагое. Я ж сёння набыла шкарпэткі, падкоўдранік і яшчэ некаторыя рэчы.
Валянціна Леанідаўна, жыхарка г. Капыля:
— У гэты дзень можна набыць тое, што даўно нагледзеў. А для райспажыўтаварыства гэта магчымасць атрымаць грошы для закупкі новага тавару.
Святлана Калініна, прадавец аддзела «Хозяюшка»:
— Сёння ў нас вельмі шмат пакупнікоў, нават утварылася чарга. Вялікім попытам карыстаецца ўсё без выключэння: і посуд, і бытавая хімія, і шпалеры, і многае іншае. Выбар у нас таксама багаты, бо напярэдадні было паступленне тавараў.
Таццяна Мукоід, загадчыца аддзела «Обувь»:
— Гандаль у нас ідзе нядрэнна. У першую чаргу раскупляюцца панчошна-шкарпэтачныя вырабы, асенні абутак, а некаторыя набываюць і зімовы.
Наталля Сінюк, прадавец магазіна «Строитель»:
— Пакупнікоў даволі шмат на працягу ўсяго дня. Многія нашы наведвальнікі набываюць будаўнічыя матэрыялы, добрым попытам карыстаюцца тавары для веснавога сезона: грунт, угнаенні, сродкі аховы, інвентар і г. д.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА