У Беларусі да 1 верасня закупяць каля 100 школьных аўтобусаў. Аб гэтым паведаміла 20 жніўня журналістам намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Каржова.
«Аўтобусны парк абнаўляецца. Да 1 верасня плануецца набыць каля 100 аўтобусаў, з іх 60 (па 10 аўтобусаў на кожны рэгіён) перадае Банк развіцця па дзеючай праграме», ― сказала Ірына Каржова.
Сёння для падвозу дзяцей выкарыстоўваецца каля 1,4 тыс. школьных аўтобусаў. «Мы плануем, паводле папярэдняй інфармацыі, што падвозу будуць падлягаць каля 65 тыс. навучэнцаў (не толькі вучняў сярэдніх школ, але і выхаванцаў дашкольных устаноў)», ― сказала намеснік начальніка ўпраўлення. У 2014/2015 навучальным годзе колькасць дзяцей, якіх падвозілі да ўстаноў адукацыі, была вышэй ― каля 70-72 тыс. чалавек.
У сусветным рэйтынгу харчовай бяспекі (Global Food Security Index 2015) Беларусь размясцілася на 44-м месцы сярод 109 краін, палепшыўшы паказчык у параўнанні з 2014 годам адразу на тры пазіцыі.
Беларусь трапіла на 44-е месца, атрымаўшы ў падагульняючым індэксе 63,5 бала. Усяго ж з 2012 года, калі рэйтынг быў апублікаваны ўпершыню, Беларусь палепшыла свае паказчыкі на 1,9 бала.
Харчовая бяспека характарызуе здольнасць дзяржавы забяспечыць усіх грамадзян дастатковай колькасцю здаровай ежы, неабходнай для актыўнага і здаровага жыцця. Яе адносяць да ліку галоўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краін.
У Беларусі ўдасканалена дзяржаўнае рэгуляванне абароту алкагольнай прадукцыі, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
«19 жніўня бягучага года Савет Міністраў прыняў пастанову № 702, згодна з якой выплата вытворцамі алкагольнай прадукцыі, на якую дзяржаўнымі органамі, што ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), устаноўлены гранічныя мінімальныя адпускныя цэны, любых узнагароджанняў (прэмій, бонусаў і іншых плацяжоў) за паслугі, накіраваныя на прасоўванне гэтай прадукцыі, праводзіцца на падставе адпаведных грамадзянска-прававых дагавораў», ― адзначылі ў прэс-службе.
Дакументам таксама прадугледжана, што памер выручкі ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі яе вытворцы з улікам узнагаро- джання павінен быць не ніжэйшы за кошт алкагольнай прадукцыі, разлічаны зыходзячы з устаноўленых Міністэрствам гандлю гранічных мінімальных адпускных цэн на яе.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 верасня 2015 года.
За плённую працу, творчую ініцыятыву, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення настаўніца геаграфіі гімназіі №1 г. Капыля Алена Сяргееўна РОЎБУЦЬ узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі».
Узнагароджанне адбылося ў Маладзечне на абласной педагагічнай канферэнцыі, тэма якой гучала так: «Якасць адукацыі: сучасны кантэкст — эфектыўныя рашэнні».
Дзіяна ТКАЧЭНКА