22 чэрвеня — 75 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Гэты здымак наш зямляк Іван Трыгубовіч адправіў сваякам амаль за два тыдні да пачатку вайны. Тады ён яшчэ не ведаў, што хутка ў ліку першых чырвонаармейцаў будзе змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, абараняючы Радзіму.

Баявое хрышчэнне ён прыняў пад раённым цэнтрам Сянно Віцебскай вобласці, дзе ў смяротным паядынку сышліся каля 1500 танкаў Чырвонай Арміі і фашысцкага вермахта.
Іван Трыгубовіч ваяваў у партызанскім атрадзе імя Чапаева на Капыльшчыне, змагаўся з дыверсантамі і бандфарміраваннямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Прыбалтыкі. Цяжкапаранены, восенню 1946 года звольніўся ў запас. 35 гадоў аддаў роднаму саўгасу «Крыніца». За мужнасць і гераізм у барацьбе з ворагам ветэран быў адзначаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» (два), «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За перамогу над Германіяй у 1941 – 1945 гг. » і іншымі.
Пачатак шляху
Іван Сцяпанавіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Харытонаўка. У далёкія дваццатыя гады школы там не было. Спачатку хадзіў у суседнія Ленявічы, а потым у Старыцу ажно за восем кіламетраў. Скончыў курсы трактарыстаў і працаваў ў калгасе «Чырвоны баец». У Чырвонай Арміі з 1940 года, механік-вадзіцель танка. Ад Калугі ў першыя дні вайны іх перакінулі на Беларусь. 35-ы танкавы полк уваходзіў у склад 18-й танкавай дывізіі, 7-га механізаванага корпуса, 20-й арміі Заходняга фронту. Адна з буйных танкавых бітваў Вялікай Айчыннай вайны распачалася пад Сянно ў ліпені 1941 года. Новых КВ і Т-34 было зусім мала. Большасць — устарэлыя тыпы баявых машын Т-26 і БТ-7, без радыёстанцый, з тонкай бранёй, яны імгненна загараліся ад нямецкіх снарадаў.
Першыя баі
Танк Трыгубовіча рухаўся ў другой хвалі атакі. Першых падбілі. Чорны дым палаючых машын прыкрыў сяброў. З блізкай адлегласці яны знішчылі некалькі варожых танкаў з чорнымі крыжамі, адышлі да лесу на ўскраіну Сянно і занялі абарону, ператварыўшы танкі ў агнявыя кропкі. Раённы цэнтр некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Нямецкія самалёты акрамя бомб, скідвалі на танкавы полк абаронцаў бочкі з фосфарнай вадкасцю і гаручым. Экіпажу Трыгубовіча «пашчасціла»: падбілі толькі на трэці дзень. Выскачылі з люкаў хутка. Праз хвіліну Т-26 (называлі «керасінкай») палыхнуў, як свечка, — вядома ж, на бензіне. Раскаленая акаліна прапаліла камбінезон, зачапіла крыху твар. Камандаванне прыняло правільнае рашэнне і вывела экіпажы, якія засталіся ў жывых, у тыл.
У Маскве на заводзе атрымалі новенькую «трыццацьчацвёрку» з кароткаствольнай гарматай. Часу на асваенне машыны не было. Не хапала і матэрыяльнай часткі. Загрузіліся на цягнік і — на фронт, пад Смаленск. Прыбылі на месца дыслакацыі. Не паспелі разгрузіцца, як нямецкая штурмавая авіяцыя накрыла станцыю. Выратавала тое, што засталіся на платформе, перачакалі бамбёжку. Ад бесперапынна падаючых бомб зямля ўздымалася на дыбы.
[caption id="attachment_49163" align="aligncenter" width="580"]

Іван Трыгубовіч (на вадзіцельскім месцы) доўгі час працаваў шафёрам[/caption]
Трагічныя старонкі гісторыі
Вяземскі кацёл у кастрычніку 1941-га. Гераічная і трагічная старонка гісторыі Чырвонай Арміі. Танкісты змагаліся мужна, білі фашыстаў. Манеўруючы, механік-вадзіцель Трыгубовіч неаднойчы выратоўваў экіпаж ад гібелі. Скончыліся боепрыпасы, не было гаручага. Паступіў загад: «Танкі падарваць! Прарывацца да сваіх невялікімі групамі».
Тую мясцовасць паміж двума ляскамі — поле жыцця і смерці — ён помніў да сваіх апошніх дзён. Выходзілі з акружэння. Здавалася, вось побач выратавальны лес, толькі поле перабегчы. Фашысцкі кулямёт ва ўпор расстрэльваў чырвонаармейцаў. Іван бег, колькі мог, не адчуваючы болю ў назе. У правым боце даўно булькатала кроў, і здавалася, што сэрца вырвецца з грудзей. Задыханы, дабег да ельніку, паспеў зняць абутак, напоўнены крывёй, перацягнуў нагу вышэй раны рамнём і нібы праваліўся. Апрытомнеў у нейкай адрыне. Над ім схілілася бабулька:
— Сынок, трымайся, цярпі! Куля ў костку не трапіла. Будзеш жыць.
Савецкая патрыётка Кабанава, нягледзячы на пагрозу расстрэлу, выратавала жыццё некалькім чырвонаармейцам. Больш за месяц лячылі яго. Затым з сябрам прабіраліся на радзіму ўздоўж чыгункі Масква — Мінск, пераправіліся праз Бярэзіну. На Магілёўскай шашы іх шляхі разышліся. Дамоў прыйшоў якраз на Міколу (19 снежня) у танкісцкім шлеме, камбінезоне, з прастрэленым ботам і не з пустымі рукамі: нямецкі аўтамат, тры магазіны з патронамі, дзве гранаты. Можна толькі здагадвацца, як ён усё гэта здабыў. У хаце сабраліся аднавяскоўцы. Хвалявала толькі адно: «Як там Масква? Дзе Чырвоная Армія?»
— Масква выстаяла! Чырвоная Армія б’е фашыстаў, — запэўніў Іван.
У партызанах
У пачатку 1942 года танкіст стаў разведчыкам (кулямётчык) 27-й партызанскай брыгады імя В.І. Чапаева. Прымаў актыўны ўдзел у разгроме нямецкіх гарнізонаў, у знішчэнні захопнікаў на шашы Слуцк — Мінск, у рэйкавай вайне на чыгунцы Мінск — Баранавічы. Дастаўляў боепрыпасы з партызанскага аэрадрома на востраве Зыслаў, што на Любаншчыне. Вызваляў родны Капыль, Нясвіж, Стоўбцы. У Мінску прымаў удзел у партызанскім парадзе, пасля якога атрымаў медаль «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.
Трыгубовіча, як вопытнага воіна і разведчыка, накіравалі ў 287-ы стралковы полк УВ НКУС СССР. Спачатку ахоўваў урад БССР, потым удзельнічаў у ліквідацыі банд і нямецкай агентуры.
Летам 1946 года ў адным з баёў Трыгубовіч быў паранены асколкам гранаты ў галаву, і яго камісавалі. Дома даведаўся, што на фронце ў Польшчы загінуў малодшы брат Сцяпан.
Пасля вайны
Івана прызначылі брыгадзірам. Але былога танкіста вельмі цягнула да тэхнікі. Скончыў курсы шафёраў у г. Бабруйску, доўгі час працаваў на машынах ГАЗ–51 і ГАЗ–52. Сваё асабістае жыццё звязаў з цудоўнай дзяўчынай Ядвігай, якая таксама хапанула ад вайны: з мнагадзетнай сям’і Драздовічаў, была вывезена ў Германію. Яны радаваліся кожнаму пражытаму дню, умелі цаніць жыццё. Выхавалі дзвюх дачок і сына працавітымі і шчырымі да лю- дзей. Іван Сцяпанавіч вельмі любіў кінафільм «Жывыя і мёртвыя» па рамане К. Сіманава. Казаў: «Гэта фільм пра маё пакаленне». Пра вайну расказваць не любіў, згадваў толькі на свята Перамогі. Не стала Трыгубовіча ў 1981 годзе.
Лёс нашчадкаў
Сімвалічна, што сын і чатыры ўнукі прадоўжылі справу бацькі і дзеда, звязаўшы сваё жыццё з тэхнікай. Сын Эдуард — служыў інструктарам-прапаршчыкам калёсных машын у ваенным вучылішчы ў Чалябінску, а затым, як і бацька, больш за 30 гадоў працаваў вадзіцелем у саўгасе «Крыніца». Унукі: Мікалай — падпалкоўнік, намеснік камандзіра палка па ПТА, Васіль — інжынер-механік, Дзмітрый — менеджар у аўтамабільнай кампаніі, Алег і Андрэй — вадзіцелі. Нашчадкі Івана Сцяпанавіча заўсёды святкуюць Дзень Перамогі, Дзень вызвалення і Міколу, аддаючы даніну павагі знакамітаму дзеду, як і ўсім тым, хто адстаяў мірнае неба над роднай краінай.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»