Сёння прафсаюзнаму работніку мала быць толькі камунікабельным, дасведчаным у сваёй працы чалавекам. Ён павінен добра разбірацца ў пытаннях тэхнікі бяспекі, быць юрыдычна падкаваным. Таму ў Мінскім абласным аб’яднанні надаецца вялікая ўвага вучобе прафсаюзных кадраў і актыву.

Чарговы навучальны семінар на гэты раз прайшоў для прафактыву Капыльскага раёна. Вітаючы яго ўдзельнікаў, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі падкрэсліў значнасць падобных мерапрыемстваў, станоўча ацаніў работу прафактыву Капыльшчыны.
— Нашы спецыялісты шмат працуюць на выязных семінарах, удзельнічаюць таксама ў семінарах, якія праводзяць галіновыя прафсаюзы. Мы сёння праводзім сустрэчы, як з прафактывам, так і з радавымі членамі прафсаюза. Гэта выдатна, бо на такіх мерапрыемствах могуць прысутнічаць і наймальнікі, што дае добры вопыт сацыяльнага партнёрства, — адзначыў, у прыватнасці, кіраўнік абласной структуры.
Аб асноўных парушэннях заканадаўства аб працы, якiя выяўляюцца ў ходзе ажыццяўлення грамадскага кантролю прафсаюзамі, аб лакальных нарматыўных актах арганізацый, аб працоўных дагаворах і кантрактах, а таксама правільным вядзенні працоўных кніжак і асабістых спраў работнікаў расказала галоўны прававы інспектар працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алеся Шпетная.
Мэта, прынцыпы і аснова сацыяльнага партнёрства — такая тэма гутаркі з удзельнікамі семінара загадчыка аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Аляксандра Юрчыка. Ён падрабязна расказаў пра калектыўны дагавор, як лакальны нарматыўны прававы акт, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі.
Галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Мікалай Колас спыніўся на ажыццяўленні грамадскага кантролю за станам аховы працы пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на асноўныя задачы і функцыі грамадскага інспектара па ахове працы, арганізацыю работы грамадскага інспектара па ахове працы і парадак ажыццяўлення грамадскага кантролю.
Удзельнікі семінара з цікавасцю слухалі спецыялістаў Мінскага абласнога аб’яднання, задавалі ім пытанні і атрымлівалі кампетэнтныя адказы.
Комментарии