Кожны дзень мы ходзім у магазін, каб набыць духмяныя каравай, хлеб або батон. Спыніўшыся каля вітрыны, разважаем аб тым, які гатунак нам больш падабаецца: выпечаны ў Капылі ці прывезены з суседняга раёна, які больш смачны: «Барадзінскі», «Нарачанскі» ці звычайны «кирпичик». Праўда з-за штодзённай мітусні іншы раз забываем пра сапраўдны кошт хлеба, перастаём асэнсоўваць важкасць хлебаробскай справы.
На працягу стагоддзяў нашы продкі вырошчвалі зерне і пяклі духмяныя караваі. У гаспадароў і гаспадынь існавалі свае абрады і рытуалы, таму кожны бохан быў напоўнены асаблівым водарам, цяплом не толькі рук, але і душы чалавека. І, ужываючы хлеб штодзённа, мы не маем права забываць, што ў ім — шматвекавыя праца і традыцыі.
Вопыт маладых...
[caption id="attachment_59453" align="aligncenter" width="580"]

■ Аляксандр Логіш[/caption]
Раніца нядзелі — той час, калі мы, звычайныя гарадскія жыхары, як кажуць, яшчэ дзясяты сон бачым. А хлебаробы ўжо шчыруюць: нехта рыхтуе да выхаду ў поле свой камбайн, хтосьці правярае тэхнічны стан аўтамабіля, як, напрыклад, у ААТ «Душава». Дарэчы, для Аляксандра Леанідавіча Логіша — гэта першае жніво ў ролі кіраўніка, хаця ў сельскай гаспадарцы ён ўжо 13 гадоў пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі. Добры практычны вопыт Логіш набыў у ААТ «Старыца-Агра», дзе ведаюць цану хлебу. Да таго ж з сельскай гаспадаркай ён звязаны з самага дзяцінства: яго бацька Леанід Іванавіч быў механізатарам у саўгасе «Крыніца», мама Таццяна Васільеўна працавала на ферме. Таму і залаты колас для Логіша мае па-сапраўднаму важкую вагу.
Вось рыхтуе свой МТЗ-82 з прэс-падборшчыкам Валерый Шыбут. Усміхаецца: відаць, з добрым настроем прыйшоў на працу. З кабіны льецца прыемная музыка.
— Люблю, калі гучаць песні, — гаворыць суразмоўца, — тады весялей працуецца. Старанным быць трэба заўсёды: жніво ці не жніво. Зараз вельмі гарачая пара і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Мая работа — прасаванне саломы, таму ў поле выходжу каля восьмай гадзіны раніцы, а дамоў вяртаюся поз-на вечарам.
Звяртае на сябе ўвагу і флаг, які падняты ў гонар перадавікоў. На 5 жніўня гэта быў экіпаж у складзе Уладзіміра Лазоўскага і Паўла Лазоўскага. У момант нашай сустрэчы яны рыхтавалі свой КЗС-1218 да выхаду ў поле.
[caption id="attachment_59451" align="alignleft" width="400"]

■ Павел Лазоўскі і Уладзімір Лазоўскі[/caption]
— Хлопцам няма калі прыпыніцца, — з усмешкай каменціруе кіраўнік гаспадаркі. — Дарэчы, Павел Лазоўскі — часты госць на старонках раённай газеты.
Так, уважлівыя чытачы звярнулі ўвагу на працоўныя дасягненні маладога камбайнера, аднак асноўнае месца яго працы — настаўнік фізічнай культуры ў Каменскім ВПК д/с-СШ. Ужо на працягу некалькіх гадоў Павел у час жніва садзіцца на камбайн. А яго напарнік Уладзімір — вадзіцель Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Павел і Уладзімір — стрыечныя браты, таму ўзаемаразуменне ў іх экіпажы — поўнае. Скончыўшы змену, браты Лазоўскія вяртаюцца дадому ў Капыль, дзе іх чакаюць сем’і. Няма сумнення ў тым, што іх дзеці змалку навучацца паважаць працу хлебароба, бо нічога так моцна не ўздзейнічае на характар, як прыклад бацькоў.
... і традыцыі дынастый
У ААТ «Прагрэс 2010» ехала з асаблівай цікавасцю: на слыху працоўная дынастыя Тароцькаў — пад кіраўніцтвам бацькі Валерыя Мікалаевіча, які не адзін год узначальвае прадпрыемства, працуюць два з трох сыноў. Старэйшы Віктар — галоўны заатэхнік, малодшы Павел шчыруе на камбайне, а сярэдні Дзмітрый жыве і працуе ў Нясвіжы. З цікавасцю падыходжу да ўзнятага ў гонар перадавікоў флага, чытаю імёны. «Працоўны флаг узняты ў гонар экіпажа Тароцькі П.В. і Касцюка Я.М.» Прыемны выпадак пазнаёміцца з прадстаўніком легендарнай працоўнай дынастыі. А вось і ён — малады і даволі сціплы чалавек.
[caption id="attachment_59452" align="aligncenter" width="400"]

■ Павел Тароцька і Яўген Касцюк[/caption]
— Каб стаць лідарам, трэба вельмі старацца, — гаворыць Павел Тароцька. — За тэхнікай пастаянна сачыць, своечасова яе рамантаваць. Ды і характар патрэбен. Тое, што бацька — кіраўнік гаспадаркі, накладвае яшчэ большую адказнасць. Ён прывучаў нас да працы з самага дзяцінства. Мабыць, таму і хлеб мы заўсёды суадносілі з бацькоўскім клопатам, бацькоўскай любоўю.
І ў Яўгена перад вачыма прыклад уласнага бацькі-механізатара, таму і работу ведае дасканала. Дамоў і Павел, і Яўген таксама вяртаюцца тады, калі іх жонкі і дзеткі часцей за ўсё спяць. Але да такіх абставін у сем’ях ставяцца з разуменнем: таты стараюцца дзеля будучыні сваіх жа сынкоў і дачушак.
[caption id="attachment_59450" align="aligncenter" width="400"]

■ Аляксандр Кульбіцкі[/caption]
Ужо пяць гадоў як на пенсіі механізатар Аляксандр Мікалаевіч Кульбіцкі, але, калі гаспадарка мае патрэбу ў яго практычным вопыце, ён заўсёды ідзе насустрач. За яго плячыма — 27 сезонаў гарачага жніва. Гэты сезон, як адзначыў ветэран працы, адметны добрай ураджайнасцю, аднак і надвор’е надзвычай часта падносіць сюрпрызы. Жонка працуе тут жа, у сталовай. Меншы сын Віталь – дырэктар ААТ «Шлях новы», што ў Ляхавіцкім раёне. Старэйшы Мікалай — інжынер у Мінску. Раней сыны, як і бацька, шчыравалі на працягу некалькіх сезонаў на камбайнах. І гэта яшчэ адна добрая працоўная дынастыя, павагу ў якой да Яе Вялікасці Працы выхоўвалі з маленства. Зараз Аляксандр Мікалаевіч на ўласным прыкладзе выхоўвае ўнукаў.
Выхадны дзень прынёс шмат цікавых сустрэч з хлебаробамі, з тымі, хто шануе сваю прафесію і даражыць дасягненнямі не толькі сваімі, але і сваіх бацькоў. За кожнай сустрэчай — працоўны лёс, сукупнасць якога і складае самыя сапраўдныя традыцыі беларускага народа.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара