Пра што пісала раёнка ў розныя гады ў апошнія дні лютага. У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.
1964 г.
Паядынак з тэлевізарам
Антон У. не ўвайшоў, а ўваліўся ў чырвоны куток жывёлагадоўчай фермы калгаса «Семежава». Першае, што кінулася яму ў вочы, тэлевізар, што стаяў на стале. Не паспелі жывёлаводы апамятацца, як У. штурхнуў на зямлю стабілізатар і працягнуў руку да тэлевізара. І, мабыць, па вечарах у чырвоным кутку доўга не свяціўся б блакітны экран, калі б людзі не ўтрымалі дужага мужчыну.
– Паб’ю, дапусціце мяне да гэтай скрынкі! – доўга яшчэ лютаваў ён.
Чаго ж так пакрыўдзіўся Антон У. на той тэлевізар і хто ў гэтым вінават? Адказ просты: гарэлка, з якой У. моцна пасябраваў.
М. МАНАК
1968 г.
Фенаменальныя здольнасці
Ці можна адначасова касіць, араць, грабсці сена? Ну, што за дурное пытанне, скажаце вы. Вядома, нельга. Гэта вы так думаеце, а вось брыгадзір калгаса «Радзіма» Іосіф К. сцвярджае, што можна.
Праўда, гэтая яго смелая тэорыя пакуль што датычыцца ўласнай жонкі. Брыгадзір, напрыклад, зафіксіраваў у сваіх паперах, што яна ў адзін і той жа час палола бурачную дзялянку, сушыла калгаснае сена і ў дадатак да ўсяго яшчэ стагавала салому. «І жнец, і шавец, і на дудзе ігрэц!» Ну чым не фенаменальная жанчына?
Праўда, гэтыя незвычайныя здольнасці катэгарычна былі адвергнуты на калгасным сходзе. За незаконнае налічэнне аплаты з «кемлівага» брыгадзіра і яго фенаменальнай палавіны вылічылі 15 рублёў.
У. ГУРЫН
1972 г.
Свой духавы
Вось ужо каля года абучае музыцы маладых хлебаробаў калгаса «Новы свет» вопытны капельмайстар Мікалай Сцяпанавіч Карпук. Зрухі ў гэтай справе відавочныя – 15 хлопцаў авалодалі навыкамі ігры на духавых інструментах.
У. КУРЛОВІЧ
1979 г.
«Аўтобус – не конь...»
Лоцвіны – адна з буйных вёсак у раёне. Аўтобусны ж прыпынак тут толькі адзін. І вадзіцелі не заўсёды прыпыняюцца там, дзе зручней пасажырам. «Аўтобус – не конь», – жартуюць яны.
Пажадана, каб у Лоцвінах былі вызначаны яшчэ два аўтобусныя прыпынкі – у пачатку вёскі і на перакрыжаванні дарог Лоцвіны – Засцеб’е.
У. КАРСЕКА, жыхар вёскі Лоцвіны
1984 г.
Па-гаспадарску
дбаюць аб паляпшэнні насенняводчай базы хлебаробы калгаса «Пралетарый». Брыгада на чале з аграномам-насенняводам Марыяй Гетманчук своечасова давяла да ладу наяўныя 2310 цэнтнераў насення розных гатункаў. Усё яно адпавядае першаму класу пасяўнога стандарту.
Сёлета значна расшырацца плошчы пад ячмень. Побач з гатункамі «мамі», «надзі» будзе пасеяна 48 тон «фаварыту», які закуплены ў калгасе імя Ціміразева.
І. ІВАНОВІЧ
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА