Госці гэтага выпуску «Святліцы» — удзельніцы фальклорнага гурта «Лютовіцкія вячоркі». Самай старэйшай жанчыне Алене Аляксандраўне Захар’яш у гэтым годзе спаўняецца 82 гады. Астатнія крыху маладзейшыя: Марыя Адамаўна Кулеш нарадзілася ў 1940 годзе, на сем гадоў за яе старэйшая Валянціна Пятроўна Ждановіч. Самая малодшая Валянціна Мікалаеўна Сняжко ўбачыла свет у 1950 годзе. На жаль, кіраўнік гурта Ніна Іванаўна Емяльянава не змагла далучыцца да размовы па стане здароўя.
[caption id="attachment_55816" align="aligncenter" width="580"]

В.М. Сняжко, А.А. Захар’яш, В.П. Ждановіч, М.А. Кулеш[/caption]
Тэма нашага праекта — гэта ўсё ж такі захаванне кулінарнай спадчыны, таму і размаўляем з жанчынамі мы менавіта пра іх сакрэты прыгатавання страў.
— Не елі мы гэтаго, што зараз ямо, — распачынае гаворку Алена Аляксандраўна Захар’яш. — Пасля вясны збіралі на палях картоплю ўсялякую: і гнілую, і перамерзлую — і з крухмалу, які там заставаўся, мама пякла чорныя блінцы. Яны на зубах трашчалі. Грэчачку збіралі, што расла на поплыве, маленькую такую. Прасявалі, таўклі ў ступе, потым парылі ды
зацірку варылі: ваду закіпяціць мама ды муку рукамі ператрэ, каб галушачкі атрымаліса. Зварыць, ды так і ямо. Малака не было, хоць каровы трымалі амаль ва ўсіх гаспадарках: усё здавалі дзяржаве — малако, яйкі, м’яса.
— Калі была
патрушанка (каўбаса з вантроб свінні. —
Рэд.), то мама закіне танюсенькі кавалачак для запаху, — уступае ў размову Марыя Адамаўна Кулеш.
— Па вясне
лебяду рвалі, — дапаўняе Алена Аляксандраўна, — апарвалі яе кіпятком, потым крышылі і ў чыгунку варылі.
— А мы яшчэ
салат вырошчвалі, — удакладняе Марыя Адамаўна, — мама яго нарве, потым цыбулі накрышыць ды з кіслым малаком. Хлеба не было, так і елі. Як ёсць смятана, то забеліш ды ясі.
— Вельмі я
блінцы люблю, — зноў гаворыць Алена Захар’яш. — Цеста так раблю: на ноч расчыняю сыроватку, мукі сыплю густавата. На раніцу пакідаю ў кубачку крыху сыроваткі і ўкідаю туды соды, каб зашумела (перагасла) і л’ю яе ў цеста. Гляджу, калі рэдкавата — то яшчэ сыплю мукі. І такія блінцы! Зяць жа вельмі любіць мае блінцы!
— І я так раблю, — згаджаецца Марыя Адамаўна Кулеш, — толькі на ноч накрываю цеста папераю, каб не ўсохла.
— Ды яшчэ са
скваркамі! — з азартам дапаўняе Алена Аляксандраўна. — Напяку яйкі на патэльні, смятаны туды…
ЦІКАВА. Фальклорны гурт «Лютовіцкія вячоркі» створаны ў 1982 го-дзе ў в. Лютовічы. Першым арганізатарам калектыву быў парторг калгаса Захарэвіч Дзмітрый Васільевіч. Жанчыны, якія спяваюць у калектыве, шануюць і захоўваюць традыцыі, прапагандуюць культурную спадчыну сваёй мясцовасці. Гэта самабытны, аўтэнтычны калектыў.
Дарэчы, творчы шлях гурта вельмі цікавы і багаты на падзеі. У яго рэпертуары мясцовыя песні, песні каляндарнага цыкла (жніўныя, веснавыя), абрадавыя (вясельныя, радзінныя). Акрамя песеннага жанру калектыў выконвае і традыцыйныя танцы: «Кракавяк», «Падэспань», «На рэчаньку», «Каробачка», «Полька» і іншыя, а таксама гульні «Рашатуха», «Гас-падар», «Важыць соль» і г.д. Жанчыны і сёння прымаюць актыўны ўдзел у народных святах і абрадах: «Каляды», «Масленіца», «Зажынкі», «Дажынкі», абласным свяце-конкурсе «Млечны шлях ад рук бабулі», які традыцыйна праходзіць на Капыльшчыне. Зусім нядаўна яны сталі гераінямі тэлеперадачы «Наперад у мінулае» на тэлеканале Беларусь 3.
—
Бліны пяку таксама з сыроваткі, мукі, соды, а вось есці люблю з капустаю, — бярэ ўдзел у размове Валянціна Пятроўна Ждановіч. — І
мачанку люблю: м’яса трошкі, скварачку, трошкі каўбаскі, цыбулькі, грыбы яшчэ — ды яно і варыцца. Тады малака і мукі, раскалачу так от як смятана і ўлью ў варанае. …Мы некалі добра гатавалі, — уздыхнуўшы, працягвае жанчына. — І
каўбасы самі рабілі. М’ясо накрышым, рукамі ж крышылі. Ды прыпраў дабавім. Як
нацяганкі (паляндвіцы) рабілі, дык трэба, каб яны стаялі дні тры: у начовачкі пакладзём ды пасыплем прыправамі (кроп, каляндра, гарчыца, часнок), соллю, павернем на адзін бок, на другі бок, покуль добра не ўсоліцца. Потым я капронавыя панчохі нацягала на паляндвіцы… То даўно было. А зараз я
галубцы раблю: адвару рысу, фарш размяшаю, прыправы трошкі ўсыплю, капусту спару. Ды ў лісты гэтыя фарш пакладу і ў печ пастаўлю. Соус не кідаю, бо горш кіслыя робяцца.
— Я і
ўху вару, — працягвае размову Валянціна Пятроўна. — Нядаўна сын шчупака злавіў, дык я і зварыла. Галаву адрэзала, жабры выкінула (бо горка было б), картоплі раскрышыла, ды марковачкі, ды цыбулі. Як картопля ўжо гатова, то кінула рыбу парэзаную, перац і ліст лаўровы. А як пяклі рыбу, то ў муцэ яе абмаквалі, ды на поснае масла.
— От смачны
суп з курыцы я варыла, — крыху мяняючы тэму, гаворыць Алена Аляксандраўна, — м’яса гэтага кіну, ліста лаўровага, круп якіх (пярлоўкі, сечкі, гароху) ды картоплі накрышу. Так і вару. Другі раз, як захочаш смачна з’есці, то курыцу зловіш, засячэш ды ў чугун паложыш — і ў печ. Печ жа кожны дзень палілі, бо свіней чарада стаяла. А як заколеш кабана, то
сцягнякі рабілі. Спачатку ў расол іх клалі: вада ды соль, ды каб астыла, ды прыпраў якіх (часнок, перац, каляндра). Трэба, каб выстаяўса, а потым сох, ды доўга сох.
— Яшчэ, як калолі кабана, вытоплівалі
жыр, — дапаўняе Валянціна Мікалаеўна Сняжко. — Здор клалі ў чугун ды чакалі, покуль ператопіцца — такі беленькі, харошы. Потым на ім і сухарыкі жарылі, і хлеб.
[caption id="attachment_55815" align="aligncenter" width="580"]

Першы састаў калектыву «Лютовіцкіх вячорак». 80-я гады ХХ ст.[/caption]
—
Капусту люблю зварыць, — кажа Валянціна Пятроўна, — туды кідаю абавязкова скварачку, бо тады смачнейшая, калі наварыстая. А яшчэ лепш, калі сала елкае. Люблю капусту есці ды з картопляю. Натаўком
кашу і горкаю, і камякамі.
Камякі што такое? — перапытвае жанчына, заўважыўшы мой здзіўлены позірк. — Пюрэ заскварвалі салам і цыбуляй, бралі лыжкаю, скатвалі камячок. Потым кладом на сковараду пірамідкаю — і ў печ. Каб яны абсмажыліса з усіх бакоў, паступова пераварочвалі. Атрымоўваліса рыжанькія такія камячкі. Дзеці вельмі любілі. Ды яшчэ з цыбуляй зялёнаю.
— Добра, калі капуста кіслая, — падказвае Алена Аляксандраўна. — Я восенню, калі
капусту квашу, то пару гляджу, без пары не кладу. Чакаю, калі месяц ні сяго ні таго (сыходзіць). А яшчэ добра «старым перакроем» — гэта ўжо апошняя чвэрць месяца. Пакладу качаны, але вады не наліваю дзень-два. У маладзічку налью: на вядро вады паўлітра солі, кружочкам прыкладу і каменьчыкам. Потым, калі лезу ў пограб, кружочак змыю і камень змыю. Укісне капуста ўжо цераз месяцы два. І стаіць яна ў мяне да Троіцы.
— Калі дзеці былі малыя, то мы шмат чаго рабілі, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна Сняжко. — Не было і дня, каб
сухарыкаў не рабілі: яйцо ўбіць, малако, сахар, сметанковае масла ці маргарын. Замясіць цеста і раскачаць, парэзаць гэтак во ромбікамі. На сковараду наложыш — і ў печ. Ды яны такія пышныя, а калі пачарствеюць, то ажно рассыпваюцца.
— Яшчэ і
хрушчы пяклі: яйцо, малако, сахар і мука. На посным масле і без соды, — гаворыць Валянціна Пятроўна.
— Я раней, як на ферму пайсці, то і пірагоў напяку, — успамінае Марыя Адамаўна.
— Я пякла
пірагі з дражджамі, — кажа Марыя Адамаўна. — Расчыняла з вечара цукар, малако і муку. Расчыню і пастаўлю на печ. Раніцай устану, дрожджы ўкіну, сахар, яйкі бралі дзясяткамі, маргарыну. Добра вымяшу ды пяку.
—
Пончыкі пяклі, як аладкі, толькі гусцей, — нагадвае Валянціна Пятроўна. — Так, цеста рабілі як і на блінцы, толькі цукар кідалі. Да ў посным масле і пяклі.
— Бывала, што і часу няма на сухарыкі ці хрушчы, — кажа Валянціна Мікалаеўна, — то
батоны рабілі: змяшаеш малако, яйкі, цукар, абмакнеш у гэтым скібачку ды жарыш.
— А ўвесну
квас рабілі, — кажа Алена Аляксандраўна, — буракі цёрлі на тарцы, ды каб перакіслі, потым кідалі часнок і кроп. Ды агурок, калі ёсць. А калі не было, то цвет бралі: агуркоў яшчэ няма, а кветачкі іх усё раўно агуркамі пахнуць. Цяпер я бярозавы сок бяру ды таксама з часначком, з цыбулькай і кропам, а ўлетку то і лісця з буракоў пакрышу.
Вось такая смачная гутарка атрымалася, але карціна не была б поўнай, калі б мы не сказалі, што бабулі на самой справе гатуюць смачна. На жаль, паспрабаваць усе стравы, пра якія ішла размова, не ўдалося. Але з упэўненасцю магу сказаць, што і блінцы, і самаробныя каўбаскі, і тыя ж галубцы — найсмачнейшыя! А дома ўжо сама прыгатавала камячкі. І праўда — проста і смачна!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара