Як трэнер-выкладчык Капыльскай СДЮШАР аддзялення біятлону і адначасова настаўнік СШ № 2 г. Капыля маю магчымасць прыкмеціць здольных выхаванцаў. Сістэматычныя трэніроўкі, мяркую, дапамагаюць ім не толькі быць у добрай фізічнай форме, але і дасягаць высокіх вынікаў на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Галоўнае — развіваць іх таленты, паступова выводзячы на пік формы. Ганаруся сваімі выхаванцамі, якія звязалі сваё жыццё са спортам. А дасягненні былых вучняў, членаў Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па біятлоне Дар’і Юркевіч і Антона Смольскага, з’яўляюцца добрым прыкладам і арыенцірам нашым юным спартсменам.
Гэта значыць, што, нягледзячы на нейкія асабістыя прычыны, мы павінны выканаць пастаўленую задачу. І не проста выканаць, а зрабіць усё на выдатна. Другога месца для нас проста не існуе, толькі — першае! Вельмі настойліва працуем над самаўдасканаленнем і самаадукацыяй. Гэта і метадычныя аб’яднанні, і семінары, і курсы павышэння кваліфікацыі. Нашы педагогі пацвярджаюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Па вялікім рахунку ўсё гэта — патрабаванні часу. Сёння бацькам ужо мала, каб іх дзеткі былі накормленыя, дагледжаныя. Яны клапоцяцца і пра эстэтычнае, фізічнае, духоўнае развіццё сваіх сыноў і дочак. І мы ім гэта можам прапанаваць, паколькі ў «Сонейку» ёсць нямала дадатковых адукацыйных паслуг.
У маім жыцці значную ролю адыгралі дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця Ірына Гарэльская і на той час начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Валянціна Козіч. Менавіта яны прымалі ўдзел у маім прафесійным станаўленні. Зараз побач у калектыве працуюць аднадумцы. Кожны, як кажуць, на сваім месцы. Ды і ўвогуле, у нашай справе абыякавы чалавек доўга не затрымаецца, бо трэба кожны дзень умець адчуваць боль іншага чалавека. Таму адзначу яшчэ такія складальнікі формулы поспеху, як калектыў моцных прафесіяналаў і, канешне, падтрымка сям’і.
У сучасным свеце нельга стаяць на месцы: як толькі спыніўся, усё, лічы, прафесіянальна загінуў. Прытрымліванне гэтых прынцыпаў дазволіла прайсці мне шлях станаўлення ад выкладчыка спецыяльных дысцыплін, які пачаўся ў 1985 годзе, да намесніка дырэктара каледжа. Усё жыццё на адным месцы. Работа на адміністрацыйнай пасадзе патрабуе ініцыятыўнасці і няўрымслівасці, патрабавальнасці і прынцыповасці перш за ўсё да сябе, таму я імкнуся вывучаць і ведаць нарматыўна-прававую базу, быць у курсе педагагічных навінак. А ўжо затым каардынаваць работу сваіх калег, весці іх за сабой.
Да таго ж нам падабаецца дарыць радасць. Асноўная адметнасць нашай работы ў тым, што мы аддаём сваю добрую энергетыку, пазітыў, добры настрой. Людзі сёння прывыклі сядзець у інтэрнэце, і на асабістыя зносіны з чалавекам не хапае ні часу, ні жадання. Таму, калі яны «выбіраюцца» з гэтага павуціння і прыходзяць да нас у клуб, нібы трапляюць у іншую рэальнасць. І мы заўсёды рады іх бачыць і паднімаць настрой або проста дапамагчы пакінуць сваю ракавіну, каб пабачыць, што вакол віруе жыццё. Да таго ж я люблю сваю малую радзіму, свае бярозкі. І ніякае замежжа не заменіць родныя лоцвінскія абшары.