Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

«Бяседа»  аб’ядноўвае

07.03.2017
«Чарка на пасашок», «Мы вам жадаем», «Запрагай-ка, бацька, коней» — гэтыя і многія іншыя хіты сталі візітнай карткай ансамбля народнай музыкі «Бяседа». Заслужаны калектыў атрымаў прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі: артысты з поспехам прадстаўляюць беларускую культуру ў Швецыі, Карэі, Партугаліі, Аўстрыі, Польшчы, Румыніі, Латвіі, Літве, Расіі, Украіне. Знакамітыя артысты завіталі і ў Капыль. IMG_5753 — Наш ансамбль створаны ў 1991 годзе, — расказаў у інтэрв’ю раённай газеце «Слава працы» мастацкі кіраўнік «Бяседы», народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кампазітар Леанід Канстанцінавіч Захлеўны. — Назва калектыву з’явілася таксама невыпадкова, пры яе дапамозе хацелася настроіць гледача на тую душэўную атмасферу, якая прысутнічае пры сустрэчах добрых сяброў. Не сакрэт жа, што слова «бяседа» азначае запрашэнне родных і блізкіх людзей у госці на сямейныя святы, на якіх гучаць народныя песні беларускіх аўтараў, а таксама танцавальная народная музыка. Важна тое, што мне ўдалося знайсці і аб’яднаць тых людзей, якія любяць беларускую песню. — Што з’яўляецца адметнай рысай ансамбля? — Безумоўна, гэта выканальніцкае майстэрства, якое складаецца з віртуознасці, ансамблевай зладжанасці і высокага прафесіяналізму яго ўдзельнікаў. — Як падбіраецца і з чаго складаецца рэпертуар ансамбля? — Рэпертуар вельмі шырокі па сваім дыяпазоне. Гэта беларускія песні розных жанраў — лірычныя і жартоўныя, прысвечаныя сямейным святам, народным абрадам і традыцыям. Ансамбль знаёміць слухача як з лепшымі, знаёмымі ўсім творамі, так і з малавядомымі жамчужынамі беларускай спадчыны. Але ўсе гэтыя песні з’яўляюцца непаддзельнай часткай духоўнага жыцця беларускага народа. — Вы многа гастралюеце. Артысты кажуць, што ў кожным горадзе сустракаюць па-рознаму. Як вам капыльскія гледачы? — Проста цудоўна. З адкрытымі сэрцамі і бурнымі апладысментамі. Магчыма, тут сыграў ролю той факт, што ў музыканта Юрыя Чаркаса, які грае на флейце ў нашым калектыве, ёсць капыльскія карані. — Гэта сапраўды так, — уступае ў размову Юрый. — Практычна да свайго паўналецця я кожнае лета прыязджаў у цяпер ужо аграгарадок Мажа, адкуль родам мае бацька, бабуля і дзядуля. Таму капыльская зямля для мяне бадай што родная. А на радзіме выступаць удвая прыемна: родныя сцены, родныя людзі, асаблівая энергетыка. Але і больш хвалююча, адказна. На жаль, у Капылі я ўжо даўно не быў. Ведаеце, як толькі прыехаў, адразу ўспомнілася дзяцінства, той час, калі юнаком прыязджаў на веласіпедзе ў капыльскі Дом культуры на дыскатэку, як заляцаўся да дзяўчат. — Як вы трапілі ў калектыў? — Любоў да музыкі мне прывіў мой бацька. Я закончыў музычную школу, і, калі вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мяне заўважыў Леанід Захлеўны і запрасіў да сябе ў калектыў. Музыкантам «Бяседы» я з’яўляюся з 1994 года. Несумненна, на кожным канцэрце музыканты і вакалісты «Бяседы» ствараюць асаблівую атмасферу, якая дорыць мноства станоўчых эмоцый і забяспечвае добры настрой. Не стаў выключэннем і канцэрт у Капылі. Свае звонкія галасы і іскрыстыя характары падарылі капылянам салісты ансамбля Святлана Суседчык, Таццяна Лазоўская, Валянцін Кірыленка і самая маладая артыстка ансамбля Юлія Саўчанка. У інструментальнай групе ансамбля «Бяседа» таленавітыя музыканты, у тым ліку і музычны кіраўнік калектыву Мікалай Алешка. Усе выдатна валодаюць рознымі народнымі інструментамі. Абавязкова хочацца сказаць і пра сцэнічны вобраз артыстаў, які прадуманы да дробных дэталей, касцюмы радуюць вока сваёй прыгажосцю, яркасцю і багатым выглядам. Так што відовішча прыемна нават самаму патрабавальнаму эстэту. Каларытным артыстам атрымалася ператварыць звычайнае мерапрыемства ў адмысловую тэатральную пастаноўку з гарманічнай зменай харавых, сольных і інструментальных нумароў. Крысціна ЖОГАЛЬ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей