Усе сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны ўключыліся ў корманарыхтоўчую кампанію.
Паводле інфармацыі, атрыманай ва ўпраўленні райсельгасхарчу, на 31 мая ўжо было скошана 3803 га траў першым укосам (19 % ад неабходнага), у тым ліку за апошні дзень — 788 га. Убрана — 1489 га — 39 % ад скошанага.
ААТ “Скабін” і “Ціміразеўскі” распачалі нарыхтоўку сена — назапашана, адпаведна, па 55 і 28 тон.
Кіпіць работа ля сянажных траншэй у 9 гаспадарках. Лепшы рэзультат паказваюць у ААТ “Старыца-Агра” (5325 тон), ААТ “Піянер-Агра” (2320 тон), ф-ле “Лакнея” (2150 тон). Усяго па раёне назапашана 13 169 тон сенажу.
Маргарыта САКОВІЧ
У чацвер, 26 мая, у зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся семінар-вучоба старшынь прафсаюзных камітэтаў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый Капыльшчыны.
Як правільна скласці, аформіць калектыўны дагавор, падаць заяўку на яго рэгістрацыю, расказала начальнік аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Лятчэня. Таксама яна звярнула ўвагу прысутных на некаторыя нюансы, асноўныя недахопы і памылкі падчас складання дакумента. Вядучы спецыяліст аддзела Таццяна Грыбок закранула пытанні аплаты працы, велічыні мінімальнай заработнай платы, надвабак за складанасць і напружанасць, катэгорыі, стаж працаўнікоў. Тлумачэнні па дадатковых кампенсацыях, сацыяльных ільготах, гарантыях, узнагаро- джваннях усіх катэгорый работнікаў, пажылых людзей, ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў, якія працавалі ў арганізацыі, дала галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідзія Бусел.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Апошні школьны званок прагучаў 30 мая для 268 выпускнікоў 11 класаў і 372 дзевяцікласнікаў Капыльшчыны. Наперадзе іх чакаюць сур’ёзныя іспыты і самастойнае дарослае жыццё з усімі яго радасцямі і нягодамі.
У гімназіі № 1 г. Капыля на ўрачыстую лінейку наведаліся і шаноўныя госці. Са святам апошняга званка гімназістаў віншавалі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, прадстаўнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Зоя Гілько, начальнік РАА Аляксей Абросімаў, кіраўнік падшэфнай гаспадаркі ААТ “Мажа-Агра” Мікалай Гурыновіч і, вядома ж, дырэктар навучальнай установы Зінаіда Прыміч. Не менш прыемнымі для выпускнікоў былі і словы прывітання ад іх маленькіх калег — першакласнікаў, якія, да таго ж, падарылі на добрую памяць маленькія званочкі — як сімвал школьнага жыцця.
Школьны званок паклікаў на апошні ўрок і вучняў 11 класа Лясноўскай СШ.
Разам з Віталем Валянцінавічам Пазняком, сваім класным кіраўніком, хлопцы і дзяўчаты давалі і першае ў сваім жыцці інтэрв’ю. Як вучыліся, кім марыце стаць — гэтыя і іншыя пытанні “СП” сталі своеасаблівай справаздачай кожнага перад пачаткам вялікай жыццёвай дарогі. І прафесіі гэтае юнае пакаленне абрала такія патрэбныя нашаму грамадству — настаўнік, эканаміст, медык, будаўнік, міліцыянер…
Удачы табе, дружны, спартыўны і таленавіты, цяпер ужо былы 11 клас! Няхай збудзецца ўсё задуманае, а ў душы назаўсёды застанецца вялікая ўдзячнасць педагогам.
Маргарыта САКОВІЧ
Марыя ШЭІНА