З даўняй марай убачыць, дзе нарадзілася і зрабіла першыя працоўныя крокі гэтая жанчына, я сёлета выправілася з Мінска. Працяглы час я займаюся гістарычна-краязнаўчай працай, знаходжу крыху забытыя імёны суайчыннікаў, аднаўляю іх біяграфіі. С.П. Рачок – з гэтага шэрагу. Падрабязна пра яе я пісала на старонках «Слава працы» ў 2022 г.
Вандроўка ў Печураны
Мы са старшынёй Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргеем Іванавічам Цвірко з’язджаем з асфальтаванай шашы на грунтавую дарогу, пакрытую светлым пяском, і рухаемся да вёскі. Навокал прасціраюцца неабсяжныя палі, за якімі ўдалечыні бачыцца лес. Нам не сустракаецца ніводнай машыны. Печураны – доўгая вёска з адной вуліцай – ахутваюць нас моцнай спёкай і цішынёй. Знаёмлюся са старэйшынай Галінай Яраславаўнай Бузель. Завязваецца цікавая гутарка, з якой даведалася, што сёння ў вёсцы знаходзіцца 19 двароў, дзе пастаянна жывуць 28 жыхароў. Яшчэ 23 сядзібы выкарыстоўваюцца як дачы, куды калі-нікалі наведваюцца нашчадкі былых сялян. Да гэтага трэба дадаць дзяцей і ўнукаў печуранцаў, якія прыязджаюць на канікулы з розных месцаў Капыльшчыны і не толькі. Ніякага «сэрвісу» і выгод у Печуранах даўно няма. Яшчэ ў 2010 г. у вёсцы працаваў Дом сацыяльных паслуг. Зараз жа час ад часу прыязджае толькі магазін на калёсах – аўталаўка.
Аднак так павялося на Беларусі, што менавіта ў вёсках, як пакінутых цяпер, так і жылых, некалі стваралася наша гісторыя, а зараз жыве толькі памяць пра яе. У савецкі час вёскі былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсяго таго, што адбывалася. Не выключэнне з гэтага і Печураны, дзе таксама ёсць старажылы – жывыя сведкі мінулага.
Дзякуючы старэйшыне, я пабывала ў гасцях у цудоўнай жанчыны – 97-гадовай Валянціны Мартынаўны Халопіцы (у дзявоцтве – Рачок), стрыечнай сястры Соф’і Пятроўны Рачок.
…Мы сядзелі ў хаце Валянціны і ў размове пераносіліся ў мінулае. Твар гаспадыні ажывае, становіцца адухоўленым – так усхвалявана яна пражывае тое, што было амаль стагоддзе назад. Сама В.М. Халопіца нарадзілася ў 1929 годзе – бурныя гады, падчас усеагульнай калектывізацыі, у год заснавання мясцовага калгаса «Колас», у якім спачатку рабіла С.П. Рачок.
Як пачынаўся працоўны подзвіг
Размова ідзе пра перадваенны час. Соф’я Пятроўна ўжо не жыла ў Печуранах, бо не першы год працавала ў Капыльскай МТС.
У 1937 годзе ёй даручылі ўзначаліць жаночую трактарную брыгаду, а да гэтага яна была брыгадзірам змешаных брыгад механізатараў. Разам са сваімі дзяўчатамі Рачок заняла першае месца на Міншчыне па колькасці выпрацаваных гектараў на трактар і вывела брыгаду ў лік перадавых па ўсёй рэспубліцы. Пра яе пісалі ў друку БССР, публікавалі яе звароты да беларускіх жанчын з заклікам вывучаць трактар. Сама ж Соф’я Пятроўна натхнялася і захаплялася працоўным гераізмам жывых легендаў таго часу: шахцёра Аляксея Стаханава і трактарысткі Пашы Ангелінай, якія былі ўсесаюзнымі прыкладамі перавыканання працоўных нормаў. Паша Ангеліна з Данбаса хутка стала сяброўкай Соф’і Рачок, яны адначасова былі абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР. Але шлях да ўсенароднай славы ў знакамітай печуранкі быў доўгім і нялёгкім…
– Соф’я праславіла ўвесь наш род. Я добра памятаю яе… Калі была малая, яна прыязджала да нас і прывозіла мне цукеркі. Нашы дзяды і прадзеды заўжды жылі тут, у Печуранах, – адказвае старажылка на пытанне пра паходжанне роду Рачок. – Іх было шмат, але ўсе – бедныя.
І працягвае пра сям’ю Соф’і:
– У яе былі брат Васіль і сястра Маня.
Печураны вядомы з пачатку ХІХ ст. як засценак, які пераходзіў з адной дваранскай уласнасці да другой. У такіх выпадках пра жыццё мясцовых сялян не думалі. Лёс простых людзей з даўніх часоў і да ўзнікнення калгасаў у большасці быў цяжкім, панавала маёмасная няроўнасць. Соф’я ў юнацкім узросце (нарадзілася ў 1909 г.) як старэйшая з дзяцей пайшла ў батрачкі. У каго яна толькі не працавала! А з 15 гадоў батрачыла ў пана Туміловіча ў некалькіх кіламетрах ад Печуран.
Даводзілася працаваць на чужую гаспадарку па 16–18 гадзін у суткі, але сыйсці не магла – трэба было дапамагаць сваёй вялікай сям’і. Разлік за цяжкую працу быў просты: 3 пуды хлеба, пара лапцей, саматканае адзенне.
У калгас па выратаванне
Узнікненне калгаса ў вёсцы стала выратаваннем для такіх сем’яў, як Рачок. Асірацелая дваццацігадовая Соф’я разам з братам і сястрой першымі ўступілі ў «Колас». Валянціна Мартынаўна ўспамінае:
– У калгасе Соф’і давалі спецыяльнасць і адначасова вучылі грамаце, бо яна як батрачка была да гэтага зусім непісьменная.
Так, усё юнацтва для С. П. Рачок «плуг быў замест школьнай скамейкі». У хуткім часе дзяўчына не толькі стала трактарысткай, але пачала ставіць працоўныя рэкорды. Праўленне калгаса паслала яе на курсы брыгадзіраў.
– На жаль, ні бацькі, ні маці ўжо не было, калі яна выйшла ў людзі. Сама па сабе… Так старалася, так рабіла, была вельмі працавітая, – гаворыць В.М. Халопіца і дадае: – У рэшце рэшт калгас падарыў Соф’і Пятроўне і яе мужу новы дом. Але яны ў ім не жылі.
Соф’я кіравала брыгадай у Капыльскай МТС і ў Печуранах была толькі наездамі. Брат Васіль перасяліўся ў Мінск, сястра Марыя выйшла замуж у вёску Васільчыцы. Так апусцела і бацькоўская хатка.
Неяк падчас сваіх даследаванняў я знайшла яшчэ перадваеннае апісанне дадзенай хаткі. Гэта была «замшэлая хібарка, напалавіну ўросшая ў зямлю». Там нарадзілася і расла Соф’я. Такое апісанне сёння супадае з успамінамі старэйшых жыхароў вёскі. Мне паказалі невялічкі пустыр за плотам побач з адным з сучасных дамоў, дзе калісьці стаяла гэтая хібара. Пустыр быў сапраўды вельмі вузкі, за ім прасціралася поле, а за полем – лес. Я стаяла і думала: «Ці такі ж краявід бачыла ў маленстве Соф’я Пятроўна?»
На памяць прыйшлі і іншыя эпізоды з жыцця бядняцкай сям’і Рачок, знойдзеныя падчас даследчай працы. Бацька будучай стаханаўкі Пётр Антонавіч меў 3 гектары зямлі, але не было свайго каня, каб яе ўзараць, трымалі толькі адну карову. Каб вырасціць жыта на хлеб, галава сям’і наймаў каня ў заможных аднавяскоўцаў, а за гэта потым разлічваўся часткай ураджаю, якога і так не хапала, жылі ўпрогаладзь, пакуль не пачалася калектывізацыя.
У Вялікую Айчынную вайну С.П. Рачок, будучы дэпутатам, эвакуіравалася ў Пензенскую вобласць і ўзначаліла там трактарную брыгаду. Яе калектыў хутка выйшаў у перадавікі. Так, па-свойму, Соф’я Пятроўна абараняла любімую Радзіму, імкнучыся даць як мага больш хлеба для фронту. Яе муж змагаўся з ворагам на Беларусі – пра гэта паведаміла В.М. Халопіца. Ён стаў камандзірам партызанскага атрада і, на жаль, з вайны не вярнуўся…
Дэпутаты 1-га склікання Вярхоўнага Савета СССР, у склад якога ўваходзіла С. П. Рачок, ездзілі ў Маскву на сесіі да 1946 года. Пасля выз-валення БССР ад варожых захопнікаў Соф’я Пятроўна прыехала ў Мінск, прымала ўдзел у падняцці горада з руін. Потым атрымала ў мірнай сталіцы БССР адказную пасаду…
Асабісты роздум
У газетным матэрыяле немагчыма паведаміць пра ўсё, што я ўбачыла і пра што даведалася ў Печуранах. Галоўнае, што ўзрадавала – тое, што вёска працягвае гісторыю свайго жыцця, няхай гэта ціхая плынь адасобленасці, а не былы росквіт, але… Калі я бачыла ў дварах дзяцей і моладзь, якія разам з дарослымі нешта рабілі па гаспадарцы ці адпачывалі, і якія былі неабыякавыя да сваіх дамоў і сядзіб – у мяне з’явілася надзея на адраджэнне Печуран і на далейшае іх развіццё. На маю думку, у вёсках было б нялішне не зносіць якую-небудзь старэнькую хатку, а пакінуць як сведку даўнейшага жыцця. І не проста пакінуць, а наладзіць там музей, тым больш што старыя людзі, якія і з’яўляюцца адзінымі жывымі сведкамі мінулага, здольны шмат чаго паведаць. Гэта былі б цудоўныя ўрокі мясцовай гісторыі для нашчадкаў.
Выказваю шчырую падзяку ўсім печуранцам, якія ў той ці іншай меры дзяліліся са мной фактамі пра мінулае, у тым ліку Г.Я. Бузель і В.М. Халопіцы. Таксама дзякую старшыні Пацейкаўскага сельвыканкама С.І. Цвірко, без якога мая вандроўка ўвогуле не адбылася б, і кіраўніку спраў Ірыне Уладзіміраўне Мацюхінай.
Вольга РУСАКОВІЧ,
г. Мінск
Фота прадастаўлена аўтарам

Комментарии