Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Бабье лето в Велешино: о красоте, памяти и верности родной земле

18.10.2026

У Вялешына мы трапілі ў самы разгар залатой восені – падчас бабінага лета. Вёска сустрэла нас цішынёй. Але галоўнае было не ў ёй, а ў кветніках ля сялянскіх хат. Яны, здавалася, адмовіліся верыць у прыбліжэнне зімы і ўспыхнулі апошнім, яркім полымем. Гэта расцвілі пушыстыя суквецці бабінага лета (сімвалічна з назвай гэтай пары і з тым, што ў вёсцы жывуць пераважна жанчыны). Над гэтым апошнім восеньскім хараством, спяшаючыся назапасіць апошнія кроплі лета, кружылі пчолкі. Побач з імі пырхалі матылькі. Іх крыльцы імкліва мільгалі ў паветры, і ў гэтым простым руху было столькі спакою і вечнасці, што хацелася забыцца пра ўсе клопаты і проста стаяць, удыхаючы водар наваколля.

Не прадаецца хата бацькоў…

Штодня атрымлівае такую асалоду ад яднання з прыродай мясцовая жыхарка Валянціна Булат, ля сядзібы якой і сустрэліся.

– Гэта наш бацькоўскі дом, – расказвае Валянціна Баляславаўна. – Выязджала я адсюль толькі на сем гадоў, калі атрымалі кватэру ў Капылі. Але кожны выхадны, і нават сярод тыдня, мы спяшаліся сюды. Так працягвалася, пакуль жывыя былі бацькі.

Бацька і маці пайшлі адзін за адным на працягу паўтара года. І тады Валянціна Баляславаўна з мужам паставілі сябе перад выбарам. Бацька перад смерцю прасіў толькі аднаго: каб, як у той песні гаворыцца, не прадавалі хату бацькоў.

– У дзевяноста шостым мы прыехалі сюды, – успамінае гаспадыня. – І з таго часу так і жывём. У хаце трохі падладзілі, ёсць агарод і ўчастак. Вялікай гаспадаркі не трымаем – хіба што птушку. Працуем, варушымся.

Валянціна Баляславаўна шмат гадоў адпрацавала ў падатковай інспекцыі на пасадзе намесніка начальніка. Кожны дзень – дарога да Капыля, аўтобус, праца, дарога назад.

– Дачка ў мяне тады была ў сёмым класе, а сын – у чацвёртым, – успамінае яна. – Аўтобусы былі поўныя. На прыпынку збіралася па дзесяць-дванаццаць чалавек.

Сёння гэтых людзей няма. Як няма і былой гаманлівай вёскі. Жанчына гаворыць пра гэта спакойна, але ў голасе адчуваецца нейкі сум: не па сабе, а па тым агульным шуме жыцця, які калісьці напаўняў кожную вуліцу.

Яе бацька быў памочнікам брыгадзіра – вёў улік, налічваў заробкі. У адной толькі паляводчай брыгадзе працавала трыццаць чалавек.

– І гэта была толькі брыгада, – узгадвае Валянціна Баляславаўна. – Людзей было шмат. Жыццё кіпела.

Цяпер трыццаць чалавек, напэўна, ці знойдзецца на ўсю акругу. Але тады, у яе дзяцінстве, на адну паралель у класе з іх вёскі збіралася дзесяць чалавек. У Вошкаты, дзе была школа, хадзілі трыццаць вучняў. Усе разам, дружна. Напрыклад, зімой старэйшыя наперадзе тапталі дарогу, малодшыя ішлі следам.

У вёсцы было ўсё: і клуб, куды прывозілі кіно, і ФАП, і магазін разам з поштай, і нават бібліятэка. У паштовым аддзяленні працавала і ашчадкаса.

– Мне шкада, што вёска ўжо не тая, – гаворыць Валянціна Баляславаўна. – А радуе тое, што ёсць маладыя людзі, якія купляюць старыя пабудовы, стараюцца нешта зрабіць, будуюцца. І дай бог, каб яны тут жылі.

Мінулым летам яе стрыечная сястра Людміла Шорац з Віцебска прадала мамін дом (яе мама – вядомы ў раёне педагог, актыўная ўдзельніца ветэранскага руху Часлава Феліксаўна Грыгаровіч) добрым суседзям, сваякам. І гэта было выкананне таго ж бацькоўскага запавету: каб дом жыў, каб стаяў.

– Я ўвесь час казала: галоўнае, каб дом жыў, – уключылася ў размову Людміла Фёдараўна. – А калі стаіць і развальваецца, ніхто не жыве – год, два, тры – і ўсё, паехала пабудова. Догляд патрэбен абавязкова.

З Мінска – у вёску

Марына Аніхоўская смяецца, калі ўспамінае свой першы прыезд у вёску:

– Я з Мінска выехала, еду на маршрутцы і думаю: «Госпадзі, няўжо тут яшчэ людзі жывуць!» Праз паўтары гадзіны дабралася.

Гэта было ў Дзень Незалежнасці. Яна прыехала да сяброўкі. А потым вярнулася ў Мінск і зразумела: яе ўжо зацягнула вёска.

– Я раней не разумела, чаму ўсе вясною сюды рвуцца, – гаворыць Марына Юр’еўна. – Думала: божа, што яны там хочуць, у гэтай вёсцы! А цяпер у Мінск не еду. Лепей вы да нас. Я з Мінска прыязджаю – уся разбітая. Шумна. Я ўжо прывыкла тут да цішыні за дваццаць гадоў.

З мужам купілі дом, трохі адбудаваліся. Працавала прадаў-цом у магазіне, а потым хворую маму даглядала.

– У мяне ніхто ніколі ў вёсцы не жыў, – тлумачыць яна. – Усе гарадскія. Калі прыехала першы раз, усё здавалася страшным сном. А цяпер успамінаю і думаю: чаму я адразу ў вёску не прыехала жыць?

Раней Марына Юр’еўна амаль нічога не ўмела рабіць па сельскай гаспадарцы:

– Муж паказваў, як кроп сеяць ды часнок садзіць. Нічога не ведала. Кветкі – разумела, што яны ёсць у нашым жыцці, але як даглядаць, як яны растуць, адкуль бяруцца... Тым больш – бульба (пра яе ведала, што яна бывае фры), памідоры, агуркі. Гэта для мяне быў цёмны лес. Цяпер усё інакш. Можна сказаць, што градкі ў мяне разумныя. Рабіць іх вучылася па часопісах. Шмат выпісвала. Потым усе гэтыя выданні аддала ў Дусаеўшчыну ў бібліятэку.

Два гады таму аднавяскоўцы абралі Марыну Юр’еўну старэйшынай вёскі.

– З мясцовай уладай у нас нармальна работа наладжана, – расказвае яна. – Сельвыканкам падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Але ёсць балючыя пытанні – два саўгасныя дамы. Хочам, каб іх знеслі. А яшчэ, на маю думку, трэба больш увагі надаваць нашым пажылым, хаця б паштоўку якую да свята прыслаць… Самі такімі ж будзем. Людзі ў нас добрыя, дружныя, вось сабралі грошы і браму на могілках устанавілі. На ўсе суботнікі выходзім толькі талакой.

Старэйшынай – чвэрць стагоддзя

Святлана Аніхоўская нарадзілася і вырасла ў гэтых мясцінах.

– Я ўсё жыццё пражыла ў Вялешыне, – гаворыць Святлана Іосіфаўна. – Дваццаць гадоў адпрацавала ў аўтапарку, васямнаццаць – у мясцовай гаспадарцы. Да 64 гадоў. Была і брыгадзірам, і на складзе.

Акрамя таго 25 гадоў аднавяскоўцы аказвалі ёй давер быць старэйшынай.

– У першую чаргу ў сваёй рабоце звяртала ўвагу на навядзенне парадку, – падкрэслівае жанчына. – І вельмі важным гэта з’яўляецца для жыхароў Вялешына, бо вёска наша знаходзіцца пры важнай трасе. Таму сустракаліся з насельніцтвам, гутарылі, прасілі, каб падкасілі, прыбралі тэрыторыю. У нас была добрая сувязь з сельвыканкамам. Мы шмат чаго зрабілі разам. Усе дрэвы ў вёсцы і на могілках прыбралі з іх дапамогай, а таксама выратавальнікаў. Пастаянна дарогу падсыпалі.

У Аніхоўскіх трое сыноў і васьмёра ўнукаў.

– Самаму маленькаму тры з паловай гады. Самаму старэйшаму – 25, ён у пагранічных войсках служыць, – працягвае Святлана Іосіфаўна. – Нядаўна быў у адпачынку, заходзіў да нас. Другі – у Слуцку па кантракце служыць. А дзяўчынкі яшчэ вучацца.

Кватэру ў Капылі бацькі аддалі сыну, а самі засталіся ў вёсцы.

– У нас дома, як у горадзе, – ванна, воданагравальнік, туалет. Толькі жыві, – смяецца суразмоўца. – зямлі хапае, ажно 67 сотак. Што на іх? Сад расце, трава. Былі козы, але ўжо не трымаем. Цяпер толькі курачкі. Навокал абкошана – парадак у нас.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей