Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

У войны не женское лицо, но у Победы – женское сердце: подвиг белорусских женщин в годы Великой Отечественной войны

20.09.2026

Мы працягваем расказ пра тых, хто на роўных з мужчынамі набліжаў май 1945-га. Вайна не бывае мужчынскай, не бывае жаночай. Гэта – бяда агульная. І для таго, каб яе прадухіліць, жанчыны рызыкавалі сваім жыццём.

Шмат імён захавала для нас гісторыя. Большасць з іх памятаюць і шануюць у школах, бо менавіта жанчыны, не шкадуючы сябе, не толькі  змагаліся за Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі разведчыцамі, сувязнымі, распаўсюджвалі лістоўкі і аказвалі дапамогу параненым салдатам.

Гістарычным радком

Адна з іх – Дарашэвіч Любоў Афанасьеўна. Яна нарадзілася ў 1918 годзе ў вёсцы Яўсеевічы, але ўсё жыццё пражыла ў Грозаве. Любоў Афанасьеўна ў 1938 го-дзе скончыла Мінскі медыцынскі тэхнікум. 23 чэрвеня 1941 года яе прызвалі на ваенную службу ў палявы хірургічны шпіталь хірургічнай медсястрой, дзе служыла да верасня 1944 года. За час службы паказала сябе высока- прафесіянальным медыцынскім работнікам. Старанна выконвала свае абавязкі і мела адзінаццаць падзяк ад камандавання часці. Сама была дысцыплінаваная і патрабавальная не толькі да сябе, але і да падначаленых. Падчас бязлітасных баёў даводзілася на сваіх плячах выцягваць напаўжывых байцоў, суткамі без сну і адпачынку выходжваць параненых, прымаць машыны з пацярпелымі, пераносіць байцоў у аперацыйную.

А вось яшчэ адзін прыклад моцнай духам жанчыны. Гэта зноў-такі ўраджэнка Грозава – Місючэнка Надзея Сцяпанаўна. Нялёгкім выдалася яе жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны 16-гадовай дзяўчынкай Надзея стала медыцынскай сястрой у партызанскай брыгадзе імя Чапаева. Тысячы хворых прайшлі праз яе клапатлівыя рукі: усім яна старалася дапамагчы, аблегчыць пакуты, вярнуць здароўе. У партызанскім атрадзе яна не толькі лячыла абаронцаў Радзімы, але і гатавала ежу, мыла і шыла вопратку партызанам. Надзея ў час вайны ўпершыню ўбачыла пакуты параненых, і гэта яшчэ больш узмацніла яе жаданне вучыцца толькі на медработніка. У 1946 годзе яна скончыла медтэхнікум, без адрыву ад асноўнай работы прайшла навучанне ў двухгадовай школе медыцынскіх сясцёр і па гэтай спецыяльнасці больш за сорак гадоў працавала ў Грозаўскай участковай бальніцы. За спагадлівае, добрае сэрца, за яе клопаты, ласкавыя словы і медыцынскую дапамогу, а таксама за актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на акупіраванай тэрыторыі Надзея Сцяпанаўна Місючэнка ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і сямю медалямі.

Настаўніца ж першай гарадской школы, якая прыйшла ў класы амаль адразу пасля заканчэння вайны, Маркоўнік  Вольга Захараўна была ўпэнена: трэба ведаць нямецкую мову. Многія савецкія разведчыкі, дзякуючы валоданню гэтай мовай, прыбліжалі перамогу над ворагам у гады вайны. Па-другое, гэта мова не толькі фашыстаў. Па-нямецку размаўлялі Роберт Кох, Ёзаф Рэнтген, Альберт Эйнштэйн, Дызель. Яна і пра сябе расказвала вучням, што веданне нямецкай мовы дапамагло ёй ужо пасля вайны ўладкавацца на працу справаводам у адну з вайсковых часцей у Германіі, дзе служыў яе муж Васіль Андрэевіч Гарашчэня, афіцэр Савецкай Арміі. А нарадзілася жанчына ў 1920 го-дзе. Пасля заканчэння пачатковай, затым сярэдняй школы ў 1937 годзе паступіла і ў 1941 годзе скончыла педінстытут імя Горкага. З 1941-га па красавік 1943-га працавала з бацькамі ў сельскай гаспадарцы. З красавіка 1943-га па ліпень 1944-га была сувязной партызанскага атрада ім. Кутузава брыгады імя Лявонава. Затым да жніўня 1945 г. настаўнічала ў Халопеніцкім раёне. З 1949 года да выхаду на заслужаны адпачынак у 1975 годзе вучыла дзетак у СШ № 1 г. Капыля. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені і юбілейнымі медалямі.

Шмат іх, тых, хто пасля палёў бітвы пайшоў вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак добраму і светламу. Раскажам яшчэ пра адну гераіню – Лучыновіч Ірыну Кандрацьеўну – партызанку-разведчыцу. Па ўспамінах былых вучняў, у школе яе называлі «варашылаўскім стралком», бо на спартыўных спаборніцтвах лепш ніхто не трапляў у мішэнь. Такая трапнасць і гераізм жанчыны ўзнагароджаны Ордэнам «Айчыннай вайны» ІІ ст., медалём «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», многімі юбілейнымі ўзнагародамі. Жыццёвы шлях Ірыны Кандрацьеўны пачаўся ў 1916 годзе ў в. Рачэнь Любанскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Бабруйскага педрабфаку паступіла ў Мінскі політэхнічны інстытут, дзе і сустрэла пачатак Вялікай Айчыннай. У жніўні 1941 г. у в. Рачэнь была створана падпольная камсамольская група, у якую ўваходзіла і Лучыновіч. Яна з таварышамі збірала зброю, а таксама каштоўныя звесткі пра сілы ворага, наладзіла сувязь з падпольшчыкамі Любані. Дзяўчына дастаўляла і распаўсюджвала газеты «Чырвоная змена», «Звязда», плакаты, лістоўкі, карыкатуры на Гітлера, Гебельса. Хадзіла на заданні ў Слуцк, Урэчча, Асіповічы, Капыль. У атрад «Камсамолец» брыгады імя Панамарэнкі трапіла ў студзені 1942-га, дзе і змагалася з ворагам да вызвалення Беларусі ў ліпені 1944-га. З 1950 года працавала настаўнікам матэматыкі ў СШ № 1 г. Капыля да 1972 года, калі выйшла на заслужаны адпачынак.

 Каментарый нашай сучасніцы

Так змагаліся нашы продкі. А што думаюць пра вайну сучасніцы-беларускі? Каб даведацца пра гэта, мы звярнуліся таксама да настаўніцы – Таццяны Уладзімрўаны Мароз, якая працуе ў Грозаўскай СШ.

– Што мы ўяўляем, калі чуем слова «вайна»? – разважае Таццяна Уладзіміраўна. – Звычайна гэта грукат танкаў, акопы, мужчынскія твары, апаленыя агнём. Але калі капнуць глыбей, мы ўбачым, што вайна – гэта яшчэ і жаночы плач, матчыны слёзы, дзявочыя спіны, сагнутыя пад цяжарам шпітальных насілак. Ці можна ўявіць жанчыну з аўтаматам? Ці можна сумясціць у адным вобразе калыску і акоп, пяшчоту і жорсткасць? Адказ на гэта відавочны: вайна і жанчына – паняцці несумяшчальныя. Вайна ненатуральная жаночай існасці!

Няхай гучыць жорстка, але ў вайны не можа і не павінна быць жаночага твару. Таму што вобраз жанчыны – гэта цёплыя рукі, якія трымаюць дзіця, а не халодную зброю. Гэта голас, які павінен супакойваць, а не камандаваць: «У атаку!».

Мы ўзвышаем подзвіг медсясцёр, якія пад кулямі выцягвалі параненых, і партызанак, якія знішчалі ворага ў тыле. Мы пакланяемся іх мужнасці! Жанчыны, якія перажылі вайну, сталі сімвалам неверагоднай сілы! Яны не толькі падтрымлівалі фронт, але і выконвалі мноства іншых жыццёва важных функцый у грамадстве, што зрабіла іх уклад неацэнным.

У тыле, дзе не хапала рабочых рук, прадстаўніцы слабага полу ўзялі на сябе асноўны цяжар вытворчасці. Іх подзвіг яшчэ больш трагічны – ім давялося рабіць тое, што зусім не ўласціва жанчынам.

Вядома, што яны працавалі на заводах, вырабляючы танкі, самалёты, боепрыпасы і прадукты харчавання для фронту, працавалі ў калгасах і саўгасах, апрацоўваючы зямлю, вырошчваючы хлеб і забяспечваючы войска і насельніцтва харчаваннем. Праца была цяжкай, знясільваючай, часта ў некалькі змен, але жанчыны не скардзіліся і рабілі ўсё магчымае для перамогі. Важна адзначыць, што іх працоўны подзвіг бесперабойна забяспечваў фронт. На фронце яны служылі ў розных войсках: снайперамі, кулямётчыцамі, лётчыцамі, сувязісткамі, медыкамі. Многія з іх праяўлялі выключную адвагу і майстэрства, знішчаючы варожую тэхніку і салдат. Жанчыны-медыкі, рызыкуючы жыццём, выносілі параненых з поля бою, аказвалі ім першую дапамогу і вярталі ў строй. Яны не толькі ратавалі жыцці салдат, але і аказвалі ім маральную падтрымку, усяляючы веру ў перамогу. Маладыя жанчыны сталі сімвалам гераізму і самаахвярнасці ў імя Радзімы!

Важна адзначыць, што роля жанчыны ў гады вайны не абмяжоўвалася толькі працоўным і ваенным подзвігам. Яны заставаліся матулямі, жонкамі, сёстрамі, дочкамі, падтрымліваючы маральны дух сваіх блізкіх і ўсяляючы ў іх надзею на вяртанне дадому. Яны пісалі лісты на фронт, адпраўлялі пасылкі з цёплымі рэчамі і прадуктамі, клапаціліся пра дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Іх любоў і вера служылі крыніцай сілы і натхнення для салдат, якія змагаліся на перадавой. Мы памятаем подзвіг тых, хто стаў у строй у гады Вялікай Айчыннай. І менавіта таму, памятаючы цану міру, мы павінны сказаць: «Ніколі больш». Жанчына павінна жыць. Жанчына павінна чакаць. Жанчына павінна сустракацць дадому тых, хто абараняе. Жанчына павінна даваць жыццё, а не ратаваць яго сярод агню і крыві.Таму ў вайны не павінна быць жаночага твару. І мы не маем права дапусціць гэта яшчэ раз. Вечная слава і наша пакланенне!


Галерея изображений

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей