92-гадовая жыхарка вёскі Выня Марыя Пятроўна Карповіч – чалавек мудры і разважлівы. Сама яна была зусім маленькай дзяўчынкай, калі адбываліся лёсавызначальныя падзеі, таму ўласныя ўспаміны пра той час сцерліся. Але памяць сэрца, перададзеная праз аповеды маці і старэйшых аднавяскоўцаў, жыве ў яе словах і сёння.
– Матуля часта расказвала, як цяжка было жыць, калі мяжа дзяліла наш народ – гаворыць Марыя Пятроўна. – Непадалёк ад нашай вёскі, каля Каласаўшчыны, стаялі пагранічныя слупы. Напамінам засталіся і магутныя бетонныя збудаванні – доты. Гэта была не проста лінія на карце, гэта была сцяна, якая раздзяляла родных людзей, суседзяў, сяброў.
Марыя Пятроўна ўзгадвае, што ў тыя часы жыццё па абодва бакі мяжы было няпростым. Многія аднавяскоўцы вымушаны былі хадзіць на працу да «западнікаў». Працавалі цяжка, ад цямна да цямна, а платай за гэтую нялёгкую работу часцей за ўсё станавіўся хлеб ці нейкая іншая ежа. Гэта быў час выжывання, калі кожная сям’я марыла пра стабільнасць і мір.
Але, нягледзячы на штучныя межы раз’яднання, людзі заставаліся людзьмі. Яны знаходзілі спосабы мець зносіны, сябраваць і, што самае галоўнае, кахаць. Марыя Пятроўна з цеплынёй расказвае, як многія маладыя людзі звязвалі свае лёсы, стваралі сем’і, нягледзячы на тое, што адзін быў з «усходняга», а другі – з «заходняга» боку. Каханне аказвалася мацнейшым за любыя межы.
– Уз’яднанне стала сапраўдным святам, – працягвае суразмоўца. – Людзі адчулі, што яны больш не чужыя на сваёй зямлі. Змянілася ўсё: і побыт, і магчымасці. Пасля таго, як Беларусь стала адзінай, нашы дзеці пайшлі вучыцца ў школу ў Салтанаўшчыну ці ў Нясвіж. Гэта было вялікае шчасце – мець магчымасць атрымліваць адукацыю, развівацца, будаваць будучыню на сваёй зямлі.
Слухаючы Марыю Пятроўну, разумееш: Дзень народнага адзінства – гэта на самай справе свята кожнай беларускай сям’і. Гэта гісторыя пра тое, як мы навучыліся цаніць сваю цэласнасць. Для Марыі
Пятроўны, якая пражыла доўгае і няпростае жыццё, галоўная каштоўнасць – гэта мірнае неба і разуменне таго, што мы – адзін народ.
Сёння, гледзячы на сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, Марыя Карповіч радуецца, што яны жывуць у краіне, дзе няма межаў паміж роднымі людзьмі. У гэтым і ёсць галоўны сэнс гісторыі, якую яна беражліва захоўвае ў сваёй памяці.

Комментарии