Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

«Дожинкам» — 30 лет! История главного праздника аграриев: от Столина до Дзержинска

11.09.2026

Першае свята 8 верасня 1996 г. прымаў палескі Столін. Ідэйным натхняльнікам фестывалю працаўнікоў сяла стаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка абавязкова прысутнічаў на кожным мерапрыемстве і асабіста ўшаноўваў аграрыяў, падводзіў вынікі сельскагаспадарчага года і ставіў задачы на будучае.

 

 

Свята ў Століне

Тады ў Століне адбыліся сапраўднае свята з выступленнямі артыстаў-зорак эстрады і народныя гулянні. І самае важнае – на ім былі падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва на жніве-96. Лепшым камбайнерам асабіста ўручаў ключы ад аўтамабіля Прэзідэнт.

Гістарычным радком

Выбар першай сталіцы фестывалю быў глыбока сімвалічным: горад здаўна славіўся самабытным «Палескім кірмашом», чый каларытны дух і лёг у аснову грандыёзнай падзеі. Да таго ж раён заслужыў гэтае права, стаўшы лідарам па ўраджайнасці ў вобласці з вынікам 32,3 цэнтнера з гектара.

Гэта была субота – дзень выхадны, і народ усё падыходзіў і падыходзіў на плошчу. Ад раённага Дома культуры даносілася музыка – там збіраліся калектывы мастацкай самадзейнасці з усіх абласцей рэспублікі. Яны і адкрылі святочнае шэсце.

Роўна ў 12.00 раздаліся ўрачыстыя пазыўныя фестывалю-кірмашу. Гаспадар свята, старшыня Столінскага райвыканкама Уладзімір Піцуха, і старшыня аргкамітэта, віцэ-прэм’ер рэспублікі Уладзімір Гаркун павіншавалі жыхароў Століншчыны з гэтай знамянальнай падзеяй. На флагштоку побач са сцягам Рэспублікі Беларусь затрымцеў на ветры сцяг фестывалю-кірмашу –зялёнае палотнішча з вышытымі на ім бурштынавымі каласамі жыта.

Знакавым вынікам урачыстасці стала маштабнае абнаўленне райцэнтра, якое паклала пачатак традыцыі добраўпарадкавання гарадоў-гаспадароў мерапрыем-ства. У Століне адра-мантавалі бібліятэку, гасцініцу і адмі-ністрацыйныя будынкі, абнавілі цэнтральную вуліцу. Галоўным жа сацыяльным падарункам для жыхароў стаў увод у эксплуатацыю новага будынка раённай бальніцы і паліклінікі, чырвоную стужачку на адкрыцці якой урачыста перарэзаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў найвышэйшую значнасць і гонар цяжкай сялянскай працы:

– Асабліва гэта датычыцца нашай роднай Беларусі. Усім багатая наша зямля: лясамі, рэкамі, азёрамі ды шырокімі палямі. Добра іх відаць з вышыні птушынага палёту: акуратныя, дагледжаныя, прыгожыя. Такімі іх зрабілі вы, паважаныя працаўнікі сяла. Гэта вашыя мазолістыя рукі ўзаралі і засеялі зямлю, сабралі багаты ўраджай.

Ушанаванне перадавікоў прайшло з асаблівым, гістарычным размахам: лепшым працаўнікам уручылі грашовыя прэміі, тэлевізары, мотаблокі, матацыклы і ключы ад 12 легкавых аўтамабіляў – па два на кожны рэгіён краіны.

На фестывалі – капыльскія працаўнікі

З тае пары прайшло шмат гадоў, але Аляксандр Кароль па-ранейшаму займае лідарскія пазіцыі. Зараз – сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа. У гэтым годзе яго вынік – звыш 6000 тон. Сапраўднае дасягненне! За плячыма Аляксандра Віктаравіча больш за тры дзясяткі гадоў у сельскай гаспадарцы, але ён – чалавек вельмі сціплы і не любіць гучных слоў. Чвэрць стагоддзя правёў за рулём камбайна, а апошнія гады працуе на самазвале, перавозячы зерне з поля на збожжасушыльны комплекс.

Трыццаць гадоў таму яго, маладога камбайнера,  запрасілі на першыя рэспубліканскія «Дажынкі» ў Столін. Разам з лепшымі хлебаробамі краіны ён ехаў амаль у невядомасць: ніхто толкам не ведаў, што іх там чакае.

– Прывезлі, пакармілі, спаць паклалі, – успамінаў Кароль. – А раніцай ужо было свята, канцэрт. Што адчувалі ў гэты хвалючы момант? Нават і не памятаю. Разгубіўся крыху. Сам жа кіраўнік дзяржавы вітаў.

Узнагародзілі яго за высокі намалот. Але галоўнае, што ўразіла тагачаснага механізатара, – ключы ад аўтамабіля «Жыгулі». Па тых часах – дарагі падарунак. Мала хто з простых працаўнікоў мог і марыць пра такі. Гэты момант – атрыманне ключоў ад аўтамабіля з рук Кіраўніка дзяржавы – стаў адным з самых яркіх у жыцці Аляксандра Віктаравіча. Яго праца, бяссонныя ночы ў полі і рукі, якія ўжо прывыклі да руля, – усё гэта заўважылі, ацанілі і падзякавалі па-сапраўднаму. Тую ўборачную Кароль не забудзе ніколі.

«А ішоў да гэтай падзеі Кароль не адзін год. Ураджэнец вёскі Вераб’евічы, ён пасля заканчэння

Быстрыцкай дзесяцігодкі паступіў у Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум, правучыўся год і пайшоў у армію. Атрыманае яшчэ пасля заканчэння школы вадзіцельскае пасведчанне якраз спатрэбілася юнаку, а служба ў якасці камандзіра танка загартавала хлапечы характар, зрабіла яго мужным, вынослівым, цягавітым. Так, вельмі ж патрэбныя такія рысы чалавеку, які прысвячае сябе рабоце ў сельскай гаспадарцы. Назад у тэхнікум так больш і не вярнуўся, бо цягнула праца на роднай зямлі, да якой прывык змалку. І Аляксандр уладкаваўся вадзіцелем у калгас імя Ціміразева. Быў час, калі шчыраваў Аляксандр пару гадоў у ДРБУ-124, затым –  вадзіцелем у АМП «Капыльскае». А на перыяд уборачных кампаній мяняў у той час Кароль аўтамабільную баранку на камбайнавую. Аляксандр Віктаравіч Кароль – выдатны сем’янін і гаспадарнік. 3 жонкай Святланай Міхайлаўнай,  паляводам, маюць дом у Быстрыцы, хатнюю жыўнасць», – так пісаў адразу пасля падзеі, як кажуць, па гарачых слядах, карэспандэнт раёнкі Мікалай Лосік.

З 2015 года па рашэнні кіраўніка дзяржавы фармат кардынальна абнавіўся, а само свята перайшло непасрэдна ў рэгіёны. Ушанаванне перанеслі ў раённыя цэнтры і аграгарадкі – бліжэй да зямлі і людзей, чыімі рукамі ствараецца нацыянальнае багацце. За тры дзесяцігоддзі ў Беларусі прайшло ўжо больш за 80 фестываляў, якія падарылі другое дыханне і сучаснае аблічча 116 беларускім гарадам.

А як у нас

Сталічны рэгіён не аднойчы прымаў свята хлебаробаў. У 2015-м яго сталіцай стала Вілейка, праз год – Лагойск. У 2017 годзе святкавалі ў Смалявічах, у 2018 – у Мядзелі. У 2019-м лепшыя аграрыі збіраліся ў Барысаве, яшчэ праз год – у Чэрвені. Стоўбцы цэнтрам святкаванняў сталі ў 2022-м, у 2023-м – Валожын. Заслаўе прымала хлебаробаў у 2024 годзе. Сёлета свята завітае ў Дзяржынск.

Калі ўважлівы чытач звярнуў увагу на прапушчыны 2021 год, то растлумачым. У гэты год сталіцай фестывалю-кірмашу  стаў Капыль. Менавіта ў нашым невялічкім горадзе сабраліся лепшыя аграрыі сталічнага рэгіёну. Якія ж змены адбыліся ў Капылі?

Перамяніліся вуліцы Партызанская, Трактарная, Горкага, Савецкая, Піянерская, Жылуновіча, Пралетарская, Замкавая, Купалы… У новы асфальт апранулася і плошча Леніна, тут жа замянілі дарожныя барты, адрамантавалі пешаходныя дарожкі. Будаўнікі абнавілі тратуары і дарожкі для пешаходаў не толькі ў цэнтры горада, дзе праходзілі асноўныя святочныя ўрачыстасці, – добраўпарадкаваны былі практычна ўсе падобныя аб’екты. Дарэчы, у Капылі новыя аб’екты не будавалі – уклалі сродкі ў абнаўленне і мадэрнізацыю ўжо існуючых.

Дзякуючы «Дажынкам» набылі новае аблічча прадпрыемствы райспажыўтаварыства, цэнтр культуры, установы адукацыі, спорту, аховы здароўя, дзіцячая школа мастацтваў, музей, тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання, загс, будынкі ДТСААФ і РКБА. Правялі капітальны ці касметычны рамонт, дзе патрабавалася –  замянілі абсталяванне.

Прыемным падарункам стала адкрыццё новага будынка дзіцячай бібліятэкі, дзе ўстанавілі зручную мэблю, практычныя стэлажы арыгінальнага дызайну для кніг.

У цэнтры горада з’явілася паркоўка. Перамянілася аўта-станцыя, там адрамантавалі залу чакання, перон. Атрымаў новае аблічча мост ля ракі Каменкі – будаўнікі замянілі тратуарную плітку, усталявалі агароджу, прыгожыя ліхтары. У маладзёжным парку ўсталявалі дзіцячую пляцоўку і адкрылі скейт-парк.

Фота аўтара і з архіва «СП»


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/43515-dozhinkam-30-let-istoriya-glavnogo-prazdnika-agrariev-ot-stolina-do-dzerzhinska#sigProId67c4e380c0
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей