Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

В Тимковичской средней школе прозвучал первый звонок

01.09.2026

У школах раёна, як і па ўсёй Беларусі, прагучаў першы званок. Святочная атмасфера панавала 1 верасня ў Цімкавіцкай сярэдняй школе. У гэты дзень вучні, настаўнікі і бацькі сабраліся на ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню ведаў.

Пасля таго, як ўрачыста ўнеслі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, прагучаў гімн краіны.  З цёплым прывітаннем звярнулася дырэктар школы Наталля Дубовік. Яна пажадала не толькі поспехаў у вучобе, але і яркіх адкрыццяў, моцнага сяброўства і незгасальнага імкнення да ведаў.

На свяце прысутнічалі паважаныя госці: старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, начальнік упраўлення па адукацыі і спорце райвыканкама Алена Карповіч, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Наталія Прохарава і  дырэктар  ААТ  «Капыльскае» Сяргей Мацюшэнка.

Сяргей Пілішчык падкрэсліў, што адукацыя з’яўляецца фундаментам развіцця дзяржавы, і ад таго, як сённяшнія вучні падыдуць да набыцця ведаў, залежыць будучыня краіны. Кіраўнік раёна пажадаў настаўнікам творчай энергіі і мудрасці, а вучням – напорыстасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах, адзначыўшы, што дзеці – гэта галоўны капітал Беларусі, і абавязак дарослых – забяспечыць ім годную будучыню і якасную адукацыю. Пасля віншаванняў Сяргей Пілішчык уручыў дырэктару школы сертыфікат на набыццё аргтэхнікі.

Галоўнымі героямі дня, бясспрэчна, сталі першакласнікі. Пад бурныя апладысменты яны выйшлі на пляцоўку – сур’ёзныя, кранальныя, з вялікім хваляваннем, у новай школьнай форме. Іх выступленне выклікала сапраўднае захапленне. Маленькія вучні чыталі вершы з такім запалам, што прысутныя не стрымлівалі добрых ўсмешак.

Слова трымалі і адзінаццацікласнікі. Для іх гэты навучальны год – фінальная старонка школьнай гісторыі. Яны з цеплынёй звярнуліся да сваіх малодшых таварышаў, далі наказ берагчы школу і паважаць настаўнікаў, а потым уручылі першакласнікам асаблівыя падарункі. Сімвалічны «залаты ключ» ад скарбніцы ведаў адчыніў перад дзецьмі дзверы ў краіну навук. Другі падарунак стаў па-сапраўднаму бясцэнным – гэта кніга «Беларусь – мая Радзіма», а таксама невялікія сувеніры, якія дапамогуць у вучобе.

Завяршылася свята сапраўды чароўна: раздаўся доўгачаканы першы школьны званок. Вучань 11-га класа Артур Чарняўскі і вучаніца 1-га класа Ілона Панцюхова пад  пералівы гучнай беларускай мелодыі абвясцілі для адных пачатак вялікага шляху, а для другіх – старт да яго фінішнай прамой.

Па добрай традыцыі першакласнікі за руку са сваімі старэйшымі сябрамі-выпускнікамі пад гучныя апладысменты першымі пераступілі парог школы, каб адправіцца на першы ўрок, прысвечаны самаму святому – нашай Радзіме –  «Веды сёння – моц і росквіт Беларусі заўтра!».

У гэты ж дзень прадстаўнікі раённай улады павіншавалі вучняў і настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года: старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рудакоўскі наведаў СШ № 2 г. Капыля, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Віталь Ракевіч пабываў у Семежаўскай СШ, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Юха прысутнічала на ўрачыстасці ў Старыцкай СШ, а кіраўнік спраў райвыканкама Ірына Пабока – у гімназіі № 1 г. Капыля. Яны далучыліся да святочнай атмасферы і пажадалі дзецям упэўненасці, настаўнікам – натхнення, а бацькам – радасці за поспехі сваіх дзяцей.

 

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/43315-v-timkovichskoj-srednej-shkole-prozvuchal-pervyj-zvonok#sigProIdc04b9f1746
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей