Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Писатель Алесь Мартинович: как Копыльщина стала источником его творчества

18.08.2026

Алеся Марціновіча называюць адным з самых плённых даследчыкаў нацыянальнай памяці. Хоць яго біяграфічны пачатак звязаны са Случчынай, менавіта капыльская зямля стала для творцы тым месцам, куды заўсёды імкнецца душа.

 

Нарадзіўшыся 18 жніўня 1946 года ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна, Алесь Марціновіч у дзяцінстве пераехаў разам з сям’ёй бацькоў-настаўнікаў на Капыльшчыну. У 1952 го-дзе яны атрымалі размеркаванне ў вёску Комсічы. Праз год хлопец пайшоў у першы клас мясцовай сямігодкі, але правучыўся там нядоўга – сям’я неўзабаве перабралася ў вёску Навасёлкі, дзе бацька пачаў выкладаць гісторыю ў Крывасёлкаўскай школе.

Успамінаючы тыя часы, сам пісьменнік падкрэслівае: «Так што Капыльшчына для мяне – малая радзіма. Тут прайшлі мае школьныя гады, тут фармаваўся мой светапогляд». 

Пасля заканчэння ў 1964 годзе Навасёлкаўскай сярэдняй школы ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Дарэчы, свой першы журналісцкі вопыт будучы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь атрымаў менавіта на радзіме – яшчэ школьнікам ён друкаваўся ў раённай газеце «Калгаснік Капыльшчыны».

Скончыўшы факультэт журналістыкі БДУ, малады спецыяліст працаваў у Драгічынскай раённай газеце, а пасля службы ў арміі (у Забайкальскай ваеннай акрузе) вярнуўся на Міншчыну. Яго запрасілі ў рэдакцыю капыльскай раённай газеты «Слава працы».

У інтэрв’ю нашай раёнцы напярэдадні свайго 75-гадовага юбілею Алесь Андрэевіч з цеплынёй успамінаў той час: «Трапіў у цудоўны, зладжаны творчы калектыў... Усё залежыць ад самога чалавека. Хоць і не так шмат паездзіў па Капыльшчыне, але ў памяці засталося нямала прыемнага». Гэты вопыт працы ў мясцовай газеце загартаваў стыль пісьменніка, навучыўшы яго бачыць вялікую гісторыю ў малых людскіх лёсах.

Сувязь  Алеся Марціновіча з Капыльшчынай знайшла найбольш яркае адлюстраванне ў яго літаратурнай спадчыне. Ён стаў адным з укладальнікаў фундаментальнага выдання «Памяць. Капыльскі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі». Для пісьменніка было важным захаваць памяць пра кожную вёску, кожнага славутага земляка.

Вяршыняй любові да малой радзімы стаў зборнік нарысаў «Капыльшчына. Душа рвецца сюды», які выйшаў у 2020 годзе. У ім сабраны ўнікальныя матэрыялы пра гісторыю краю і яго знакамітых ураджэнцаў. Варта адзначыць, што менавіта Капыльскі раён пісьменнік вылучае як унікальны ў маштабах краіны: «Гэта адзіны ў Беларусі раён, які даў сілы для творчасці не проста двум класікам, а прадстаўнікам двух нацыянальных літаратур. Гэта малая радзіма Мендэле Мойхер-Сфорыма... і Кузьмы Чорнага – класіка беларускай літаратуры».

За шматгадовую плённую працу і значны асабісты  ўклад  у развіццё беларускай культуры Алесь Марціновіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі і Заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь.

Для Алеся Марціновіча Капыльшчына – не проста геаграфічная кропка на карце, дзе прайшло дзяцінства. Гэта духоўны арыенцір, крыніца натхнення і сусвет, у якім сціраюцца межы паміж мінулым і сучаснасцю, ствараючы гісторыю роднага краю.

 

 


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей