Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Жизнь на границе – как деревня Дегтяные встретила сентябрь 1939 года

15.08.2026

Невялічкая вёска Дзягцяныя. Сёння яна знаходзіцца на захадзе Капыльшчыны на самай мяжы з Клецкім раёнам. А тады, у 1939-м, гэта была памежная зона: амаль кіламетр – і ты ў панскай Польшчы.

 

Крыху гісторыі

У канцы 30-х – пачатку 40-х ХХ стагоддзя вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Шлях Леніна», былі свая кузня і школа. У 110 дварах жыло 620 чалавек. Мяжа паміж Польшчай і Беларуссю праходзіла побач, як гавораць мясцовыя жыхары, «за кусцікамі». На нейтральнай тэрыторыі размяшчаліся могілкі (дарэчы, яны захаваліся і сёння). Такое іх месцазнаходжанне паміж Захадам і Усходам (і ў геаграфічным, і ў палітычным сэнсе) патрабавала дазволу ад пагранічнікаў на пахаванне памерлых. І нават у памінальныя дні Радаўніцы ці Дзядоў дзягцянцам не дазвалялася наведваць могілкі. Здаралася, з-за таго, што не мелі магчымасці наведваць святыя месцы, з цягам часу забываліся пра тое, дзе якая магіла існавала.

Жыхары былі права-слаўнай веры, але сваёй царквы не мелі, хадзілі ў Вясёлае ў храм святых Пятра і Паўла. Была і школа, якую паставілі, як кажуць, пры панах. Ужо пазней пабудавалі двухпавярховую, дзе ў вайну месціліся немцы.

На жаль, не захавалася ў жывых  ужо тых людзей, якія памятаюць час, калі савецкія войскі, перайшоўшы мяжу, вызвалілі ад панскага прыгнёту братоў-беларусаў. Але яшчэ жывыя іх нашчадкі.

Жывыя ўспаміны

Нас ветліва сустракае Марыя Дзмітрыеўна Біч, 1950 г. н. Зразумела, што быць сведкай жанчына не магла, але яна добра памятае расказы пра гэты перыяд свекрыві Яўгеніі Мікалаеўны Біч, 1923 г. н., якая працавала ў калгасе «Шлях Леніна» і была, простай жанчынай. Муж яе, Міхаіл Міхайлавіч, рабіў там жа.  

– Мяжа праходзіла вунь там, за тымі кусцікамі, – паказвае ў бок поля за акенцам Марыя Дзмітрыеўна. – Парадкі ў пагранічнікаў былі вельмі строгімі, яны добра сачылі за тым, каб ніхто не парушаў мяжу ні з нашага, ні тым больш з польскага боку. Расказвалі пра такі выпадак: два браты Бычэнкі вырашылі прайсці праз граніцу на той бок, а калі іх заўважылі, хлопцы спрабавалі ўцячы. Аднак пагранічнікі застрэлілі іх, бо ўсё было вельмі строга. А свёкр некалі ўспамінаў, што аднойчы пасвілі яны коней у начным – тут амаль адразу за хатамі былі кусты, называліся Дзяжкі. Дык падышлі да іх два чалавекі з-за мяжы і частавалі булкамі.

Аднойчы мясцовая жанчына (яна была швачка) пайшла нелегальна за граніцу і купіла нейкі кусок тканіны. Прынесла, глядзіць – а ён зусім абы-які і парваўся амаль адразу. Цёмначы перадавалі, з нейкіх, мабыць, старых залежаў даставалі – вось і ўзялі дрэнны. Беларусам навогуле аддавалі горшае.

А 17 верасня ў бок Клецка пайшлі танкі. Аднак людзі не верылі, што гэта па-сапраўднаму. Вяскоўцы мірна стаялі каля магазіна, чакалі прывозу тавараў. Побач чалавек гнаў пасвіцца калгасных кароў і кажа: «Чаго вы тут стаіце? Вунь нашы пайшлі на Польшчу!» Усе зарагаталі і пачалі жартаваць паміж сабой: «Якая вайна? Ты, Антось, гэта ў карты выгадаў ці што?» Адно тут жа пабеглі хлопчыкі і ўбачылі: сапраўды савецкія танкі і войскі пайшлі туды, па дарозе на Заходнюю Беларусь.

З тэрыторыі Капыльскага раёна, які ўваходзіў у Слуцкую групу, рухалася 29-ая танкавая брыгада. А з боку самой Случчыны – 32-я танкавая брыгада і 8-я стралковая дывізія.

– Танкі ішлі ад Браткава ў канец Дзягцяных. Сямнаццатага войскі пайшлі, а дваццаць першага быў Багач, свята такое, – працягвае гаворку Марыя Дзмітрыеўна. – Паміж Клеччынай і нашай вёскай была горка невялікая,  дзе пазней пабудавалі млын. І – божа мой! – колькі людзей вый-шла з двух бакоў шукаць сваякоў, якіх раздзяляла мяжа! Яны ж не маглі не то што сустракацца, а і просто ладзіць хоць некія зносіны паміж сабой. Бо ўсё очэнь-очэнь строга было. Як расказвала свякроў, дагэтуль за мяжу толькі паціху кантрабандысты праходзілі, якія гандлявалі аддзеннем ці чым яшчэ.

Ужо пасля ўз’яднання мясцовыя жыхары хадзілі на той бок купляць свіней, кароў. А да нас прыходзілі па керасін.

Аднак яшчэ доўга, нават і пасля Вялікай Айчыннай захоўвалася варожасць паміж «усходнікамі» і «западнікамі».

 – Яны на нас казалі галадранцы, а мы на іх – зрэбнікі, – успамінае жанчына. – Ужо пасля вайны, як мы малымі былі, то хадзілі ў шчаўе і ўбачылі дзяцей з таго боку, добра так з імі палаяліся. Але пазней адносіны наладзіліся.

Панскія байкі

На тым, польскім, баку знаходзіліся вёскі з вельмі цікавымі назвамі Цыцкавічы (зараз Рассветнае), Галавачы, Балвань (Загорнае), Чарапы (Лецешыны). У апошняй месціўся панскі двор. Зараз пра яго нагадваюць дубы, што засталіся ад пана Чарноцкага. Ён вельмі хваліў працаўнікоў з Дзягцяных за іх стараннасць. Хацеў, каб вёска адышла да Польшчы. Аднак жыхары не згадзіліся. Тады пан загадаў спаліць вёску. Яго слугі кідалі павелічальнае шкло на сялянскія дахі, якія былі зроблены з саломы. Пад гарачымі прамянямі сонца яна вельмі хутка загаралася.

Асабістае

Калі крыху ад’ехаць ад Дзягцяных, трапляеш на той, некалі польскі, бок. Уздоўж дарогі віднеюцца тыя самыя могілкі, дзе і сёння мясцовыя жыхары знаходзяць апошні прытулак. За дарожным знакам «Клецкі раён» з левага боку растуць дубы, якія саджаў пан Чарноцкі ці яго парабкі. Вось, мабыць, і ўсё, што зараз нагадвае пра тыя неспакойныя часы. Ды вяскоўцы адзін аднаму перадаюць і захоўваюць ўспаміны.

Клецкі і Капыльскі раён зараз сябруюць, суседнічаюць. Мяжы няма. Няма ні паноў, ні парабкаў. Усе мы – беларусы, адзіны народ. І міжволі ўспамінаюцца словы з гімна нашай краіны:

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Фота аўтара, з архіва Марыі Біч і з «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», 4 том

Р.S. Мова і стыль герояў артыкула захаваны.

 


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/42984-zhizn-na-granitse-kak-derevnya-degtyanye-vstretila-sentyabr-1939-goda#sigProId33d51acc95
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей