Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Голос сожженных деревень: шлях Алеся Адамовича от Копыльщины до мирового экрана

02.08.2026

Афіцыйная дата нараджэння пісьменніка-гуманіста Алеся Адамовіча 3 верасня 1927 года. Аднак гэта лічба ў пашпарце была памылковай. Сапраўдны дзень нараджэння Алеся Міхайлавіча – 3 жніўня 1926-га. Блытаніна здарылася падчас вайны: каб выратаваць сына ад угону ў Германію, маці змяніла ў дакументах узрост хлопца.

 

Літаратар нарадзіўся ў вёсцы Канюхі. Пры гэтым сам ён называў радзіму «самым таямнічым, легендарным месцам» сваёй біяграфіі, прызнаючыся: «…я нічога з канюхоўскага жыцця не памятаю…»

Свядомае дзяцінства аўтар правёў у вёсцы Глуша Бабруйскага раёна, куды пераехалі бацькі. Менавіта там прайшло юнацтва, менавіта там сёння знаходзіцца яго магіла. У Глушы маленькі Алесь упарта перачытваў тамы «Вайны і міру» Льва Талстога, спрабуючы зразумець логіку гісторыі. Яго маці, Ганна Мітрафанаўна, ужо з верасня 1941 года стала актыўнай удзельніцай мясцовага партызанскага падполля, паказаўшы сыну прыклад мужнасці.

У пятнаццаць гадоў будучы класік сам стаў барацьбітом – уступіў у партызанскі атрад. Вайна вызначыла ўсё яго далейшае жыццё. Доўгі час творца займаўся цяжкай працай: даследваннем і запісам успамінаў пра Вялікую Айчынную вайну. Ён ездзіў па спаленых вёсках з магнітафонам, бо быў упэўнены: «Усю праўду пра вайну ведае толькі народ». Свой унікальны метад ён называў «магнітафонным». Плёнам гэтай працы сталі «Хатынская аповесць» і сумесная з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам дылогія «Партызаны».

Голас Адамовіча загучаў на ўвесь свет пасля выхаду фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі», сцэнарый да якога пісьменнік ствараў разам з рэжысёрам. Стужка, заснаваная на сведчаннях тых, хто выжыў ад жудасных здзекаў, увайшла ў скарбонку найлепшых антываенных карцін чалавецтва.

У канцы 1980-х гадоў ён стаў адным з першых у літаратуры, хто пачаў распрацоўваць тэму наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, папярэджваючы аб новай атамнай трагедыі.

Алесь Адамовіч – доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. Але галоўнае – ён той, хто навучыў нас слухаць маўчанне спаленых хат.

Памяць пісьменніка шануюць на Капыльшчыне. У 2020 годзе прыпынак непадалёку ад Канюхоў, які знаходзіцца на трасе Капыль – Грэск, ператварыўся ў сімвалічны арт-аб’ект: выява пісьменніка на бела-блакітным фоне, стылізаваны лес, карта з пазначанымі на ёй літаратурнымі мясцінамі і прысвечаныя вёсцы адамовіцкія словы… Пад літарай «А» захоўваецца інфармацыя пра Алеся Адамовіча і на Алеі пісьменнікаў у Капылі.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства асоба пісьменніка ўвекавечана ў мурале на шматкватэрным доме па вул. Партызанскай, 1 райцэнтра.

 


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей