Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Строки, ставшие девизом: к 115-летию белорусского поэта Анатоля Астрейко

01.08.2026

Сто пятнаццаць гадоў таму, 24 ліпеня 1911 года, у вёсцы Пясочнае нарадзіўся чалавек, чые радкі назаўжды ўпляліся ў культуру Беларусі. Анатоль Астрэйка – паэт, імя якога сёння з гонарам носіць Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка, асоба шматгранная і аптымістычная.

 

Песні на яго вершы ўвайшлі ў фонд беларускай музычнай культуры, а дзіцячыя творы – неад’емная частка вучнёўскіх хрэстаматый.

Яго радзіма на літаратурнай карце Беларусі – месца ўнікальнае. Тут нарадзіліся адразу два знакамітыя паэты-песеннікі: за сем гадоў да Астрэйкі з’явіўся на свет Адам Русак, аўтар бессмяротных радкоў «Бывайце здаровы, жывіце багата». Самі жыхары Пясочнага багата ніколі не жылі. Будучы паэт у дзяцінстве прайшоў поўны курс нялёгкай сельскай работы, уключаючы няхітры рамонт абутку. Пры хрышчэнні яму далі імя Акім, але ён усё жыццё заставаўся для сям’і Толем. Савецкая ўлада адкрыла ў Пясочным новую школу, дзе беларускую мову выкладаў родны дзядзька хлопчыка Іван Шаблюк, які гадзінамі чытаў на памяць Коласа і Купалу. Творчасць класікаў не магла не паўплываць на будучага паэта.

Вялікая Айчынная вайна застала літаратара ўжо са сваім бачаннем свету. Астрэйка стаў адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», двойчы дэсантаваўся на акупіраваную тэрыторыю.

У партызанскай брыгадзе імя Чкалава ён стварыў адзін з самых дзіўных артэфактаў ваеннай пары – зборнік «Слуцкі пояс».

Кніга была надрукавана ў лясной глушы ў 1943 годзе на кепскай паперы, захопленай у немцаў. Шрыфты здабылі падчас смелай атакі на друкарню ў Слуцку, фарбу зварылі з ваксы і сажы, а пераплёт скруцілі з меднага дроту. Тысяча асобнікаў разышлася па атрадах, але партызаны бераглі іх як зрэнку вока – вершы былі патрэбны ім больш за хлеб.

Аднак галоўным творам, што ўвекавечыў імя паэта, стаў верш пра Нёман. Неўзабаве пасля вайны гэтыя радкі леглі на музыку выдатнага беларускага кампазітара Нестара Сакалоўскага (1902–1950), аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Вядомы беларускі літаратуразнаўца, краязнаўца Алесь Марціновіч пісаў: «Ён (Анатоль Астрэйка) любіў Капыльшчыну, услаўляў яе сваім яркім паэтычным словам, часта ўспрымаў у яе гістарычным разуменні – Случчына. Невыпадкова і томік выбраных твораў у «Бібліятэцы беларускай паэзіі» назваў «Зямная Случчына». Хоць сёння гэта і два розных раёны, у іх гісторыі шмат агульнага. А яшчэ рэдка які куток Бацькаўшчыны такі багаты на таленты. Як жа не любіць зямлю, якая, калі задумацца, у пэўным сэнсе з’яўляецца і люстэркам усёй Беларусі. Зразумела, што Капыльшчына – Случчына толькі частка яе, пачатак якой для Анатоля Астрэйкі ў Пясочным. Прызнанні ў любові да яе часта гучаць у споведзі яго лірычнага героя. У многіх вершах ён не нейкі абагульнены вобраз. Сам паэт раскрываецца сваёй разнасцежанай душой, людзям і свету адкрытай. Хоць у яго творах усё сказана проста, але гэта тая класічная прастата (ні ў якім разе не спрошчанасць), пазбаўляючыся ад якой, сучасная беларуская паэзія нярэдка губляе сваю арыгінальнасць і шчырасць».

Асаблівую ўвагу звяртае на сябе верш Анатоля Астрэйкі «Капылю», які быў напісаны ў 1945 годзе. У гэтым творы паэт выказвае сваю любоў да малой радзімы і пералічыў іншых знакамітых землякоў. Радкі «Я шчыра ганаруся тым, што родам сам з-пад Капыля…» сталі своеасаблівым дэвізам для землякоў. Пясняр не забываў свае карані. У вершы ён успамінае курганы, руіны пасля вайны і паклон магілам дарагіх людзей, завяршаючы твор прызнаннем у любові да зямлі, якая яго ўзгадавала.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей