Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Как на Копыльщине сноп вязали да караваем " Зажинки" встречали

11.07.2026

«Зажынкі» на Капыльшчыне працягваліся самай кранальнай часткай праграмы, калі старажытныя звычаі ажываюць на вачах у гасцей. Самая паэтычная частка свята – абрад зажынання першага снапа. На поле выйшлі жнеі: Вольга Радкевіч, Марына Бурак, Марына Рудзеня і Лілія Шчэтко. З сярпамі ў руках яны нагадалі ўсім пра спрадвечны звычай:

– Сам Бог жыта зажаў і нам наказаў! – прамовіла галоўная жняя Вольга Радкевіч, а іншыя падхапілі: – Дай, Божа, многа збожжа!

Жнейкі зажалі першы сноп – сімвал будучага багацця. Па традыцыі яго паднеслі гаспадарам. Але самы кранальны момант наступіў, калі яны абвязалі кіраўнікоў паясамі-абярэгамі са свежых каласоў. Пояс як замкнёнае кола – знак абароны і яднання з зямлёй. Пад ручніком, які трымалі дзяўчаты, Сяргей Пілішчык, Аляксандр Турбан і Юрый Крыкала сталі галоўнымі героямі старажытнага рытуалу. Ім уручылі снапы і лялькі-«Зернавушкі».

– Гэтая лялька заклікае дастатак у кожную хату, – патлумачылі жнеі. – З яе зярняткі першымі пойдуць у раллю на будучы год.

Не забыліся і пра тых, хто будзе за рулём камбайнаў. Кожны механізатар атрымаў зажыначны сноп. Адразу пасля гэтага пачалося частаванне: прадстаўнікі гаспадарак вынеслі караваі, спечаныя з мукі мінулагодняга ўраджаю. Святочную атмасферу падтрымлівалі музычныя падарункі. Для гасцей выступіў народны ансамбль народнай песні «Спадчына» з кампазіцыяй «Запаветны бераг», а народны ансамбль народнай музыкі «Капыляне» зачараваў усіх інструментальнай кампазіцыяй «Карнэліўс». Свае песні дарылі таксама Таццяна Шастакова («Беларусы – людзі міру») і вакальная група «Сяляначка» з Ляшнянскага клуба-бібліятэкі з кампазіцыяй «Дабро».


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/42407-kak-na-kopylshchine-snop-vyazali-da-karavaem-zazhinki-vstrechali#sigProIdaf2e55706e
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей